RU BE

Багдановіч Адам Ягоравіч

Багдановіч Адам Ягоравіч - беларускі гісторык, мемуарыст, фалькларыст, этнограф

20 сакавіка 1862г - 16 красавіка 1940г

Мінская вобласць, Крупскі раён, Халопенічы

Гісторык, Мемуарыст, Фалькларыст, Этнограф

Руск. Богданович Адам Егорович

Беларускі этнограф, фалькларыст, мемуарыст, гісторык, мовазнавец.

Сям’я

Нарадзіўся ў Халопенічах у сям’і Юрыя (Ягора) Лук’янавіча Багдановіча і яго жонкі Анэлі, народжанай Асьмак. У маленстве насіў імя Адольф (Адоль, Адолік). Імя Адам ён атрымаў у 16 год, пры аднаўленні дакументаў, бо імя Адольф кансісторыя палічыла непадыходзячым для праваслаўнага хлопчыка. Значны ўдзел у яго выхаванні брала бабка па матычнай лініі, Рузаля Асьмак — варажбітка і таленавітая казачніца, ад якой Багдановіч завучыў многія народныя казкі і на якую пазней часта спасылаўся як на крыніцу сваіх ведаў аб народных павер’ях.

У 1888 годзе настаўнік 1-га гарадскога вучылішча Мінска Адам Ягоравіч Багдановіч ажаніўся з Марыяй Апанасаўнай Мякотай (1869—1896). Яны былі матэрыяльна забяспечаны: Адам зарабляў да 1500 рублёў у год пры гатовай кватэры з ацяпленнем і асвятленнем, якая размяшчалася на Траецкай гары на вуліцы Аляксандраўскай у доме Карказовіча, што ў двары, у другім паверсе, у той час у ім змяшчалася 1-е прыходскае вучылішча і настаўніцкія кватэры, пазней гэта быў дом 25 (цяпер тут ўчастак вуліцы М. Багдановіча насупраць сквера каля Тэатра оперы і балета.

6 (18) сакавіка 1890 у сям’і нарадзіўся першынец — Вадзім, а 27 лістапада (9 снежня) 1891 другі сын — Максім.

З 1892 года А. Багдановіч служыў у Гродзенскім аддзяленні Сялянскага пазямельнага банка. Быў карэспандэнтам вядомага фалькларыста Паўла Шэйна. Некаторы час кіраваў публічнай бібліятэкай.

У Гродне сям’я жыла на ўскраіне горада, на Садовай. Тут 14 (26) лістапада 1894 нарадзіўся трэці сын — Леў, а ў маі 1896 года — дачка Ніна. Неўзабаве пасля родаў дачкі хвароба Марыі Апанасаўны ўзмацнілася і хутка сухоты сталі прычынай яе смерці.

Пасля смерці жонкі Адам Ягоравіч пажыў у Гродна літаральна некалькі тыдняў. У лістападзе 1896 ён быў пераведзены па службе ў Ніжні Ноўгарад. Маці дзецям замяніла цётка па бацьку Марыя Ягораўна Багдановіч, але самая малодшая дачка Ніна не дажыла і да году.

У Ніжнім Ноўгарадзе ў А. Багдановіча завязаліся сяброўскія адносіны з М. Горкім, з якім яны неўзабаве парадніліся, ажаніўшыся на сёстрах — Кацярыне (Горкі) і Аляксандры (Багдановіч) Волжыных.

А. Багдановіч узяў шлюб з Аляксандрай у пачатку 1899 году, у канцы таго ж году яна памёрла ад родаў, пакінуўшы яшчэ аднаго сірату — сына Аляксандра, які рос у сям’і М. Горкага і памёр у Крыме ад дызентырыі ў чатырохгадовым узросце.

У 1908 годзе сям’я пераязжае ў Яраслаўль.

Трэцяй жонкай (больш дакладна — яны проста сталі жыць разам) Адама Багдановіча стала сястра яго першай жонкі Аляксандра Апанасаўна Мякота. У гэтым шлюбе нарадзілася яшчэ пяцёра сыноў — Павел, Аляксей, Вячаслаў, Мікалай, Раман.

Памёр у Яраслаўлі ў 1940 годзе

Працоўная дзейнасць

У 1882 скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Падчас вучобы там арганізаваў гурток самаразвіцця і самаадукацыі, пачаў збіраць фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы. У жніўні 1882 уступіў у «семінарскую» групу нарадавольцаў Мінска. На працягу 3 гадоў вёў прапагандысцкую работу ў вёсках Ігуменшчыны (цяпер Чэрвеньшчына).

У 1885—1891 загадчык 1-га гарадскога пачатковага вучылішча ў Мінску. З 1886 выступаў у перыядычным друку з артыкуламі па этнаграфічнай тэматыцы («Минские губернские ведомости», «Минский листок», «Гродненские губернские ведомости», «Виленский календарь», «Нижегородский листок» і інш.). Уваходзіў у кіраўніцтва мінскай арганізацыі «Народная воля». Пасля рэзкага пагаршэння здароўя адышоў ад рэвалюцыйнай дзейнасці.

У 1892 пераехаў у Гродна, дзе паступіў на службу ў мясцовае аддзяленне Сялянскага пазямельнага банка. Адначасова быў дырэктарам публічнай бібліятэкі. З 1896 жыў у Ніжнім Ноўгарадзе, з 1907 у Яраслаўлі. У 1920—1931 загадчык навуковай бібліятэкі Яраслаўскага дзяржаўнага музея. Адначасова выкладаў гісторыю культуры ў мастацкім, музычным і тэатральным тэхнікумах.

У 1932 арыштаваны ДПУ. Правёў у зняволенні 3 тыдні, вызвалены па хадайніцтве Кацярыны Пешкавай. Багдановіч быў сябрам М. Горкага і яго сям’і, вёў актыўную перапіску з дзеячамі беларускай і рускай культуры, напісаў успаміны пра М. Горкага, сына Максіма, Ф. Шаляпіна.

Рукапісы А. Багдановіча захоўваюцца ў Інстытуце літаратуры АН БССР.

Памяць

У Халопенічах, дзе нарадзіўся, жыў і настаўнічаў Адам Багдановіч, у 1998 годзе ўстаноўлены помнік (скульптар У. Лятун, архітэктары С. Малюк, Ю. Казакоў).

Найбольш важныя творы

  • Нарыс становішча жанчыны ў сялянскім асяродзьдзі беларускага краю, 1886
  • Про панщину: Рассказ из белорусской жизни времён крепостного права, 1894
  • Про женщину
  • Пережитки древнего миросозерцания у белорусов: Этнографический очерк, 1895
  • Национальный склад белорусского народа
  • Язык земли: Этнологический очерк
  • Страницы из жизни Максима Горького
  • Богданович, А. Е. Материалы к биографии Максима Адамовича Богдановича / А. Е. Богданович. — Минск : Наука и техника, 1965. — 29 с.
  • Мои воспоминания
Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter
© «Нашы людзі», 2021-2024
Паведаміць пра памылку
Паведамленне адпраўлена!
Адбылася памылка :(