RU BE

Агуновіч Эдуард Канстанцінавіч

Агуновіч Эдуард Канстанцінавіч - беларускі графік, мастак

16 снежня 1938г - 23 верасня 2020г

Гомельская вобласць, Рэчыцкі раён, Рэчыца

Графік, Мастак

Руск. Агунович Эдуард Константинович

Беларускі мастак.

Біяграфія

Скончыў у 1959 годзе Віцебскае мастацка-графічнае педагагічнае вучылішча, у 1966 годзе — Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут з дыпломам выдатніка. Вучыўся ў В. Дзежыца, А. Мазалёва, А. Кашкурэвіча, У. Сухаверхава.

Член Беларускага саюза мастакоў з 1971 года. Жыў у Мінску.

У мастацкіх выстаўках удзельнічаў з 1966 г. Творы экспанаваліся на шматлікіх выстаўках у Беларусі, Канадзе, ЗША, Чэхаславакіі, Аўстраліі, Нямеччыне.

Творчасць

Працаваў у галіне кніжнай і станковай графіцы, жывапісу, займаўся распрацоўкай экспазіцый музеяў i выставак, мастацкім афармленні спектакляў.

Асноўныя творы: ілюстрацыі да кніг «Тарас на Парнасе» (1967, афорт, дыплом на Усесаюзным конкурсе, прысвечаным 50-годдзю Кастрычніцкай рэвалюцыі), «Сымон-музыка» (1968) і «Новая зямля» (1967) Я. Коласа, «Глыбокая плынь» (1967) i «Трывожнае шчасце» (1973) І. Шамякіна, «Прыгоды дзеда Міхеда» (1969) Анатоля Астрэйкі, падручніка для 2-га класа па беларускай мове; графічныя серыі, прысвечаныя М. Багдановічу, «Адвечнае».

Аўтар экспазіцыі ў Доме-музеі 1-га з’езда РСДРП у Мінску (1966 і 1980), мемарыяльнага музея Ф. Э. Дзяржынскага ў г. п. Івянец (1968), музея савецка-польскай баявой садружнасці ў в. Леніна Горацкага раёна (1968), філіяла Дзяржаўнага музея БССР у Заслаўі (1971), Літаратурным музеі М. Багдановіча і яго філіала па вул. Талстога ў Мінску (Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь, 1993), Літаратурна-мемарыяльным музеі Я. Коласа, Літаратурным музеі Я. Купалы ў Мінску (1976) і яго філіялаў у в. Вязынка Маладзечанскага раёна (1972) і в. Харужанцы, Ушацкім музеі народнай славы (Віцебская вобласць); экспазіцыя павільёна Беларусі на Лейпцыгскім кірмашы (1980; залаты медаль), Левантыйскім кірмашы (залаты медаль), кірмашы ў Нью-Дэлі (1976); інтэр’ер Беларускага пасольства ў Вільнюсе; помнік-капліца Ефрасінні Полацкай (1995), помнікі М. Доўнар-Запольскаму і 100-мільённай тоне беларускай нафты (усе ў г. Рэчыца).

Аўтар афармлення спектакля «Напісанае застаецца» А. Петрашкевіча ў Беларускім тэатры імя Я. Купалы (1979), станковых прац: серыі «Дзяцінства» (1977, літаграфія), «Маці» (1979, афорт). Аўтар знака-лагатыпа Першага з’езда беларусаў свету «Еўфрасіння Полацкая збірае пад свой крыж беларусаў свету» (1993).

Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, фондах БСМ, Музеі славянскай бібліятэкі ў Празе, музеі «Графіка модэрн» у Берліне.

Прэміі і ўзнагароды

  • Ганаровая грамата Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (2018)
  • Грамата Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі (2018)
  • Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры (1992) — за архітэктурна-мастацкае рашэнне экспазіцый Літаратурнага музея Максіма Багдановіча ў Мінску і Музея партызанскай славы ў г.п. Ушачы Віцебскай вобласці.
  • Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1977)
Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter
© «Нашы людзі», 2021-2024
Паведаміць пра памылку
Паведамленне адпраўлена!
Адбылася памылка :(