RU BE

Пашкевіч Алаіза Сцяпанаўна

Пашкевіч Алаіза Сцяпанаўна - беларускі акцёр, пісьменнік, паэт, празаік

3 ліпеня 1876г - 5 лютага 1916г

Гродзенская вобласць, Шчучынскі раён, Стары Двор

Акцёр, Пісьменнік, Паэт, Празаік

Руск. Пашкевич Алоиза Степановна(Цётка, Тётка)

Беларуская паэтка, грамадская дзеячка, публіцыстка. Псеўданімы: Цётка, Мацей Крапіўка, Крапіўка, М. Крапівіха, Крапівіха, Гаўрыла з Полацка, Гаўрыла, Тымчасовы, Банадысь Асака і інш.

Біяграфія

Нарадзілася ў шматдзетнай шляхецкай сям’і. Бацька валодаў гаспадаркай у 100 га, а таксама меў «пустошу» Пяшчыну (200 га), якую аддаваў у арэнду сялянам. Мела двух братоў: Вацлаў і Язэп (памёр у 1915 г. на фронце) — афіцэры 170-га Маладзечанскага пяхотнага палка; сясцёр: Стэфанія, Караліна і Софія.

Ранняе дзяцінства прайшло пад апекай бабулі Югасі ў фальварку Тарэсін і ў маёнтку Стары Двор. Авалодвала ведамі спачатку дома, з дапамогай «дарэктараў», пакуль у 1884 годзе не паступіла адразу ў 4-ы клас Віленскага прыватнага сямікласнага вучылішча Веры Міхайлаўны Прозаравай. Плата за навуку была вельмі высокая — 100 руб. на год, таму за вельмі старанную і добрую вучобу Алаізе прызначылі стыпендыю. У 1901 годзе, пасля заканчэння гімназіі, нейкі час працавала ў вёсцы хатняй настаўніцай.

З 1902 года ў Санкт-Пецярбургу. Тут Алаіза Пашкевіч пасялілася ў незнаёмай дагэтуль асобы — Сабіны Ячыноўскай, нявесты ўраджэнца маёнтка Лябёдка Вацлава Іваноўскага. Алаіза скончыла ў Пецярбургу гімназію Александроўскай і разам з Сабінай у 1902—1904 гг. вучылася на вышэйшых адукацыйных курсах П. Лесгафта. Атрыманыя веды па медыцыне, гігіене, педагогіцы, батаніцы пасля паспяхова выкарыстоўваліся ёю ў жыцці. Падчас яе вучобы ў Санкт-Пецярбургу аформіўся і дзейнічаў гурток студэнтаў-беларусаў «Круг беларускай народнай прасветы», А. Пашкевіч была адной з яго ўдзельнікаў. Асяроддзе гэтага гуртка шмат у чым вызначыла яе грамадзянскую пазіцыю — актыўная барацьба з царызмам, сацыяльнае вызваленне працоўных, нацыянальнае вызваленне беларусаў.

Тады ж пачалася і літаратурная творчасць А. Пашкевіч. Ужо ў 1903 годзе ў Пецярбургу выйшла пад выглядам фальклорнага зборніка кніжка «Песні», тут побач з творамі Ф. Багушэвіча, змешчаны яе верш «Мужыцкая доля» (пад псеўданімам Банадысь Асака). У гэты ж час гектаграфічным спосабам былі выдадзены дзве падпольныя брашуры — «Калядная пісанка на 1904 год» (пісаная ад рукі лацінскімі літарамі, 1903 г.) і «Велікодная пісанка» (друкаваная на машынцы кірыліцай, 1904 г.). У абодва выданні ўвайшлі і вершы Цёткі: у першае — тая ж «Мужыцкая доля» і «Мужык не змяніўся» (пад псеўданімам Гаўрыла з Полацка), у другое — «Нямаш, але будзе» і «Музыкант беларускі» (пад псеўданімам Гаўрыла). Творы паэтэсы займалі амаль палову гэтых невялічкіх выданняў, выяўляючы тым самым і яе ўдзел у нелегальнай выдавецкай дзейнасці «Круга беларускага», і яе значную працаздольнасць як літаратара.

Курсаў П. Лесгафта А. Пашкевіч не скончыла, але здала экстэрнам экзамен за поўны курс пецярбургскай Аляксандраўскай жаночай гімназіі.

У 1904 годзе А. Пашкевіч пераехала ў Вільню, дзе працавала фельчаркай у Нова-Віленскай бальніцы. Распачала актыўную прапагандысцкую работу. У 1904—05 — дзеячка Беларускай сацыялістычнай грамады. Арганізоўвала рэвалюцыйныя рабочыя гурткі, пісала вершы, якія распаўсюджваліся як рэвалюцыйныя пракламацыі, выступала з прамовамі па-беларуску на мітынгах і сходах. У 1905 годзе была дэлегаткай ад віленскіх работніц на з’ездзе жанчын у Маскве, актыўна ўдзельнічала ў рэвалюцыйных маніфестацыях у Вільні, у падзямеллі бальніцы трымала шапірограф.

Каб пазбегнуць судовай адказнасці ў канцы 1905 года эмігрыравала ў Галіцыю (тады Аўстра-Венгрыя). Жыла ў Львове, паступае вольнаю слухачкай на філасофскі факультэт Львоўскага ўніверсітэта. З 1907 да 1911 гг. праходзіла вучобу на гістарычна-філалагічным факультэце Львоўскага ўніверсітэта. На жыццё зарабляла працай масажысткі.

У Львове ў 1906 годзе надрукавала перакладзеную ёй з украінскай мовы на беларускую (пад псеўданімам Тымчасовы) дзіцячую чытанку «Гасцінец для малых дзяцей». Кансультавала ўкраінцаў, якія пісалі пра Беларусь і беларускую літаратуру (І. Свянціцкага, І. Крып’якевіча і інш.), знаёміла іх з новымі творамі беларускіх пісьменнікаў. У Жоўкве (каля Львова) у базыльянскай манастырскай друкарні выдала ў 1906 годзе два зборнікі вершаў — «Скрыпка беларуская» (пад псеўданімам Гаўрыла з Полацка) і «Хрэст на свабоду» (пад псеўданімам Гаўрыла). Абодва зборнікі невялікія: у першы ўвайшлі 12 вершаў, у другі — 9, напісаныя, за рэдкім выключэннем, у 1905—1906 гадах. Гэта абумовіла іх вядучы рэвалюцыйна-гераічны, патрыятычна-аптымістычны пафас, які не «ахалоджваюць» тры творы, напісаныя яшчэ ў адносна спакойныя 1902—1903 гады («Лета», «Восень», «Мужык не змяніўся»).

Пад чужым пашпартам наведвае Расійскую імперыю, нелегальна прыязджала на радзіму, прымала ўдзел у выпуску першай беларускай газеты «Наша доля», дзе было надрукана яе апавяданне «Прысяга над крывавымі разорамі». Пісала розныя творы, дасылала іх у «Нашу ніву», іншыя беларускія выданні. Матэрыяльная незабяспечанасць, напружаная творчая праца абвастраюць хваробу лёгкіх (сухоты). Праз хваробу выязджала ў Закапанэ.

У 1908—1909 А. Пашкевіч жыла ў Кракаве, вучылася на гуманітарным аддзяленні ў Ягелонскім універсітэце. Была членам рэвалюцыйнай арганізацыі моладзі ўніверсітэта «Спуйня» («Згуртаванасць»).

Пад уплывам І. Сольскай зацікавілася тэатрам, і пэўны час наведвала драматычную студыю Сольскай. Займаецца вывучэннем беларускага тэатра і фальклору. Дзеля атрымання навуковай ступені выканала працу «Батлейкі на Беларусі і іх сувязь з польскай драматычнай літаратурай». Аўтарка брашуры «Праграма для збірання матэрыялаў аб батлейках Беларусі» (Вільня, 1910).

У 1911 годзе намаганнямі Алаізы Пашкевіч і Уладзіславы Станкевіч (будучая жонка Янкі Купалы) былі створаны некалькі нелегальных беларускіх школ у Лідскім павеце і Нова-Вільні.

У лютым 1912 года Алаіза Пашкевіч выходзіць замуж за літоўскага інжынера Сцяпонаса Кайрыса. Прозвішча мужа дазволіла ёй зноў вярнуцца ў Вільню. Яна ўдзельнічала ўва ўсіх значных мерапрыемствах культурна-асветніцкага характару, нават іграла ў некаторых спектаклях трупы Ігната Буйніцкага, друкавалася ў беларускіх выданнях. Калі ў 1914 годзе ў Мінску стварыўся першы дзіцячы беларускамоўны часопіс «Лучынка» — усклала на сябе абавязкі яго галоўнага рэдактара. Пакладала шмат натугаў, каб арганізаваць і падрыхтаваць трупу беларускіх артыстаў-аматараў для гастроляў па мястэчках Віленшчыны. Каб паправіць здароўе, на некаторы час зноў выязджае ў Фінляндыю і Швецыю.

Ва ўмовах Першай сусветнай вайны з вясны да восені 1915 года А. Пашкевіч як сястра міласэрнасці даглядае хворых у тыфозным бараку Віленскага ваеннага шпіталя. Яна таксама прыкладае шмат намаганняў для арганізацыі беларускіх школ і настаўніцкіх курсаў у Вільні, дапамагае ў стварэнні прытулкаў. Была сярод выкладчыкаў на першых Віленскіх беларускіх настаўніцкіх курсах (1915). Першая беларуская школа была адкрыта ў Вільні на Юр’еўскай вуліцы 13 лістапада 1915 года дзякуючы намаганням Алаізы Пашкевіч (Цёткі) і Баляслава Пачобкі, з удзелам Сабіны Іваноўскай.

У 1916 г. памёр бацька, і Алаіза паехала на яго пахаванне. У Лідскім павеце лютавала эпідэмія тыфу. А. Пашкевіч засталася, каб дапамагчы хворым, але сама заразілася. Аслаблены сухотамі і голадам арганізм не адолеў хваробы. Памерла ў ноч на 5 лютага 1916 года.

Пахаваная на могілках у родным Старым Двары.

Творчасць

Пісаць пачала ў 1902 годзе пад уплывам Францішка Багушэвіча. Менавіта яна ажыццявіла не ажыццёўленае аўтарам «Дудкі беларускай»: выдала зборнік вершаў пад назвай «Скрыпка беларуская» (1906). У прадмове да зборніка яна пісала:

Дзякуй табе, Мацей Бурачок! Чэсць і слава тваему слову! А ты, «Дудка», грай і мне голас дай».

У творчасці Алаізы Пашкевіч яскрава выявіліся асаблівасці фарміравання нацыянальных моўна-стылістычных сродкаў рамантычнай паэзіі, псіхалагічнай прозы, публіцыстычных артыкулаў і нарысаў. Яе творчасць — і адбітак рамантычнага бачання свету, і выява драматычнага лёсу «жанчыны з бунтарскай душой» — паэткі, рэвалюцыянеркі, міласэрнай сястры, настаўніцы і акторкі.

Пяру Цёткі належаць кніжкі і падручнікі для дзяцей «Гасцінец для малых дзяцей», «Першае чытанне для дзетак беларусаў», некаторыя даследчыкі (Я. Колас, П. Мядзёлка, Л. Арабей) лічылі яе аўтарам першага «Беларускага лемантара». Пісала публіцыстычныя артыкулы і нарысы, даследаванні па гісторыі беларускага тэатра.

Мастацкая, публіцыстычная, эпісталярная спадчына Цёткі — вялікі набытак нацыянальнай культуры. Мова яе твораў багатая на самабытныя, індывідуальна-аўтарскія ўтварэнні і арыгінальнае скарыстанне іх у кантэксце, на разнастайныя эмацыянальна-экспрэсіўныя адценні, што складае непаўторнасць творчай манеры пісьненніцы. Яе творчасць адлюстроўвае асноўныя працэсы ўзбагачэння вобразна-выяўленчай сістэмы мастацкага твора, сведчыць пра жанрава-стылявую дыферэнцыяцыю і нармалізацыю беларускай літаратурнай мовы ў перыяд яе станаўлення.

Паэзія

У «Каляднай пісанцы на 1904 год» і «Велікоднай пісанцы» (абедзьве 1904) паэтэса надрукавала вершы «Мужыцкая доля», «Мужык не змяніўся», «Нямаш, але будзе», «Музыкант беларускі», прасякнутыя спачуваннем цяжкай долі селяніна.

Вершы А. Пашкевіч (Цёткі) «Лета» і «Восень» апублікаваныя ў зборніку «Скрыпка беларуская» (1906). У іх па-майстэрску перададзены асобныя моманты сялянскай працы, апісваюцца летнія ігрышчы і восеньскі кірмаш. У цэлым зборнік увасабляе адраджэнскую плынь у творчасці Цёткі.

Амаль адначасова з ім быў надрукаваны яе другі паэтычны зборнік — «Хрэст на свабоду» (1906), які прадстаўляе рэвалюцыйна-змагарскі напрамак яе творчасці. Уключаныя ў яго вершы «Хрэст на свабоду», «Мора», «Пад штандарам» — сапраўдныя шэдэўры рэвалюцыйна-агітацыйнай паэзіі. Упершыню яны былі раздрукаваны тысячамі экзэмпляраў і распаўсюджваліся сярод паднятых на рэвалюцыйнае змаганне ў 1906.

З дапамогай рамантычна-сімвалічнай тропікі, «вясёлых» харэічных памераў, бадзёрага рытма-інтанацыйнага ладу паэтэса выяўляе настрой рэвалюцыйнай рамантыкі. Як, у прыватнасці, у вершы «Вера беларуса» (1905):

Веру, братцы: людзьмі станем,
Хутка скончым мы свой сон,
На свет божы шырэй глянем,
Век напіша нам закон.

Верш заканчваецца адкрытым заклікам да актыўнага рэвалюцыйнага дзеяння: «Рука цвёрда, грудзь акута, Пара, братцы, парваць пута!»

Саму ж рэвалюцыю 1905 года Цётка паказвае ў алегарычным вобразе бурнага мора:

Мора вуглем цяпер стала,
Мора з дна цяпер гарыць,
Мора скалы пазрывала,
Мора хоча горы змыць.

Каб чытачы ці слухачы адназначна ўспрымалі змястоўную сутнасць твора, паэтэса раскрывае сэнс алегорыі ў падзагалоўку: «Мора (Рэвалюцыя народная)» (1905). Стварыць аратарскую інтанацыю гэтага верша (як, зрэшты, папярэдняга і многіх іншых) дапамагае не толькі рытміка (чатырохстопны харэй), але і фігуры паэтычнага сінтаксісу: паўторы (анафары, шматзлучнікавасць, шматпрыназоўнікавасць), градацыі, паралелізм, рытарычныя воклічы, пытанні і г. д.

У эміграцыі стварыла верш «Суседзям у няволі» (1906), звернуты да ўкраінцаў, якія ў той час таксама, як і беларусы, пакутавалі ад сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту, толькі ўжо ад іншага рэжыму — аўстра-венгерскага. У вершы пасля змрочнага малюнка тагачаснай беларускай рэчаіснасці, пададзенага з дапамогай яскравых мастацкіх дэталей («нагаек царскіх звон», «у нас там ноч», «мы ацямнелі з страшных мук» і г. д.), гучыць просьба-заклік да «суседзяў у няволі»:

Нас катуюць! Чуйце, людзі!
Чуйце, чуйце, руку дайце!
Мы вам родны! Праўду знайце:
Ці у долі, ці ў нядолі —
З вамі станем ў адным полі,
Рука ў руку з вашым братам
За свабоду перад катам.

Верш гэты з’явіўся асноўнай прычынай забароны ў Расіі не толькі зборніка Цёткі «Скрыпка беларуская», але і кнігі І. Свянціцкага «Адраджэнне беларускага пісьменства» (Львоў, 1908 г.), у якой ён быў таксама змешчаны.

Не толькі ўздым, але і ўтаймаванне рэвалюцыйнай хвалі выявіліся ў лірыцы Цёткі, пра што сведчыць верш «Мае думкі». Пачаты ён быў у 1905 годзе, закончаны — у 1906 годзе. Гэта выразна патрыятычны верш. Лірычны герой паэтэсы хацеў бы стаць то «зярном пшаніцы», то «рэчкай быстрай», то «ветрам буйным». І ўсё — дзеля людзей, каб іх накарміць, напаіць. Урэшце, каб разбудзіць іх, бо «ад цямноты людзі спяць». Заканчваецца верш даволі песімістычным прызнаннем «ветра»:

Я там біўся, я там віўся,
Я ім хаты паламаў,
А ўсё ж такі не дабіўся,
Каб народ свой голас даў!..

Асноўныя матывы паэзіі Цёткі — любоў да радзімы, да прыроды, самаахвярнае служэнне народу. Рэвалюцыйная палымянасць і тонкі лірызм, спалучэнне імпульснай лірыкі і пяшчотных вобразаў — характэрныя рысы яе лірыкі. Шырока карысталася народна-песеннай сімволікай (вобразы музыкі, скрыпкі, дудкі). Для твораў перыяду рэвалюцыі (1905-07) характэрны публіцыстычная завостранасць, рэвалюцыйны пафас, прамоўніцкія інтанацыі, метафарычнасць і алегорыя. Вершы «Мора», «Хрэст на свабоду», «Вера беларуса» і інш. сталі хрэстаматыйнымі. Упершыню ў беларускай паэзіі стварыла вобраз рабочага («Пад штандарам»).

Асобны перыяд у яе творчасці склалі вершы 1908-14 гадоў, дзе пераважалі матывы грамадскай журбы і смутку, тугі па радзіме, выявіліся засяроджанасць на долі адзінокага чалавека, зварот да фальклорных вобразаў («З чужыны», «Грайка», «На магіле», «На чужой старонцы», «Арлы-брацця, дайце скрыдлы», «Сірацінка», «Вясковым кабетам», «Гаданне» і інш.).

Проза

Цётка — адна з пачынальніц беларускай прозы.

Яе апавяданні прасякнуты гуманізмам, спачуваннем да чалавека працы, непрыняццем несправядлівасці («Зялёнка», «Асеннія лісты», «Лішняя» і інш.). Адлюстравала цяжкі вясковы побыт («Навагодні ліст»), гаротны лёс дзяцей, замучаных нечалавечымі ўмовамі жыцця ў капіталістычным грамадстве («Міхаська»). Апавяданне «Прысяга над крывавымі разорамі» таксама, як і яе вершы, друкавалася ў якасці пракламацыі.

Выступала як нарысіст («Успаміны з паездкі ў Фінлндыю», «3 дарогі»). Фальклорна-паэтычная стылістыка, а таксама індывідуальна-аўтарскае ўжыванне слова, выразу ў нарысе «3 дарогі» — тыя прыёмы, што ствараюць эмацыянальнасць, рамантычную ўзнёсласць, лірызм.

Цётка ставіць беларусам фінаў у прыклад — як народ, які «не мае ў натуры сваёй, каб карыстаць болей за тое, чым плаціць», але пры гэтым захаваў і адметнасць, і мову, і культуру. Літаратар Альгерд Бахарэвіч, які ўвогуле невысока ацэньвае паэзію Алаізы Пашеквіч, заўважае, што падарожныя нататкі з паездкі ў фінскую вёску Лотала паказваюць «зусім іншую Цётку, спакойную, удумлівую, назіральную»… Ён дапускае што, адна гэтая кароткая журналісцкая проза Цёткі мае большую мастацкую каштоўнасць за ўсе яе колішнія прапагандысцкія вершы.

Публіцыстыка

Публіцыстычная спадчына пісьменніцы выяўляе грамадзянскую пазіцыю аўтара, яе высокі дух і эмоцыі ў змаганні за нацыянальнае адраджэнне беларускага народа, будучыні Беларусі — маладых людзей. Звярталася да моладзі з заклікам шанаваць родную мову, рыхтаваць сябе да грамадскай работы:

На вас — моладзі — ляжыць вялікая павіннасць: развіваць далей родную мову, узбагачваць свой народ знаннем і культурай. Вы здабываеце навуку для сябе, дык дзяліцеся ёю з тымі, хто для вас цяжкай працай здабывае кусок хлеба. Толькі не кідайце роднай мовы: бо сапраўды для свайго народа тады вы ўмёрлі!

Выступленні пісьменніцы ў перыядычным друку 1914 г. («Да вясковай моладзі беларускай», «Шануйце роднае слова!», «Аб душы маладзёжы», «Папараць-кветка») — гэта ўсхваляванае слова да сваіх сучаснікаў і нашчадкаў — берагчы родную мову, захаваць яе як вечны скарб душы. Артыкул «Шануйце роднае слова!», які Сцяпан Александровіч назваў «палымяным гімнам беларускай мове, яе багаццю і сіле», пераклікаецца з «Пагоняй» М. Багдановіча, з «Ворагам беларушчыны» Я. Купалы, з «У чатырохлецце „Нашай нівы“» А. Гаруна. Выразнасці і эмацыянальнасці выказвання дасягае аўтарка ўмелым скарыстаннем агульнанароднай лексікі, семантычных адценняў слоў, іх эмацыянальна-ацэначнай афарбоўкі.

Навукова-папулярныя артыкулы

Асаблівасці станаўлення навуковага стылю выявіліся ў артыкулах і нарысах на навуковыя тэмы. Так, у навукова-папулярным артыкуле «Наша народная беларуская песня» пераважаюць лексіка-сінтаксічныя прыёмы, уласцівыя народнай гаворцы, фальклору, мастацкай літаратуры. Моўна-выяўленчыя сродкі, сінтаксічная арганізацыя артыкула «Да дзяўчатак» і нарыса «Гутаркі аб птушках» маюць характэрныя рысы народнай прозы. Спецыфіка фарміравання навуковай тэрміналогіі выяўляецца ў артыкуле «Да школьнай моладзі», у нарысах «Пералётныя птушкі», «Газа». Так, у артыкуле «Да школьнай моладзі» побач са спецыяльнай запазычанай лексікай (батаніка, гіграскапічны) Цётка ўжывае ў якасці спецыяльных батанічных найменняў словы жывой народнай мовы — стрымбульнык, каліва, зёлкі. У яе навуковых артыкулах — выразная тэндэнцыя да стылявой дыферэнцыяцыі беларускай мовы, хоць і надзвычай адчувальныя працэсы ўзаемапранікнення і ўзаемаўплыву.

Ушанаванне памяці

Вобраз Цёткі ўвасоблены ў літаратурных творах — вершах (у тым ліку Янкі Купалы), аповесцях і раманах («На струнах буры» і «Стану песняй» Л. Арабей, «Крыж міласэрнасці» В. Коўтун), у мастацкіх палотнах (Л. Шчамялёва, М. Купавы, І. Раманоўскага і інш.),

Помнікі А. Пашкевіч (Цётцы) пастаўлены ў г. Шчучын, г.п. Астрына, в. Шастакоўцы Шчучынскага раёна.

Бібліяграфія

  • Skrypka biełaruskaja / Ciotka (Aloiza s Paškiewičou Kiejrysowaja). — [18] л. — (Biełaruskaja knižnia; № 5).
  • Вершы / Цётка; Уклад. В. Хлебавец; прадм. А. Лойкі]. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1996. — 214 с.
  • Вершы і апавяданні / Алаіза Пашкевіч (Цётка); Прадм. С. Х. Александровіча. — Мн.: Сталія, 2003. — 104 с.
  • Выбраныя творы / Маст. Б. Малкін. — Мн.: Дзяржвыд БССР, Рэдакцыя мастацкай літаратуры, 1952. — 148 с., 1 л. партр.
  • Выбраныя творы / Цётка; [Уклад. і прадм. В. Коўтун; Камент. С. Александровіча і В. Коўтун]. — Мн.: Беларускі кнігазбор, 2001. — 333 с., [4] л. iл. — (Беларускі кнігазбор. Серыя 1. Мастацкая літаратура). — ISBN 985-6638-47-X.
  • Выбраныя творы / Цётка. — Мн.: Мастацкая літаратура, 2010. — 198 с. — (Школьная бібліятэка).
  • Избранное / Сост., пер., вступ. ст.и примеч. Р. М. Лубкивского. — Киів: Дніпро, 1976. — 136 с., 1 л. портр.
  • Избранное / Тётка; Пер. с белорус. П. А. Кошеля; Вступ. ст. О. А. Лойко. — Мн.: Юнацтва, 1987. — 222 с.
  • Избранное: стихотворения, рассказы, путевые очерки: перевод с белорусского / Тётка; [сост. и предисл. С. Александровича; худ. Л. Чернышев]. — М.: Художественная литература, 1976. — 221 с., 1 л. портр.
  • Избранное («Скрыпка беларуская»; «Хрэст на свабоду»; вершы, 1903—1915; апавяданні, артыкулы) / Тётка; Прадм. А. А. Лойка; перакл. з бел. П. Кашаля. — Мн.: Юнацтва, 1986. — 222 с.
  • Избранное / Тётка. — М.: Государственное издательство художественной литературы, 1953. — 112 с.
  • Першае чытанне для дзетак беларусаў / написала Цйотка. — Пецярбург: Загляне сонца і ў наша аконца, 1906. — 30 с. Перадрук: Мн.: Юнацтва, 1992. — 30 с. — ISBN 5-7880-0520-5.
  • Творы («Скрыпка беларуская»; «Хрэст на свабоду»; вершы, 1903—1915; апавяданні, нарысы; артыкулы; лісты) / Цётка; Уклад., прадм. і камент. С. Александровіча. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1976. — 302 с.
  • Творы Цёткі (Алаізы Пашкевіч) = The Works of Tiotka: Вершы, проза і рознае / Пад рэд. І. І. Замоціна, А. Кучара; [Адказ. рэд. В. Вольскі; Прадм. М. Пятровіча; БАН, Ін-т літаратуры і мастацтва. — Мн.: Выд-ва Беларускай акадэміі навук, 1934. — 92, [2] с.
  • Тётка (Алоиза Степановна Пашкевич) (1876—1916) // Антология педагогической мысли Белорусской ССР / Уклад. Э. К. Дарашэвіч і інш.; рэд.кал.: М. А. Лазарук адк.рэд. і інш. — М., 1986. С. 258—264.

Купіць кнігі

Цётка. Выбраныя творы
Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter
© «Нашы людзі», 2021-2024
Паведаміць пра памылку
Паведамленне адпраўлена!
Адбылася памылка :(