RU BE

Алена Масла

Алена Масла - беларускі пісьменнік, казачнік

14 красавіка 1967г

Віцебская вобласць, Мёрскі раён, Мілашова

Пісьменнік, Казачнік

Руск. Алена Масло

Беларуская пісьменніца-казачніца.

Біяграфія

Нарадзілася ў сям’і настаўнікаў-філолагаў. Друквацца пачала з 10 гадоў, дэбютавала ў часопісе «Бярозка», у якім выходзілі і шматлікія яе наступныя публікацыі. Таксама публікавалася ў газ. «Чырвоная змена». Школу закончыла з залатым медалём.

З 1984 па 1989 год навучалася на факультэце журналістыкі БДУ. Пасля навучання працавала фотакарэспандэнтам у газеце «Піянер Беларусі» («Раніца»), рэдактарам краязнаўчага аддзела ў газеце «Туризм и отдых», рэдактарам аддзела часопіса «Качели», галоўным рэдактарам газеты «Переходный возраст». У 2005 г. выйшла яе першая кніга.

З 2006 года — загадчыца рэдакцыі дзіцячай літаратуры выдавецтва «Мастацкая літаратура». Пазней узначальвала часопіс «Бярозка» (?-2011). З 2011 па 2014 год — у выдавецтве «Мастацкая літаратура».

З лістапада 2009 года з’яўлялася сябрам Саюза пісьменнікаў Беларусі, адкуль выйшла ў ліпені 2013 года.

Творчасць

Алена Масла піша казкі для дзяцей і падлеткаў. Друкавалася ў часопісах «Маладосць», «Дзеяслоў», «Вясёлка», газеце «Літаратура і мастацтва» і інш. З’яўляецца аўтарам кніг і шэрагу публікацый у перыёдыцы на тэму развіцця беларускай дзіцячай літаратуры.

у 2011 годзе распачала праект «Мілашоўска-Мілашаўскіх чытанняў» падчас 100-гадовага юбілею Нобелеўскага лаўрэата, паэта і перакладчыка Чэслава Мілаша. Праект прадугледжвае адметныя літаратурныя і гістарычныя мерапрыемствы, якія праводзяцца як на Міёршчыне, так і ў Віцебску, Мінску, Літве.

Удзельніца канферэнцыі славістаў у Швецыі, шведскай цырымоніі ўзнагароджання прэміяй Астрыд Ліндгрэн, «круглых сталоў» па праблемах дзіцячай літаратуры і кнігавыдання на Міжнародных кніжных кірмашах у Мінску, Львове, Вільнюсе, сябра журы літаратурных прэмій імя Янкі Маўра, імя Цёткі.

Творы Алены Масла перакладзены на украінскую, сербскую мовы.

Членства ў складзе журы ў літаратурных конкурсах

  • 2009 год — ў складзе журы літаратурнага конкурсу імя Янкі Маўра
  • 2013 год — ў складзе журы літаратурнага конкурсу імя Янкі Маўра
  • 2016 год — ў складзе журы літаратурна-мастацкай прэміі імя Цёткі
  • 2018 год — ў складзе журы літаратурна-мастацкай прэміі імя Цёткі

Узнагароды

  • Кнігі Алены Масла «Таямніца закінутай хаты» (2005 год) і «Вандроўка з божымі кароўкамі» (2007 год) паводле рэйтынгу газеты «Наша ніва» адзначаны сярод лепшых кніг года.
  • 2006 год — Дыплом чытацкіх сімпатый (па выніках запытаў у бібліятэках)
  • 2007 год — па выніках конкурсу водгукаў «Лепшая беларуская кніга» (Беларуская бібліятэчная асацыяцыя) пісьменніца адзначана Пасведчаннем чытацкіх сімпатый.
  • 2010 год — Лаўрэат літаратурнай прэміі «Залаты купідон» у намінацыі «Дзіцячая літаратура», за зборнік казак «Першая прыгажуня».
  • 2013 год — «Бібліязважанне» (па выніках запытаў у бібліятэках)
  • 2014 год, чэрвень — на конкурсе культурніцкіх ідэй кампаніі «Будзьма беларусамі!» стала адной з пераможцаў за свой праект «Мілашоўска-мілашаўскія чытанні». Сутнасцю прапанаванага праекта стала серыя літаратурна-відовішчных і адукацыйных мерапрыемстваў на Мёршчыне, з мэтай пошуку інвестараў для стварэння на базе Мілашоўскай школы літаратурнага музея і дзіцячай бібліятэкі.
  • 2015 год — п’еса Алены Масла «Каляды з хроснай» па выніках конкурсу драматургіі «Новая назва» (арганізатар — «Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача») была адзначана, як найцікавая сярод п’ес для дзяцей.
  • 2019 год — Лаўрэат Міжнароднай літаратурнай прэміі Біянкі у намінацыі «Казка», за кнігу «Балотныя прыгоды. Цікавінкі ад Бульбінкі і Журавінкі».

Бібліяграфія

Кнігі

  • «Рождество у крёстной» (бел.: «Каляды з хроснай») (2005, выд. «Речь»). Галоўныя героі кнігі — дзяўчынка Віка і яе любімая хросная — выдумшчыцы і добрыя душы — то фабрыку па вытворчасці сняжынак уладкоўваюць, то запрашаюць усіх ахвотнікаў скаціцца на горных лыжах прама з акна сваёй кватэры. А аднойчы разам з навакольнымі дзецьмі зляпілі снежнага каня, які, надзеўшы чароўны шалік, ператварыўся ў сапраўднага Пегаса. Навагоднія падарункі для дзяцей і сталых, так і сыплюцца з неба, спраўджваюцца ўсе патаемныя мары. Віка вучыцца быць чараўніцай, стварае цуды і робіць добрыя ўчынкі. Кніга перавыдана ў 2012 г. (выд. «Мастацкая літаратура»), у 2013 (выд. «Мастацкая літаратура»; на рус. мове), у Кіеве (2013, на ўкр. мове, накл. 6 тыс. экз.), у Санкт-Пецярбургу (2014, накл. 7 тыс. экз., выд. «Речь»). Агульный наклад склаў каля 20 тысяч.
  • «Таямніца закінутай хаты» (2005, выд. «Мастацкая літаратура»). Зборы аўтарскіх казак. Кніга ўключана у праграму пазашкольнага чытання для пяцікласнікаў.
  • «Вандроўка з божымі кароўкамі» (2006, выд. «Мастацкая літаратура») — хлопчык Данік, разам з божымі кароўкамі Ірыскай і Хлебным Мякішам, выпраўляецца ў незвычайную вандроўку. Наперадзе Даніка чакаюць сустрэчра з грозным чараўніком, знаёмства з прынцэсай Чысцюляй і жыхарамі Краіны Паветраных Замкаў, а таксама подзвігі, вартыя сапраўднага рыцара.
  • «Першая прыгажуня» (2010, выд. «Літаратура і Мастацтва») — гісторыя пра дзявочы турнір прыгажосці.
  • «Як пані Чаротная на госці ў Палангу бегала» (2010, выд. «Мастацкая літаратура») — Пані Чаротная (камышовая жабка, галоўная гераіня твора), распавядае ўнукам прыгоды часоў сваёй маладосці: як падарожнічала з роднага пруда ў Палангу, да цёткі і перажыла шэраг прыгодаў.
  • «Пацучок Фэлік падарожнічае» (2013, «Выдавецкі дом «Звязда»») — галоўны герой кнігі пацучок Фэлік адпраўляецца з дому ў дарогу. Пад час падарожжа знаёміцца з пацукамі Анфіскай і Ларыскай, а таксама каштуе сапраўднага жыцця: у рэстаран схадзіў, на моднай вечарынцы пабываў, на джыпе пакатаўся і іншых ласункаў жыцця пакаштаваў. Нават удзельнічаў у шопінгу. Пры гэтым паводзіў сябе прыстойна і хораша. А ў канцы вяртаецца дахаты з нявестай Ларыскай.
  • «Мяне завуць Лахнэска» (2016, выд. «Адукацыя i выхаванне») — маленькi дыназаўрык Лахнэска ўцякла з роднага возера таму, што яе дражнiлi за нестандартную знешнасць і памеры. У сажалцы яна сустрэла апалонiка Апалона, незадаволенага тым, што ён маленькi. Яны суцяшаюць адно аднаго i дапамагаюць зразумець сапраўдную сваю прыгажосць. У 2019 годзе твор перакладзены на сербскую мову (пераклад — Даяна Лазарэвіч, Сербія).
  • «Балотныя прыгоды. Цікавінкі ад Бульбінкі і Журавінкі» (2019, выд. «Пачатковая школа») — аўтар знаёміць дзяцей у займальнай форме з асаблівасцямі ўтварэння балот, іх відамі і значнасцю для прыроды, апавядае пра іх жывёльны і раслінны свет. Галоўныя героі кнігі — цікаўны і дасведчаны хлопчык Бульбінка разам з дзяўчынкай Журавінкай — падарожнічаюць па балотных абшарах, наведваюць хатку баброў, высветляюць, чаму ласі скідаюць рогі і ці можа выдра працаваць карэспандэнткай. Таксама ў кнізе можна знайсці кулінарныя рэцэпты, а яшчэ — займальную гульню па матывах казачнага падарожжа. Кніга для дзецей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту.
  • «Барыс Аракчэеў. Бэз малюецца на шчасце» / [укладанне А. Аракчэева, А. Масла] (2019, выд. «Мастацкая літаратура», сер. ЖЗЛБ) — у кнізе сабраны матэрыял пра знакамітага мастака, аднаго з заснавальнікаў сучаснай беларускай школы жывапісу, заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Барыса Аракчэева.
  • «Адкрыцці стагоддзяў» (2020, выд. «Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі») — з кнігі можна даведацца, што зрабілі для развіцця ракетабудаўніцтва і асваення космасу выхадцы з беларускіх земляў, а таксама пра электрычнасць, водаправод, камп’ютар, сацыяльныя сеткі, караблі, аўтамабілі, радыё, інтэрнэт....

Публікацыі

  • Масла, А. Адказнасьць перад будучыняй, або Развагі на «дзіцячую» тэму // Дзеяслоў : часопіс. — Мн.: 2005, студзень. — № 14.
  • Масла, А. Дарогу адолее той, хто ідзе // Дзеяслоў : часопіс. — Мн.: 2012, сакавік. — № 58.
  • Масла, А. Салідарнасць — адна з нашых галоўных мэтаў // Новы Час : газета. — Мн.: 29 лістапада 2013. — В. 366. — № 45. — С. 9, 19.
  • Масла, А. Філасофія любові // Полымя : часопіс. — Мн.: РВУ «Звязда», 2015. — В. 1029. — № 7. — С. 130—136.
  • Масла, А. Шклянка, поўная напалову, або Спроба дыягностыкі працэсаў у беларускай дзіцячай літаратуры // Дзеяслоў : часопіс. — Мн.: 2016, чэрвень. — В. 82. — № 3. — С. 262—270.

Сцэнарыі

  • м/ф «Лагодны воўк» (2018, кінастудыя «Беларусьфільм»). Мультфільм стаў лепшай анімацыяй на кінафестывалі «Лістапад — 2018».

Спампаваць ці купіць кнігі

Адкрыцці стагодзяў
Балотныя прыгоды. Цікавінкі ад Бульбінкі і Журавінкі
Вандроўка з божымі кароўкамі
Спампаваць: fb2, txt
Рождество у крестной
Таямніца закінутай хаты
Спампаваць: fb2
Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter
© «Нашы людзі», 2021-2024
Паведаміць пра памылку
Паведамленне адпраўлена!
Адбылася памылка :(