RU BE

Алесь Пруднікаў

Алесь Пруднікаў - беларускі паэт

14 красавіка 1910г - 5 жніўня 1941г

Магілёўская вобласць, Клімавіцкі раён, Стары Дзедзін

Паэт

Руск. Прудников Алесь

Беларускі паэт. Стрыечны брат пісьменніка Паўла Пруднікава.

Біяграфія

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Бацька Трафім быў прызваны на фронт пад час першай сусветнай вайны, цяжка паранены і памёр. З-за нестабільнай сітуацыі доўга не мог знайсці пастаяннае месца вучобы. У 1924—1930 гг. вучыўся ў сямігадовай школе ў суседняй вёсцы Мілаславіцы. У 1930 працаваў на будаўніцтве чыгункі Асіповічы — Магілёў — Раслаўль, потым на новабудоўлях Мінска, з 1931 г. — на рэспубліканскай кніжнай базе, у Дзяржаўным выдавецтве Беларусі, у БелТА. Вучыўся на творчым аддзяленні Мінскага педагагічнага інстытута (1932—1933 гг.).

У сакавіку 1933 г. быў арыштаваны, але праз восем месяцаў вызвалены з турмы і адразу ж прызваны ў рады Чырвонай Арміі, дзе праслужыў да 1935 г. У 1935—1936 гг. быў супрацоўнікам Клімавіцкай раённай газеты «Камуна». Скончыў Ленінградскі настаўніцкі інстытут (1938 г.). Працаваў настаўнікам, інспектарам Пятроўскага (цяпер Кандапожскага) раёна Карэльскай АССР (у 1940—1956 гг. — Карэла-Фінская ССР), адначасова вучыўся завочна на філалагічным факультэце Карэльскага ўніверсітэта. З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны быў на фронце разведчыкам. Загінуў 5 жніўня 1941 г. каля вёскі Утукі Кандапожскага раёна. Рэабілітаваны ў 1956 г.

Творчасць

Творчую дзейнасць пачаў як школьны паэт у 1926 годзе разам з Паўлам Пруднікавым. Падчас навучання ў школе ў БССР разгарнуўся працэс беларусізацыі, і гэта паспрыяла таму, што творы ён пісаў на беларускай мове. Паралельна быў пазаштатным карэспандэнтам некаторых газет. Так, у прыватнасці, калі быў знойдзены скарб старажытных манет ля вёскі Стары Дзедзін, ён з Паўлам напісаў пра гэта рэпартаж. Першыя вершы з'явіліся ў друку ў 1930 г. У 1932 годзе асобным выданнем выйшла паэма «Зямныя зоры», дзе распавядалася пра ўдарныя будоўлі першай пяцігодкі. Падборка вершаў змешчана ў зборніку «Крывёю сэрца» (1967 г.).

Выданні твораў

  • Пруднікаў, А. Зямныя зоры / Алесь Пруднікаў. — Мн., Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1932.
  • Крывёю сэрца / укладальнік А. Вялюгін. — Мн., Беларусь, 1967. С. 116—122.
Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter
© «Нашы людзі», 2021-2024
Паведаміць пра памылку
Паведамленне адпраўлена!
Адбылася памылка :(