5 снежня 1947г - 26 жніўня 2021г
Брэсцкая вобласць, Бярозаўскі раён, Сялец
Руск. Рязанов Александр Степанович
Беларускі пісьменнік і перакладчык. Вядомы як паэт-наватар, аўтар новых паэтычных форм.
Нарадзіўся 5 снежная 1947 года ў сям'і служачых. Бацька — Сцяпан Разанаў, паходзіць з Тамбоўскай вобласці, прыехаў з геадэзічнай экспедыцыяй да вайны ў Беларусь, дзе і застаўся.
У 1966 Алесь Разанаў паступіў на філалагічны факультэт БДУ. Паралельна з вучобай працаваў ліцейшчыкам на Мінскім заводзе ацяпляльнага абсталявання. У кастрычніку 1968 студэнты-філолагі БДУ, сярод лідараў якіх былі Алесь Разанаў, Віктар Ярац і Леў Барташ, звярнуліся ў ЦК КПБ з лістом на імя Пятра Машэрава (ліст падпісала некалькі соцень чалавек), дзе патрабавалі вяртання выкладання на беларускай мове. У выніку тройца ініцыятараў звароту атрымала ярлыкі «нацыяналістаў». А калі неўзабаве Алесь Разанаў, Віктар Ярац і Валянціна Коўтун з'ездзілі ў Зэльву да Ларысы Геніюш, два першыя ўзімку 1969 былі выключаны з БДУ (праз няздачу заліку па ваеннай падрыхтоўцы; да гэтага яны былі выдатнікамі вучобы). Дзякуючы падтрымцы Максіма Танка, рэктару БПІ Сяргею Гусаку і загадчыку кафедры беларускай мовы і літаратуры БПІ Уладзіміру Калесніку, Алесь Разанаў працягнуў вучобу на філалагічным факультэце Брэсцкага педагагічнага інстытута, які скончыў у 1970.
У 1970—1971 працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе вёскі Кругель Камянецкага раёна. З 1972 у Мінску; 1972—1974 — літаратурны супрацоўнік газеты «ЛіМ» і часопіса «Родная прырода». Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1972. У 1974—1986 — рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». У 1989 выбіраўся віцэ-прэзідэнтам Беларускага ПЭН-цэнтра. У 1990-х гадах супрацоўнічаў з часопісам «Крыніца».
Памёр 26 жніўня 2021 года.
З вершамі ў друку выступіў у 1961. Алесь Разанаў — аўтар паэтычных зборнікаў, якія лічацца этапнымі для беларускай паэзіі, сярод якіх — «Каардынаты быцця» (1976), «Шлях-360» (1981), «Сума немагчымасцяў» (2009).
У першым паэтычным зборніку з адметнай для таго часу назвай «Адраджэнне» (1970), моцна скажоным цэнзурай, пераважалі адраджэнскія настроі, услаўляліся героі беларускага мінулага, замежныя вучоныя і пісьменнікі, адкрывальнікі новага, утапісты і змагары. У кнізе пераважалі імклівыя рытмы, рамантычная ўзнёсласць, ускладненая метафарычнасць. У наступным зборніку вершаў «Назаўжды» (1974) навідавоку яго пошукавы характар, схільнасць да паэтычнага эксперыменту, павышаная ўвага да філасофскіх праблем. 3 гэтага часу з імем Алеся Разанава звязваецца ўяўленне аб інтэлектуальнай плыні ў беларускай паэзіі. У вершаваным цыкле пад назвай «Пункціры», якая адначасова стала і абазначэннем новага жанру, паэт прадэманстраваў сваё імкненне ахапіць шматстайныя праявы свету. Ён часцей за ўсё адштурхоўваўся ад назіранняў над канкрэтнымі, часта мімалётнымі, з’явамі і рэчамі.
Наватарскія памкненні паэта ў сферы зместу і формы выявіліся ў кнізе паэм-балад «Каардынаты быцця» (1976) і этапным зборніку «Шлях—360» (1981). Аднак эстэтычныя пошукі А. Разанава не сустракалі належнага разумення. Галоўная прычына ўскладнення творчага шляху паэта была абумоўлена падцэнзурным існаваннем літаратурнага жыцця ў часы грамадскага застою. Вольная мастацкая думка тады стрымлівалася і скоўвалася, савецкая паэзія была абмежавана колам дазволеных тэм, ідэй і спосабаў іх увасаблення. А. Разанаў імкнуўся да складанай вобразатворчасці, алегарычнага і сімвалічнага адлюстравання рэчаіснасці, а гэта пакідала ўражанне нейкага тайнапісу, не заўсёды зразумелага падтэксту. Ён звяртаўся да фальклорна-міфалагічных матываў, біблейскай сімволікі, традыцый нацыянальнай і сусветнай класікі. Пра напружаныя пошукі А. Разанавым свайго шляху засведчылі такія творы, як «Паэма рыбіны», «Паэма калодзежа», «Паэма выніку», «Паэма жніва», «Паэма раўнавагі» і інш. Дэвізам яго творчага пошуку былі словы, выказаныя яшчэ ў 1960-я гады: «Жыве эксперымент!» Ён прытрымліваўся ідэі дынамічнага руху, зменлівасці жыцця і вечнага ўдакладнення поглядаў на жыццё і рэчаіснасць.
Зборнік вершаў і паэм «Шлях-360» выйшаў у свет толькі пасля таго, як яго адрэдагаваў на грамадскіх пачатках Уладзімір Караткевіч, прадмову напісаў народны паэт Беларусі Пімен Панчанка, а пасляслоўе — вядомы крытык Варлен Бечык. Між тым у творчасці А. Разанава выявілася агульнае імкненне сусветнай паэзіі да філасофскага асэнсавання глабальных праблем сучаснасці, якія закраналі ўсіх і кожнага. У яго вершах і паэмах адчувалася прысутнасць вопыту класікаў еўрапейскай літаратуры XX стагоддзя, такіх як Гіём Апалінэр, Райнер Марыя Рыльке, Поль Элюар, Федэрыка Гарсія-Лорка і інш.
У філасофскай лірыцы А. Разанава адбываўся пошук «сапраўднай рэальнасці». На ўвазе мелася рэальнасць, якая адкрываецца ў асабіста-пачуццёвай сферы, у выніку суб’ектыўнага ўспрымання і асэнсавання свету. А. Разанаў бачыў гэту «сапраўднасць» зямнога існавання ў адкрыцці новага, уласна «чалавечага» ў прыродзе, жыцці, вялікім космасе. Ён скіроўвае чытача ў мінулае і будучы час, да таямніц свету і чалавечага быцця. Паэт перакананы, што чалавек і яго думка павінны быць у няспынным руху наперад, і гэты працэс пазнання бязмежны, бясконцы.
У Алеся Разанава заўсёды было абвостраным адчуванне часу і чалавека ў часе. «Яшчэ здольны пакутаваць», яго лірычны герой чула ўспрымае драматызм зямнога існавання. Там, дзе іншыя часам бачаць перамогу, ён прадчувае небяспеку. Чалавецтва апынулася на чарговым раскрыжаванні дарог. У вершы «Завея» паэт, як і Янка Купала ў «Паязджанах», малюе вобраз усёмагутнай прыроднай стыхіі і перадае душэўны стан няпэўнасці, нават разгубленасці ў гэтай віхуры часу. А. Разанаў і яго лірычны герой бачаць паратунак у вечным руху наперад, у пошуку сапраўднага сэнсу жыцця, шляху да маральнага самаўдасканалення. Паэт поўніцца адчуваннем хуткаплыннасці жыцця, востра перажывае зменлівасць усяго на свеце. Яго галоўнае памкненне — адпавядаць гэтаму шпаркаму руху, быць такім жа дынамічным, як сам свет.
Шматлікія вершаваныя тэксты А. Разанава — гэта вершы аб прадметах і рэчах, прыродных з’явах і жывых істотах. Іх назвы гавораць самі за сябе: «Камяні», «Зброя», «Сякера», «Стол», «Цвік», «Барана», «Птах», «Маланка», «Завея», «Змеі», «Лесвіца», «Студня», «Дрэвы», «Ланцуг» і інш. Праз матэрыяльнае паэт імкнецца раскрыць штосьці новае: і ўласна пра рэчы-прадметы, і пра навакольную прыроду, і пра быццё чалавека, які іх успрымае. Паэт, гаворачы пра рэчы, шукае важныя сэнсы, пэўныя аналогіі, параўнанні. Так, парог, які «ўрос у зямлю», выклікае ў паэта цэлае кола асацыяцый. Ён увасабляе падзел розных часоў, прымушае задумацца чалавека, хто ён такі на гэтым свеце. «Мінулае тоіцца ў змроку, будучыня — у светлыні», — падагульняе аўтар у вершаказе «Парог».
У зборніках А. Разанава апошніх дзесяцігоддзяў «Вастрыё стралы», «У горадзе валадарыць Рагвалод», «Паляванне ў райскай даліне», «Рэчаіснасць», «Гановерскія пункціры» творчыя пошукі адбываюцца пераважна ў сферы самой беларускай мовы. Паэт адкрывае багацце яе лексічных, музычных, сэнсавых магчымасцей і дэманструе амаль у кожным новым творы ідэю вобразнай невычэрпнасці нацыянальнай моўнай стыхіі. Любое слова, паняцце, назва прадмета, з'явы ў навакольным свеце поўняцца для паэта асаблівым сэнсам і зместам (вершаказы «Вуліца», «Бор», «Рэчка і возера», «Маланка і гром», «Гліна», «Срэбра і золата» і інш.). Ва ўладзе паэтавай думкі паставіць побач словы, рэчы, прадметы, раскіданыя ў часе і прасторы. Але самая вялікая загадка пры гэтым для паэта застаецца: жыццё і чалавек. Сэнс жыцця, сцвярджае Алесь Разанаў, у самім жыцці, у няспынным пошуку ісціны.
У далёкую мінуўшчыну, ажно ў біблейскія часы, выпраўляецца лірычны герой паэмы А. Разанава «Гліна». У вершах «Рагнеда», «Стары горад», паэтычнай кнізе «У горадзе валадарыць Рагвалод», паэме «Усяслаў Чарадзей» А. Разанаў аддае даніну захаплення старажытнаму Полацку, у вобразе і гісторыі якога бачыць увасабленне спрадвечнага беларускага шляху.
Паэта цікавіць існаванне ў вялікім агульначалавечым свеце і загадкавым свеце нацыянальнай гісторыі. Алесь Разанаў вынаходлівы і дасціпны як у змесце, так і ў форме. Ён істотна пашырыў жанравыя межы сучаснай філасофскай паэзіі. А. Разанаў выказваецца ў сціслай форме квантэм, пункціраў, версэтаў, вершаказаў, зномаў. Яго паэтычныя тэксты часам нагадваюць фрагменты старажытных манускрыптаў без пачатку і без канца, спасціжэнне сэнсу якіх вымагае напружанай працы інтэлекту і фантазіі, здольнасці да самастойнай інтэрпрэтацыі.
Перакладаў з літоўскай, латышскай, грузінскай, балгарскай, сербскахарвацкай, чэшскай, англійскай моў. Пераклаў кнігу К. Саі для дзяцей «Гэй, хавайцеся!» (1982), п’есу У. Шэкспіра «Сон у летнюю ноч» (аўт. «Сон у Іванаву ноч» у зборніку «Тры камедыі», 1989), раман Ё. Авіжуса «Час, калі пусцеюць сядзібы» (1989), выбраную паэзію У. Бэрзыньша (2013). Склаў кнігу паэзіі Я. Купалы «Выйду з сэрцам, як з паходняй!..» (1982). Выдаў па-нямецку зборнік «Wortdichte» (2003).
«Паэзія — асаблівая веда», — зазначаецца ў адным са зномаў у «Суме немагчымасцяў» (2009). Зномы з’яўляюцца не толькі эстэтычнымі, але гнасеалагічнымі адзінкамі, якія раскрываюць погляд паэта на пазнанне свету. Гэта бадай першы ўласна беларускі падручнік па тэорыі літаратуры, змяшчае развагі над сілагізмам «калі ты не займаешся палітыкай, палітыка займецца табой», назіранні пра тое, хто з’яўляецца «пазіцыяй», а хто «апазіцыяй». Тут шмат простых, дасціпных, але не заўсёды відавочных ісцін, якія маюць асаблівасць праясняцца сітуацыйна, на адлегласці ад самой кнігі.
Паэт Уладзімір Някляеў сказаў пра Алеся Разанава: «Ён быў проста як ніхто, бадай, з нас адданы паэзіі. Мажліва, па той прычыне, што адчуваў сваю пакліканасць». Літаратар і гісторык Уладзімір Арлоў звярнуў увагу, што асоба Алеся Разанава мела не адно вымярэнне і ўвасабленне, але найперш ён — стваральнік новых жанраў і наогул новай паэтыкі. Паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч адзначыў яго як бліскучага наватара, які карыстаўся й найлепшым, што існуе ў традыцыі. Паводле пісьменніка і філолага Змітра Дзядзенкі, «Алесь Разанаў быў паэтам ад Бога, і ў беларускай паэзіі зрабіў сапраўдную мадэрністычную рэвалюцыю».