19 жніўня 1850г - 1918г
Гомельская вобласць, Светлагорскі раён, Чэрнін
Руск. Шимановский Александр Никифорович
Беларускі этнограф і фалькларыст; педагог, пушкініст.
Нарадзіўся ў сям'і святара праваслаўнай Свята-Георгіеўскай царквы в. Чэрнін. Дзед, як мяркуецца — Фёдар Шыманоўскі, святар Пакроўскай царквы сяла Малышэвічы Слуцкага павету Мінскай губерні. Верагодна, род Шыманоўскіх меў шляхецкае паходжанне (гербу «Юнак»), але не быў зацверджаны ў расійскім дваранстве. Магчыма, маюцца сваяцкія сувязі з вядомым юрыстам, выкладчыкам Наварасійскіга ўніверсітэта Мітрафанам Васілевічам Шыманоўскім (г. Адэса, Херсонская губерня).
Пачатковую адукацыю А. Шыманоўскі атрымаў у Чэрнінскім народным вучылішчы, затым закончыў Мазырскую гімназію. У 1874 г. закончыў гісторыка-філалагічны факультэт Імператарскага Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта.
Працаваў выкладчыкам рускай мовы і славеснасці ў першай мужчынскай гімназіі г. Кішынёва, Бесарабская губерня (1874 — 1901). Адным з яго вучняў быў этнограф-балканіст П. Д. Драганаў. Стацкі саветнік (1887). Па звестках 1903, 1912 гг. абіраўся на пасаду таварыша (намесніка) дырэктара Кішынёўскага гарадскога грамадскага банка. У 1914 г. Бесарабскі дваранскі дэпутацкі сход зацвердзіў А. Шыманоўскага ў спадчынным дваранстве. Жонка: Ганна Аруцюнаўна (да шлюбу Ускат); сыны: Аляксандр, Фёдар; дачка Вольга.
Забіты бальшавікамі каля свайго дому па вул. Леоўскай у Кішынёве.
У час паездак на радзіму сабраў матэрыял па беларускаму фальклору і этнаграфіі і склаў зборнік «Мінская губерня і яе народная творчасць у сувязі з апісаннем народных свят і абрадаў» (песні, казкі, загадкі, прыказкі, гаспадарча-этнаграфічныя назвы і інш., 1898 г.). У зборніку выклаў і свае погляды на народную творчасць. Як адзначана ў працы, у збіранні матэрыяла дапамагалі протаіярэй Рыгор Шыманоўскі, настаўніца Чэрнінскага народнага вучылішча Пелагея Нічыпараўна Густава (малодшая сястра даследчыка) і аднавясковец Сямён Друзік. Матэрыялы зборніка выкарыстоўваюцца навукоўцамі пры вывучэнні і публікацыях беларускага фальклору.
Вывучаў кішынёўскі перыяд жыцця і творчасці А. С. Пушкіна, быў актыўным удзельнікам кампаніі па ўсталяванню помніка паэту ў Кішынёве (трэцяга пасля маскоўскага і санкт-пецярбургскага).