RU BE

Дудараў Аляксей Ануфрыевіч

Дудараў Аляксей Ануфрыевіч - беларускі драматург, пісьменнік, сцэнарыст

6 чэрвеня 1950г

Віцебская вобласць, Дубровенскі раён, Кляны

Драматург, Пісьменнік, Сцэнарыст

Руск. Дударев Алексей Ануфриевич

Беларускі драматург.

Біяграфія

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і калгаснікаў. Скончыў у 1968 годзе Наваполацкае прафесійна-тэхнічнае вучылішча нафтавікоў, працаваў слесарам на нафтаперапрацоўчым заводзе. Скончыў у 1976 годзе Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут па спецыяльнасці «акцёр драмы і кіно». Працаваў акцёрам, загадчыкам літаратурнай часткі ТЮГа (1976—1979), членам сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі «Тэлефільм» (Мінск, 1976—1983). З’яўляўся сябрам Саюза пісьменнікаў СССР (з 1979). З’яўляецца сакратаром Саюза тэатральных дзеячаў Беларусі (з 1987). Член Беларускага ПЭН-цэнтра (з 1989). У 1991—2002 г. займаў пасаду галоўнага рэдактара часопіса «Мастацтва». З 2003 па 2013 г. з’яўляўся мастацкім кіраўніком Драматычнага тэатра Беларускай арміі.

Творчасць

Дэбютаваў у друку ў 1973. Пісаў апавяданні, казкі для дзяцей. Вядомы як драматург і кінадраматург. Выдаў зборнікі апавяданняў «Святая птушка» (1979). Па сцэнарыях А. Дударава пастаўлены кароткаметражныя і мастацкія фільмы («Суседзі», 1979, «Белыя росы», 1984, і інш.).

Аўтар п’ес «Выбар» (паст. 1979), «Парог» (паст. 1981), «Вечар» (паст. 1983), «Злом» (1989). П’есы «Апошні ўзлёт» (паст. 1982) і «Радавыя» (паст. 1984) прысвечаны падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Трагедыя «Купала» (1994) увасабляе трагізм міжусобнай барацьбы ў ВКЛ напярэдадні Крэўскай уніі 1385, «Адцуранне» (1994) — фантасмагарычны погляд на эсхаталагічную загадку краю і народа. «Песня пра зубра» (1994) — сцэнічная варыяцыя па матывах паэмы М. Гусоўскага. Гістарычныя асобы ў яго творах не пафасна рамантызаваныя, а людзі, падуладныя моцным пачуццям, часам здольныя памыляцца, але ўнутрана годныя.

У п’есе «Палачанка» (1998) Аляксей Дудараў паказвае гісторыю шлюбу Рагнеды і Уладзіміра ў святле вялікіх пачуццяў, страсцей. Палачанка праклінае Уладзіміра, і праклён гэты, у духу рамантызаваных твораў, пераносіцца на лёс усёй радзімы. А. Дудараў вельмі актыўна працуе ў жанры гістарычнай драмы: п’есы «Князь Вітаўт», «Ядвіга», «Чорная панна Нясвіжа», «Крыж» і інш. Гледача ў творах А. Дударава на гістарычную тэму прывабліваюць дынамічнасць сюжэта, займальнасць інтрыгі, экзотыка і захаваны каларыт эпохі. У творах драматурга сустракаем незвычайнага героя, надзеленага такімі вартасцямі, як вернасць ідэалу, высакароднасць, шляхетнасць, самаахвярнасць, адданасць Бацькаўшчыне.

Драматург абапіраўся на пэўную літаратурную традыцыю, калі ствараў меладраму «Кім» (2001). У гэтым творы падлетак шукае сродкі, каб вылечыць ад цяжкай хваробы сваю названую сястру, кідаецца ў розныя авантуры, якія прыводзяць да самых неверагодных метамарфозаў і супадзенняў. У фінале расчулены глядач атрымлівае чаканы «хэпі-энд». Да жанру «меладраматычнага дэтэктыву» належыць таксама п’еса А. Дударава «Люці» (2002).

Пераклаў на беларускую мову хроніку У. Шэкспіра «Рычард III».

Тэатральныя пастаноўкі

Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета:

  • 2013 — «Князь Вітаўт» (пастаноўка Ю. Траяна)

Дняпроўскі акадэмічны тэатр драмы і камедыі:

  • 2004 — «В сумерках» (пастаноўка Ж. А. Мельнікаў)

Прэміі і ўзнагароды

Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» і інш. узнагародамі. Лаўрэат прэмій Ленінскага камсамола Беларусі (1982) за зборнік апавяданняў «Святая птушка» і п’есу «Выбар», Ленінскага камсамола (1984) за творы апошніх год, Дзяржаўнай прэміі СССР (1985) за спектакль «Радавыя», прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва (2002).

Бібліяграфія

  • «Кола»: сцэнарый кароткаметражнага фільма (1977)
  • «Дэбют»: сцэнарый кароткаметражнага фільма (1978)
  • «Суседзі»: сцэнарый мастацкага фільма (1979)
  • «Выбар»: п’еса (паст. 1979)
  • «Святая птушка»: зборнік апавяданняў (1979)
  • «Буслянё»: сцэнарый кароткаметражнага фільма (1980)
  • «Як гартавалася сталь»: інсцэніроўка рамана М. Астроўскага (паст. 1980)
  • «Парог»: п’еса (паст. 1981)
  • «Сінявочка»: казка для дзяцей (1981)
  • «Купальская ноч»: сцэнарый мастацкага фільма (1982)
  • «Апошні ўзлёт»: п’еса (паст. 1982)
  • «Вечар»: п’еса (паст. 1983)
  • «Белыя росы»: сцэнарый мастацкага фільма (1984)
  • «Радавыя»: п’еса (паст. 1984)
  • «Восеньскія сны»: сцэнарый мастацкага фільма (1986)
  • «Майстар і Маргарыта»: інсцэніроўка рамана М. Булгакава (паст. 1987)
  • «Дыялог»: зборнік п’ес (1987)
  • «Злом»: п’еса (паст. ў 1988)
  • «Вежа»: п’еса, разам з У. Някляевым (паст. 1990)
  • «Купала»: трагедыя (1994) — увасабляе трагізм міжусобнай барацьбы ў ВКЛ напярэдадні Крэўскай уніі 1385
  • «Адцуранне» (1994) — фантасмагарычны погляд на эсхаталагічную загадку краю і народа
  • «Песня пра зубра» (1994) — па матывах паэмы М. Гусоўскага
  • «Палачанка» (1998)
  • «Чорная панна Нясвіжа» (1999)
  • «Прынц Мамабук»: камедыя (1999)
  • «Крыж»: зборнік п’ес (2000)
Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter
© «Нашы людзі», 2021-2024
Паведаміць пра памылку
Паведамленне адпраўлена!
Адбылася памылка :(