11 ліпеня 1932г - 3 лютага 1989г
Мінская вобласць, Барысаўскі раён, Барысаў
Руск. Аникейчик Анатолий Александрович
Беларускі скульптар.
Нарадзіўся 11 ліпеня 1932 года ў Барысаве.
Вучыўся на кафедры скульптуры Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута ў 1953—1959 у А. А. Бембеля, А. К. Глебава. Выкладаў на кафедры скульптуры ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце (1959—1989).
Сярод вучняў А. Анікейчыка, вядомыя беларускія скульптары некалькіх пакаленняў: Леанід Давідзенка, Генадзь Буралкін, Галіна Гаравая, Уладзімір Слабодчыкаў, Аляксандр Фінскі, Аляксандр Мятліцкі, Сяргей Бандарэнка, Святлана Гарбунова, Уладзімір Жбанаў, Аляксандр Каструкоў, Уладзімір Панцялееў, Сяргей Гумілеўскі, Валер'ян Янушкевіч і інш.
Дацэнт (1977). Прафесар (1981). Сябра Саюза мастакоў БССР (з 1962).
Памёр 3 лютага 1989 года ў Мінску. Пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках.
Удзельнік выставак з 1958 г. Шырока вядомы пераважна як скульптар-манументаліст, прымаў удзел у стварэнні вядомых манументальных ансамбляў: помніка Янку Купалу ў Мінску, мемарыяльных комплексаў «Прарыў» на Ушаччыне і «Праклён фашызму» ў Докшыцкім раёне, помніка Мікалаю Гастэла і яго экіпажу ў Радашковічах, помніка А. М. Матросаву у Вялікіх Луках (1978, у сааўт.), помніка-бюста Янку Купалу ў Араў-парку ў ЗША і інш. Працаваў таксама са станковай скульптурай, значную ролю ў творчасці А. Анікейчыка адыгрываў жанр партрэта, дыяпазон якога вельмі шырокі: ад лірычных, камерных скульптур сучаснікаў і суайчыннікаў (партрэты Б. Вішкарова, Г. Паплаўскага, дачкі Вольгі) да выяў вядомых культурных і дзяржаўных дзеячаў (Фідэль Кастра, Чэ Гевара, П. Машэраў, Г. Ахматава, П. Чайкоўскі, А. Пушкін). Часам, імкненне скульптара паказаць чалавека як дзейсную асобу, праяўлялася ў набыцці партрэтамі гістарычных постацяў жанравага характару («Свет Міхайлаўскага», «За гонар музы»). Рамантычнасць светапогляду аўтара адлюстроўвалася у сімвалісцкай статуарнай пластыцы: «Папараць-кветка», «Вясна», «Бессмяротнасць», «Перамога, якая нясе мір». Творы А. Анікейчыка вылучаюцца ўсхваляванай патэтыкай, ўзнёсласцю вобразаў, выяўленнем духоўнай сілы і прыгажосці чалавека.
А. Анікейчык — адна з выдатных постацей беларускай скульптуры паваеннага часу, поруч з майстрамі айчыннай пластыкі — Аляксеем Глебавым, Андрэем Бембелем, Заірам Азгурам, Сяргеем Селіханавым.