7 верасня 1935г - 1 снежня 2015г
Мінская вобласць, Пухавіцкі раён, Мар'іна Горка
Руск. Астапчик Станислав Александрович
Беларускі вучоны ў галіне матэрыялазнаўства і фізікі металаў. Акадэмік АН Беларусі (1986), член-карэспандэнт (1984). Доктар тэхнічных навук (1980), прафесар (1984). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1986).
Нарадзіўся 7 верасня 1935 года ў Мар’інай Горцы.
У 1960 годзе скончыў БДУ. З 1960 года ў Фізіка-тэхнічным інстытуце АН Беларусі, з 1982 года намеснік дырэктара гэтага інстытута, з 1983 — яго дырэктар. У 1984 годзе абраны членам-карэспандэнтам, у 1986 г. — акадэмікам АН БССР. Адначасова з 1987 г. акадэмік-сакратар аддзялення фізіка-тэхнічных праблем машынабудавання і энергетыкі АН БССР. Таксама з 1987 года галоўны рэдактар часопіса «Весці АН Беларусі. Серыя фізіка-тэхнічных навук».
Памёр 1 снежня 2015 года. Пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках.
Аўтар навуковых прац па тэорыі і практыцы хуткаснай тэрмічнай апрацоўкі канструкцыйных сталей і сплаваў, тэхналогіях атрымання і апрацоўкі кампазіцыйных матэрыялаў, лазерным тэрмаўмацаванні матэрыялаў, лазернай мадыфікацыі паверхні, узаемадзеянні выпрамянення з рэчывам, лазерным сінтэзе.
На працягу шэрага гадоў браў удзел у даследаваннях па тэрмакінэтыцы структурных і фазавых ператварэнняў у металах і сплавах ва ўмовах высокіх і звышвысокіх хуткасцяў нагрэву. Працаваў над вызначэннем прычын высокай хуткасці звароту і рэкрышталізацыі пры хуткім нагрэве. Распрацоўваў разам з іншымі навукоўцамі інстытута асновы тэрмакінэтыкі рэкрышталізацыі, якія сталі базай для шырокага ўкаранення адпалу металаў са звышвысокімі хуткасцямі.
Вынікі гэтых даследаванняў адлюстраваны ў манаграфіях М. Н. Бадзякі, С. А. Астапчыка і Г. Б. Ярашэвіча «Тэрмакінэтыка рэкрышталізацыі» (1968), «Зваротапаліганізацыя» (1970), «Мартэнсітна-старэлыя сталі» (1976); М. Н. Бадзякі і С. А. Астапчыка «Электратэрмаапрацоўка сплаваў з адмысловымі ўласцівасцямі» (1977). С. А. Астапчык браў удзел у распрацоўцы метадаў лазернай мадыфікацыі паверхні, тэрмаўмацавання.