16 жніўня 1888г - 2 жніўня 1969г
Віцебская вобласць, Верхнядзвінскі раён, Луначарскае
Руск. Богданович Анатолий Васильевич
Беларускі і рускі мовазнавец, педагог.
Брат Генадзя Багдановіча. Скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Варшаўскага ўніверсітэта (1913). Настаўнічаў у Беларусі. З 1925 года пачаў друкавацца па пытаннях бел. мовазнаўства. З лютага 1926 г. дацэнт кафедры беларускай мовы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, адначасова ў Інбелкульце сакратар Арфаграфічнай камісіі, потым Камісіі беларускай літаратурнай мовы.
Як лінгвіст высокай кваліфікацыі браў дзейсны ўдзел у стварэнні праектаў правапісу 1930 і 1933 гг. Не страціў навукова-пазнавальнага значэння і практычнай актуальнасці яго падручнік для тэхнікумаў і самаадукацыі «Беларуская мова». «Самавучыцель беларускай мовы» застаўся ў рукапісе. Пасля хвалі рэпрэсій супраць беларускай мастацкай і навуковай інтэлігенцыі, арышту брата Г. Багдановіча ў 1930 годзе пазбаўлены права выкладання ва ўніверсітэце. Пад пагрозай арышту ў 1934 годзе пакідае Беларусь. Працаваў у Астраханскім, Магнітагорскім, Краснадарскім педінстытутах, дзе выкладаў рускую мову. Падчас працы ў Краснадары ў суаўтарстве з іншымі педагогамі выдаў падручнік рускай мовы для адыгейскіх школ. Апошнія гады жыцця працаваў у Херсонскім педінстытуце на кафедры рускай мовы.