17 снежня 1883г - 12 верасня 1934г
Мінская вобласць, Мінскі раён, Мінск
Руск. Боричевский Евгений Иванович
Беларускі літаратуразнавец і перакладчык. Прафесар (1928).
У часы беларусізацыі пісаўся як Аўген Барычэўскі.
Ахрышчаны праз два тыдні па нараджэнні па праваслаўным абрадзе ў мінскім кафедральным саборы, хросным бацькам быў мінскі гарадскі галава Мікалай Галіневіч.
Скончыў Мінскую класічную гімназію (чэрвень 1902). Вучыўся добра, пяцёрак і чацвёрак прыкладна пароўну, але былі тройкі па старажытных мовах і не ўзорныя паводзіны. Паступіў у Берлінскі ўніверсітэт, два семестры вучыўся на філасофскім факультэце. У 1904 годзе перавёўся на гісторыка-філалагічны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта, які скончыў у 1910 годзе і 12 студзеня 1911 года атрымаў дыплом 1-й ступені. Атрымаў залаты медаль за выпускную працу «Рэалізм Гартмана».
У 1912—1913 гадах быў у Італіі. Вярнуўся ў Маскву, пачаў выкладаць рускую літаратуру ў прыватных жаночых гімназіях Патоцкай і Івановай. Таксама займаўся перакладамі і літаратурнай крытыкай, публікаваў артыкулы і даследаванні ў маскоўскіх часопісах і газетах, удзельнічаў у семінарах па пушкіністыцы, быў прыняты ў маскоўскіх літаратурных колах. Сярод знаёмых таго часу Хадасевіч, Брусаў і Пастэрнак (знаёмы яшчэ па ўніверсітэцкім філасофскім гуртку). Жыў з жонкай і маці па Казіхінскім завулку (№ 30), кабінет Барычэўскага быў у навіслай над завулкам шасціграннай вежы.
Пасля рэвалюцыі працаваў у Наркамасветы, восенню 1918 года прызначаны навуковым сакратаром Музейнага аддзела. Удзельнічаў у працы створанага пры наркамаце Інстытута мастацкай культуры разам з Кандзінскім, Родчанкам і Сінезубавым. На пачатку 1922 года запрошаны на працу ў БДУ і пераехаў з Масквы ў Мінск.
Працаваў у БДУ, Менскай цэнтральнай партыйнай школе (1924—1927), Інбелкульце, затым Інстытуце літаратуры і мастацтва АН БССР (1927—1933). Прафесар (1928). На пачатку 1930-х гадоў працаваў на кафедры літаратуры Вышэйшага педагагічнага інстытута.
На пачатку 1930-х гадоў, калі ў БССР пачаліся рэпрэсіі супраць нацыянальнай інтэлігенцыі, Барычэўскаму ставілі ў віну і «ідэалістычны» падыход да выкладанне, і сацыяльнае паходжанне («сын пана»), і «нацдэмаўшчыну». Акалічнасці смерці не ясныя, паводле адных крыніц рэпрэсаваны, паводле іншых не быў арыштаваны, памёр 12 верасня 1934 года ад раку.
Пахаваны на Вайсковых могілках, месца магілы не вядома.
У студэнцкія гады, разам з Барысам Фохтам працаваў над перакладам брашуры Бродэра Хрысціянсена «Психология и теория познания» (Масква, 1907).
У 1922 годзе па матэрыялах сваёй дзейнасці ў Наркамасвеце і Інстытуце мастацкай культуры выдаў у Маскве хрэстаматыю «Мир искусств в образах поэзии: Архитектура, скульптура, живопись, танец, музыка».
У Мінску займаўся ў асноўным літаратуразнаўствам. У 1923 годзе апублікаваў эсэ «О природе эстетического суждения». У 1927 годзе выйшлі дзве працы «Паэтыка літаратурных жанраў» і «Тэорыя санету», якія найбольш глыбока ў тагачасным беларускім літаратуразнаўстве тлумачылі прыроду мастацтва ў яго сувязі з сацыяльна-гістарычнымі і грамадскімі з’явамі. У заключным раздзеле «Тэорыі санету», прысвечаным беларускаму санету, адзначаў, што строгія страфічныя формы ўпершыню з’явіліся ў Максіма Багдановіча. Удзельнічаў у падрыхтоўцы выдання 2-томнага збору твораў Багдановіча (1927—1928).
Не забываўся і на нямецкую тэматыку, у 1925 годзе ў «Полымі» выйшаў вялікі артыкул Барычэўскага «Літаратурныя погляды і густ сучаснай Нямеччыны».
Артыкулы і даследаванні па пытаннях паэтыкі і эстэтыкі, прысвечаныя творчасці Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Максіма Гарэцкага, рускіх, нямецкіх, французскіх пісьменнікаў, друкаваліся ў «Працах Беларускага дзяржаўнага універсітэта», у часопісах «Маладняк», «Узвышша», «Полымя», «Трыбуна мастацтва». Аўтар дапаможніка для студэнтаў-завочнікаў «Паэтыка. Курс для завочнага педфаку» (1929—1930).