17 ліпеня 1959г
Гомельская вобласць, Хойніцкі раён, Вялікі Бор
Руск. Борис Петрович
Беларускі пісьменнік, празаік.
Нарадзіўся ў 1959 г. у в. Вялікі Бор у Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ (1984). Працаваў у абласным і рэспубліканскім друку «Гомельская праўда», «Звязда», «Літаратура і Мастацтва», часопісе «Полымя». З 1990 — адказны сакратар штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва».
Калі ў 2002 годзе беларуская ўлада вырашыла шчыльна заняцца творчай інтэлігенцыяй літаратурныя і мастацкія выданні, што належалі дзяржаве, былі аб’яднаныя ў холдынг з жорстка структураванай сістэмай кіравання і адназначнай ідэалагічнай скіраванасцю — лаяльнасцю да дзеянняў прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі вялікая колькасць літаратараў была вымушаная пакінуць месца сваёй працы. Гэтаксама зрабіў Барыс Пятровіч.
У 2002 годзе ён заснаваў і стаў галоўным рэдактарам новага літаратурнага часопіса «Дзеяслоў», які за адносна кароткі час здолеў заваяваць папулярнасць і вядомасць у краіне, зрабіўшыся самым аўтарытэтным незалежным літаратурна-мастацкім выданнем Беларусі. Вакол «Дзеяслова» аб’ядналіся самыя знакамітыя ў краіне пісьменнікі, а таксама перспектыўныя маладыя аўтары, што дало магчымасць паўнавартасна адлюстроўваць сучасны літаратурны працэс.
У снежні 2011 г. Барыс Пятровіч абраны старшынёй Рады ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» — найстарэйшай творчай арганізацыі Беларусі, што аб’ядноўвае ў сваіх шэрагах больш за 450 сяброў. У якасці куратара серыі і рэдактара выдаў больш 60 кніг беларускіх аўтараў у серыі «Кнігарня пісьменніка» (сярод іх намінанты і лаўрэаты прэміі імя Гедройца «Час збіраць косткі» В. Казько, «Жанчына і леапард» Т. Барысік і інш.), а таксама больш дзесятка кніг ў бібліятэчцы часопіса «Дзеяслоў».
Барыса Пятровіча называюць яскравым прадстаўніком экзістэнцыялізму ў сучаснай беларускай літаратуры, які ў творчасці спалучае адданасць класічнай літаратурнай традыцыі з дакладна выверанымі назіраннямі за рэаліямі.
Творы Барыса Пятровіча перакладзеныя на англійскую, французскую, нямецкую, рускую, польскую, чэшскую, балгарскую, славацкую, літоўскую, украінскую і іншыя мовы. Сярод найбольш удалых перакладаў сталіся творы «Плошча» і «Фрэскі» (Barys Pjatrovitj, «Fresker». Malmö (2008); Barys Pjatrovitj «Torget», Malmö, (2011) пераствораныя па-шведску Дзмітрыем Плаксам. Водгукі чытача і крытыкаў былі прыхільнымі і шматлікімі.
Літаратурная аглядальніца адной з найбуйнейшых шведскіх газет «Сьвенска Дагбладэт» Ёганна Ліндблад прапануе цёпла папляскаць выдавецтву, якое прадставіла шведскім чытачам настолькі актуальнага аўтара.
Дэбютаваў апавяданнем «Успамін. Яблыкі» у 1988 (часопіс «Крыніца»). Аўтар кніг «Ловы» (1992), «Сон між пачвар» (1994), «Фрэскі» (1998), «Шчасце быць» (2004), «Жыць не страшна» (2008), «Піліпікі» (2009), «Плошча» (2010), «Спакушэнне» (2013), «Спачатку была цемра» (2013), «Пуціна» (2015).