RU BE

Чарота Іван Аляксеевіч

Чарота Іван Аляксеевіч - беларускі гісторык, літаратуразнавец, славіст, філолаг

16 верасня 1952г

Брэсцкая вобласць, Кобрынскі раён, Лышчыкі

Гісторык, Літаратуразнавец, Славіст, Філолаг

Руск. Чарота Иван Алексеевич

Беларускі славіст, перакладчык, літаратуразнавец, доктар філалагічных навук, прафесар, акадэмік Сербскай Акадэміі навук і мастацтваў, акадэмік Міжнароднай Славянскай Акадэміі навук, адукацыі, мастацтва і культуры, загадчык кафедры славянскіх літаратур БДУ.

Біяграфія

Чарота І. А. з 1969 па 1974 год вучыўся на аддзяленні рускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта БДУ. Пасля заканчэння яго працаваў тры гады настаўнікам у Паляцкішскай сярэдняй школе Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці. У 1977 годзе прыняты на працу ў Белдзяржуніверсітэт, дзе займаў, адпаведна, пасады выкладчыка — старшага выкладчыка, дацэнта, а затым, прайшоўшы на працягу 1991 па 1994 гг. навучанне ў дактарантуры, стаў загадваць новастворанай кафедрай славістыкі (славянскіх літаратур). Кандыдацкую дысертацыю «Творчество М. А. Шолохова и литературный процесс Югославии (1956-1986)» абараніў у ЛДПІ (Ленінград, 1986), доктарскую — «Беларуская літаратура ХХ стагоддзя і працэсы нацыянальнага самавызначэння» у БДУ (Мінск, 1998).

Перакладае з сербскай, славенскай, македонскай, польскай і іншых моў на беларускую і рускую, а таксама з беларускай і рускай на сербскую. Заснавальнік, укладальнік і перакладчык серыі «Сербскае багаслоўе ХХ стагоддзя».

Навуковыя працы і кнігі

Свае навуковыя інтарэсы І. А. Чарота засяродзіў перш за ўсё на літаратурах і культурах славянскіх народаў. Даследуючы іх генетычныя, тыпалагічныя і кантактныя ўзаемадзеянні, ён сцвердзіўся як вядучы югаславіст Беларусі, высокааўтарытэтны спецыяліст у галіне параўнальнага літаратуразнаўства і культуразнаўства, аўтар каля 600 навуковых прац, сярод якіх кнігі «Беларуская савецкая літаратура за мяжой» (Мінск, 1988 — у сааўтарстве), «Пошук спрадвечнай існасці: Беларуская літаратура ХХ стагоддзя ў працэсах нацыянальнага самавызначэння» (Мінск, 1995), «Сербская Праваслаўная Царква» (Мінск, 1998), «Беларуская мова і Царква» (Мінск, 2000), «Косовская битва продолжается» (Мінск, 2000), «Антологиjа белоруске поезиjе», (Београд: 1993; 2-е выданне — 2012), «Югаславянскія казкі» (Мінск, 1999), «Антологиjа лирике источних Словена» (Београд, 2000), «Насустрач Духу. Анталогія беларускай хрысціянскай паэзіі» (Мінск, 2001), «Насустрач Духу. Анталогія беларускай хрысціянскай прозы» (Мінск, 2002), «Слово и Дух. Антология русской духовной поезии ХХ -ХХ вв.» (Минск, 2003, 2005, 2010), «Ні на небе, ні на зямлі. Казкі славянскіх народаў» (2013), «Српска књижевност. Антологија текстова. Књ.І -V» (Мінск, 2002—2007 — на сербскай мове), «Тэорыя і практыка мастацкага перакладу» (Мінск, 2012), «Испод крила роде. Антологиjа савремене белоруске поезиjе» (Подгорица, 2014), «Беларусы пра Сербію-Югаславію» (Мінск, 2015, « Белорусија и Србија: Трагом узајамног упознавања и деловања»(Шабац, 2016).

Навукова-метадычная сфера

Прафесар І. А. Чарота з’яўляецца членам рэдкалегій 11 перыядычных выданняў (6 замежных), навуковым кансультантам Беларускай Энцыклапедыі; сакратаром Біблійнай камісіі Беларускага Экзархата Рускай Праваслаўнай Царквы і выканаўчым рэдактарам часопіса «Праваслаўе». У навукова-метадычнай сферы плён яго складаюць такія дапаможнікі, як «Советская литература в связях и взаимодействиях: Начала сравнительного и системного анализа» (Мінск, 1989), «Мастацкі пераклад на беларускую мову : Асновы тэорыі і практычныя рэкамендацыі» (Мінск, 1997), «Югаславянскія літаратуры і культуры» (Мінск, 1999 — у сааўтарстве), Праграма «Гісторыя славянскіх літаратур» (2000), «Гісторыя сербскай літаратуры. Практыкум» (2007).

Перакладчыцкая праца

Член Саюзаў пісьменнікаў СССР (адпаведна, Саюза пісьменнікаў Беларусі), а таксама Расіі і Сербіі; актыўна выступае ў друку як літаратуразнавец, крытык, эсэіст, публіцыст. Больш за дваццаць пяць гадоў узначальвае бюро секцыі мастацкага перакладу і літаратурных сувязяў Саюза пісьменнікаў Беларусі, займаецца перакладам з сербскай, харвацкай, славенскай, македонскай, польскай і іншых моў на беларускую і рускую, а таксама з беларускай і рускай на сербскую. Яго наробак — больш за 1200 друкаваных перакладаў, у тым ліку звыш 70 кніжных выданняў, сярод якіх творы наступных аўтараў: Патрыярх Сербскі Павел, Нікалай Веліміравіч, Юсцін Попавіч, Марка С. Маркавіч, Фадзей Штрбулавіч, Іва Андрыч, Браніслаў Нушыч, Радэ Драінац, Добрыца Чосіч, Нэвена Вітошавіч Чэкліч, Зоран Гаўрылавіч, Міра Радоевіч і Любадраг Дзіміч, Момір Лазіч, Драган Лакічавіч, Драгаслаў Міхаілавіч, Гроздана Олуіч, Горан Петравіч, Ліляна Хаб’янавіч-Джуравіч, Бена Зупанчыч, Прэжыхаў Воранц, Ёсіп Юрчыч, Драга Янчар і інш. Заснавальнік, укладальнік і перакладчык серыі «Сербскае багаслоўе ХХ стагоддзя», у якой ужо выйшла больш за чатыры дзесяткі кніг. Перакладзены І. А. Чаротам зборнік «Мовы ўсяго жывога: Сербскія народныя казкі» (Мінск, 2007) прызнаны найлепшай кнігай Беларусі ў галіне перакладу на 2008 год і адзначаны Нацыянальнай прэміяй.

Узнагароды

  • прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» (2003)
  • Міжнародная прэмія імя К. Астрожскага (Польшча, 1999)
  • Міжнародная прэмія імя Ф. М. Дастаеўскага (Сербія, 2007) (уручана ў 2012)
  • прэмія Саюза пісьменнікаў Сербіі (2000)
  • прэмія часопіса «Збиља /Reality» (СРЮ, Бялград, 2000, 2006);
  • Сусветная праваслаўная літаратурная прэмія «Багародзіца Трохручыца» (сербскі Фонд імя Іванкі Мілошавіч — Чыкага, ЗША, 2011)
  • Міжнародная літаратурная прэмія імя Радэ Драінца (Сербія, 2014)
  • Міжнародная прэмія Фонда Карычаў (Сербія, 2014)
  • ордэн Прападобнага Сергія Раданежскага ІІІ ступені (РПЦ,2002)
  • памятны медаль Саюза славацкіх пісьменнікаў (2003)
  • ордэн Святога Савы III ступені (СПЦ, 2004)
  • Залаты знак Культурна-асветнага таварыства Сербіі (2008)
  • ордэн свяціцеля Кірыла Тураўскага ІІ ступені (БПЦ, 2012)
  • сярэбраны медаль «За заслугі» (Сербія, 2014)
  • медаль Аляксандра Пушкіна (РФ, 2015).
  • грамата Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі (2017)
  • прэмія Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» (2019)
Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter
© «Нашы людзі», 2021-2024
Паведаміць пра памылку
Паведамленне адпраўлена!
Адбылася памылка :(