1 лістапада 1868г - 1942г
Віцебская вобласць, Шумілінскі раён, Казьяны
Руск. Довгялло Дмитрий Иванович
Беларускі гісторык, класік беларускай археаграфіі.
Скончыў Віцебскую семінарыю і Пецярбургскую духоўную акадэмію (1894). Выкладаў у Віцебску ў семінарыі і мужчынскай гімназіі. З 1897 архіварыус Віцебскага цэнтральнага архіва старажытных актаў. У 1903 пераехаў у Вільню, дзе працаваў у аб'яднаным Архіве старажытных актаў, выкладаў у навучальных установах. У 1906 рэдагаваў газету «Белая Русь». У 1906—1915 член Віленскай археаграфічнай камісіі (з 1913 яе старшыня), кіраўнік спраў канцылярыі папячыцеля Віленскай навучальнай акругі, кіраўнік спраў Паўночна-Заходняга аддзела Рускага геаграфічнага таварыства. Рэдактар «Записок Северо-Западного отдела Русского географического общества» (1910—1914), апублікаваў у іх шэраг прац па гісторыі Беларусі. Ганаровы член Віцебскай вучонай архіўнай камісіі.
Пасля эвакуацыі з Вільні ў 1915 — у Магілёўскім архіве.
Удзельнічаў у Першым Усебеларускім кангрэсе 1917. З 1921 загадчык Магілёўскага губернскага архіва. З 1925 супрацоўнік Інбелкульта, дацэнт БДУ, з 1929 дырэктар бібліятэкі БелАН, у 1937 навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі АН БССР.
Арыштаваны 10 снежня 1937; пастановай пазасудовых органаў ад 11 верасня 1939 высланы ў Казахстан на 5 гадоў. Памёр у ссылцы ў красавіку 1942 г. Рэабілітаваны пасмяротна 9 чэрвеня 1964 г.
Найбольшую вядомасць Даўгяле прынесла яго археаграфічная праца — падрыхтоўка і выданне зборнікаў дакументаў: «Историко-юридические материалы…» (т. 27-32, Віцебск, 1899—1906), «Акты, издаваемые Виленской комиссией…» (т. 32-37, Вільня, 1907—1912), «Беларускі архіў» (т. 1-3, Мн., 1927—1930), «Матэрыялы да гісторыі мануфактуры Беларусі ў часы распаду феадалізму» (т. 1-2, Мн., 1934—1935), «Гісторыя Беларусі ў дакументах і матэрыялах» (т. 1, Мн., 1936).
Аўтар прац па гісторыі гарадоў і мястэчак Беларусі: Барысава, Веткі, Мінска, Лепеля, Оршы. Даследаваў гісторыю Полацкага, Барысаўскага, Свіслацкага і Аршанскага замкаў. Вывучаў гісторыю нацыянальных меншасцей на Беларусі. Сярод яго работ таксама:
і інш.