27 лютага 1935г - 22 кастрычніка 2018г
Брэсцкая вобласць, Драгічынскі раён, Сіманавічы
Руск. Климчук Фёдор Данилович
Беларускі мовазнаўца-дыялектолаг, гісторык.
Нарадзіўся 27 лютага 1935 года ў вёсцы Сіманавічы Драгічынскага павета Палескага ваяводства Польскай Рэспублікі (цяпер Драгічынскі раён Брэсцкай вобласці Беларусі) у сялянскай сям’і. З першага па трэці клас навучаўся ў Сіманавіцкай школе, чацвёрты клас наведваў у сяле Вулька Сіманавіцкая, з пятага па дзясяты клас навучаўся ў школах Драгічына. У 1952 годзе скончыў Драгічынскую сярэднюю школу № 2.
У тым жа годзе паступіў на гістарычны факультэт Пінскага дзяржаўнага настаўніцкага інстытута, які закончыў у 1954 годзе. Па заканчэнні інстытута працаваў настаўнікам у вёсцы Відзібор Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. У 1955—1968 гадах працаваў настаўнікам у школах Драгічынскага раёна.
З 1964 па 1967 год завочна навучаўся на гістарычным факультэце Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя М. Горкага. У 1957 годзе пачаў навуковую працу: збіраў дыялектны, фальклорны і этнаграфічны матэрыял. У 1962 годзе пазнаёміўся і пачаў супрацоўнічаць з мовазнаўцам Мікітам Талстым (праўнукам Льва Талстога).
У 1968 годзе паступіў у аспірантуру пры Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР, якую скончыў у 1971 годзе, як малодшы навуковы супрацоўнік пачаў працаваць у сектары дыялекталогіі гэтага ж інстытута. З 1981 года старшы навуковы супрацоўнік. У 1973 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Да лінгвагеаграфіі Заходняга Палесся».
Памёр 22 кастрычніка 2018 года на 84-м годзе жыцця пасля хваробы. Пахаваны 24 кастрычніка на Заходніх могілках Мінска. На надмагільным помніку з тыльнага боку змешчана выява Клімчука маладым і ягоны верш, напісаны на родным дыялекце.
Працуючы ў школе, пачаў запісваць дыялекты і песні родных мясцін.
Аўтар больш як 200 навуковых прац. Асноўныя кірункі навуковае дзейнасці: дыялекталогія, лінгвагеаграфія, лексікаграфія, тапаніміка, глотагенез, этнагенез, міжмоўныя і міжэтнічныя кантакты, сацыялінгвістыка, фальклор, этнаграфія, этналінгвістыка.
Быў старшынёй грамадскага аб’яднання «Заходнепалескае навукова-краязнаўчае таварыства „Загароддзе“». Выдаў пераклад «Новага Запавету» на заходнепалескі дыялект.
У 2000 годзе ў складзе аўтарскага калектыву атрымаў Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь у галіне гуманітарных і сацыяльных навук за цыкл прац «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» у 5-ці тамах.