RU BE

Фёдараў Фёдар Іванавіч

Фёдараў Фёдар Іванавіч - беларускі навуковец, фізік

19 чэрвеня 1911г - 13 кастрычніка 1994г

Гродзенская вобласць, Карэліцкі раён, Турэц

Навуковец, Фізік

Руск. Фёдоров Фёдор Иванович

Беларускі фізік-тэарэтык, адзін тых, хто распачаў беларускую тэарэтычную фізіку. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (з 1966 года), Герой Сацыялістычнай Працы (1978).

Біяграфія

Нарадзіўся ў сям’і Янкі Маўра ў мястэчку Турэц Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці. Закончыў фізіка-матэматычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ у 1931 годзе, пасля чаго працаваў выкладчыкам педагагічнага тэхнікума ў горадзе Крычаў. У 1933 годзе накіраваўся ў Ленінград у аспірантуру. У 1936 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Прымяненне метаду функцыяналаў у пэўных пытаннях тэорыі выпраменвання», якую ён напісаў пад кіраўніцтвам акадэміка АН СССР У. А. Фока. Адразу пасля гэтага становіцца дацэнтам на фізічным факультэце БДУ. У 1938 годзе ініцыяваў утварэнне кафедры тэарэтычнай фізікі на фізічным факультэце БДУ і сам яе ўзначаліў. З 1943 да 1950 года быў дэканам фізічнага факультэта.

У 1954 годзе абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Інварыянтныя метады ў оптыцы анізатропных асяроддзяў». У 1955 годзе ўзначаліў лабараторыю тэарэтычнай фізікі Інстытута фізікі АН БССР. Быў рэдактарам фізіка-матэматычнай серыі часопіса «Весці АН БССР», уваходзіў у рэдакцыі ўсесаюзных часопісаў «Журнал прикладной спектроскопии» і «Дифференциальные уравнения».

Навуковая дзейнасць

Навуковыя працы па крышталяоптыцы, тэорыі пругкіх хваль у крышталях, фізіцы элементарных часціц, квантавай тэорыі поля, тэорыі гравітацыі.

Пабудаваў тэорыю аптычных уласцівасцей магнітных і паглынальных крышталёў, развіў каварыянтныя метады прамога тэнзарнага злічэння ў оптыцы і акустыцы крышталёў. Распрацаваў метад праектыўных аператараў у тэорыі элементарных часціц, вектарную параметрызацыю групы Лорэнца. Прапанаваў універсальную фармулёўку нелінейных ураўненняў фундаментальных фізічных палёў, развіў тэтрадны падыход у агульнай тэорыі адноснасці. Прадказаў новую з’яву ў галіне крышталяоптыкі (гл. зрух Фёдарава), зарэгістраваную як адкрыццё (1980).

Узнагароды

  • 2 ордэна Леніна (1971, 1978)
  • Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга (1949),
  • Ордэн «Знак Пашаны» (1953),
  • Медалі

Прэміі

  • Дзяржаўная прэмія БССР 1972 года за манаграфію «Тэорыя пругкіх хваль у крышталях».
  • Дзяржаўная прэмія СССР 1976 года за працы ў вобласці крышталяоптыкі.

Асноўныя працы

  • Оптика анизотропных сред. Мн.: Из-во АН БССР, 1958; 2-е изд. М.: УРСС, 2004
  • Теория упругих волн в кристаллах. М.: Наука, 1965.
  • Theory of Elastic Waves in Crystals. New York, Plenum Press, 1968.
  • Теория гиротропии. М.: Наука и техника, 1976.
  • Отражение и преломление света прозрачными кристаллами. Мн.: Наука и техника, 1976 (совм. с В. В. Филипповым).
  • Группа Лоренца. М.: Наука, 1979; 2-е изд. М.: УРСС, 2003.
Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter
© «Нашы людзі», 2021-2024
Паведаміць пра памылку
Паведамленне адпраўлена!
Адбылася памылка :(