RU BE

Грамыка Віктар Аляксандравіч

Грамыка Віктар Аляксандравіч - беларускі мастак

1 студзеня 1923г - 10 ліпеня 2019г

Магілёўская вобласць, Магілёўскі раён, Сенькава

Мастак

Руск. Громыко Виктор Александрович

Беларускі жывапісец, педагог. Ганаровы член Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2000), прафесар (1981). Народны мастак БССР (1991). Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1970). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.

Біяграфія

У 1948—1951 вучыўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы. У 1953 паступіў у Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, які скончыў у 1958. Вучыўся ў Івана Ахрэмчыка і Віталя Цвіркі. У 1959—1997 выкладаў у Беларускай акадэміі мастацтваў.

Член Саюза мастакоў БССР ад 1959, старшыня праўлення ў 1962—1972 і ў 1977—1982.

Удзельнік мастацкіх выставак ад 1947. Персанальныя выстаўкі адбыліся ў (1975), студзені 2013, снежні 2017 — лютым 2018.

Член КПСС з 1964.

Памёр 10 ліпеня 2019 года. Развітанне адбылося 11 ліпеня ў будынку Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Пахаваны на Усходніх могілках Мінска.

Творчасць

Працаваў ў станковым жывапісе ў жанрах карціны, пейзажа, партрэта. У яго творчасці шырока адлюстравана тэма Вялікай Айчыннай вайны. Асноўныя працы: палотны «Салдаты» (1967), «1941 год. Над Прыпяццю» (1970), «Жанчынам Вялікай Айчыннай прысвячаецца» (1972), «Песня аб маім атрадзе» (1978), «Яблыкі ўраджаю 1941 года» (1987); партрэты Янкі Брыля (1968), камісара А. Ф. Юр’ева (1982), Васіля Быкава (1984); краявіды «Льны беларускія» (1970), «Ліпень пахне травой» (1990), «Над старымі акопамі — цішыня» (1995) і інш. Яго творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. Масленікава, Траццякоўскай галерэі ў Маскве.

Аўтар успамінаў пра ўдзел у партызанскім руху падчас Другой сусветнай вайны на тэрыторыі Беларусі (1941—1944).

Узнагароды

Дзяржаўныя узнагароды СССР: ордэн «Айчыннай вайны» I ступені, ордэн «Чырвонай Зоркі», ордэн «Знак Пашаны», медалі, Ганаровыя граматы Вярхоўнага Савета БССР і Вярхоўнага Савета РСФСР.

У Рэспубліцы Беларусь узнагароджаны медалем Францыска Скарыны (1996).

Памяць

  • Дакументальны фільм аб жыцці і творчасці мастака «Палітра Віктара Грамыка» (2015).
Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter
© «Нашы людзі», 2021-2024
Паведаміць пра памылку
Паведамленне адпраўлена!
Адбылася памылка :(