29 верасня 1946г - 24 красавіка 2018г
Магілёўская вобласць, Бабруйскі раён, Пятровічы
Руск. Гайшун Иван Васильевич
Беларускі матэматык. Доктар фізіка-матэматычных навук (1984), прафесар (1992), акадэмік (1991) НАН Беларусі.
Нарадзіўся 29 верасня 1946 года ў вёсцы Пятровічы. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1969). З таго часу працаваў у Інстытуце матэматыкі НАН Беларусі: з 1984 — загадчык лабараторыі мадэлявання і аналізу сістэм, з 1985 — намеснік дырэктара па навуковай рабоце, з 1992 — дырэктар. Адначасова ў 1997—2002 гадах віцэ-прэзідэнт, з 2002 года член Прэзідыума НАН Беларусі, з 2012 па 2014 год акадэмік-сакратар Аддзялення фізікі, матэматыкі і інфарматыкі НАН Беларусі.
Навуковыя працы па дыферэнцыяльных ураўнаннях, тапалагічнай дынаміцы і ўстойлівасці абстрактных дынамічных сістэм. Распрацаваў тэорыю мнагамерных дыферэнцыяльных ураўнанняў, многапараметрычных дыферэнцыяльна-рознасцевых і дыскрэтных сістэм, якія ўзнікаюць у квантавай тэорыі поля, статыстычнай гідрадынаміцы.
Аўтар больш за 250 навуковых прац, у т.л. 5 манаграфій і падручніка.
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі (2000, у сааўтарстве) — за цыкл прац «Даследаванне асімптатычных уласцівасцей дыферэнцыяльных і дыскрэтных сістэм». Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2017). Лаўрэат прэміі Савета Міністраў СССР (1981), прэміі Акадэмій навук Украіны, Беларусі і Малдовы (2012).