25 снежня 1906г - 23 мая 1987г
Магілёўская вобласць, Быхаўскі раён, Гарадзец
Руск. Лукашёв Константин Игнатьевич
Беларускі навуковец у галіне геалогіі і геахіміі, рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1952—1957). Бацька вучонага-географа Валянціна Лукашова. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1953), доктар геолага-мінералагічных навук (1937), прафесар (1938). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1967).
Паходзіць з заможнай сялянскай сям’і. У 1922 годзе скончыў Быхаўскую працоўную сямігадовую школу і пэўны час працаваў у гаспадарцы бацькі. Скончыў Ленінградскі універсітэт (1931). З 1931 года — загадчык кафедры, дэкан геолага-глебава-геаграфічнага факультэта ЛДУ. У 1934 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме «Грунтазнаўства». У 1938—1939 гадах — рэктар Ленінградскага ўніверсітэта.
У 1939—1944 гадах працаваў у Наркамаце знешняга гандлю СССР. З 1944 года — прафесар, загадчык кафедры Інстытута знешняга гандлю СССР, з 1949 года — загадчык кафедры Маскоўскага дзяржаўнага ніверсітэта імя М. В. Ламаносава.
У 1953—1956 гадах — рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1956—1969 гадах — віцэ-прэзідэнт АН БССР, адначасова ў 1963—1970 гадах — загадчык Лабараторыяй геахімічных праблем АН БССР. У 1971—1977 гадах — дырэктар, адначасова з 1975 года — загадчык лабараторыі Інстытута геахіміі і геафізікі АН БССР.
Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР у 1951—1967 гадах, член Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР у 1963—1967 гадах.
На працягу 1957—1960 гадах з’яўляўся старшынёй навуковай рады Беларускага геаграфічнага таварыства.
Пахаваны на Усходніх могілках Мінска.
Працы па грунтазнаўству, фізічнай і эканамічнай геаграфіі, чацвярцічнай геалогіі і геахіміі, праблемах рацыянальнага выкарыстання і аховы навакольнага асяроддзя. Вёў інжынерна-геалагічныя даследаванні ў Забайкаллі і Амурскай вобласці (па трасе Байкала-Амурскай магістралі). Напісаў шэраг прац па эканоміцы ЗША, праблемах мінеральных рэсурсаў і геапалітыцы. Распрацаваў занальную геахімічную класіфікацыю кары выветрывання. Прапанаваў геахімічную тэорыю лёсаўтварэння. Вывучыў літалагічныя і геахімічныя асаблівасці розных генетычных тыпаў чацвярцічных адкладаў, даў іх класіфікацыю. Арганізаваныя і праведзеныя ім працы дазволілі ўсталяваць і ахарактарызаваць геахімічныя правінцыі на тэрыторыі Беларусі, вывучыць заканамернасці міграцыі многіх хімічных элементаў у паверхневай зоне зямной кары і ландшафтах, якія з’явіліся асновай для рашэння шэрагу прыкладных задач. Абгрунтаваў перспектывы пошукаў радовішчаў металаў і неметалічнай сыравіны на тэрыторыі Беларусі. У серыі манаграфій на прыкладзе Беларусі і іншых рэгіёнаў распрацаваў навуковыя асновы аховы навакольнага асяроддзя і біясферы. Пад яго кіраўніцтвам створаны першы ў гісторыі рэспублікі доўгатэрміновы прагноз змены навакольнага асяроддзя пад уплывам тэхнагенезу ў апошняй чвэрці ХХ ст.
Апублікаваў больш за 500 навуковых прац, у тым ліку 55 манаграфій і брашур.