RU BE

Вераніцын Канстанцін Васілевіч

Вераніцын Канстанцін Васілевіч - беларускі паэт

13 чэрвеня 1834г - 26 жніўня 1903г

Віцебская вобласць, Гарадоцкі раён, Астраўляне

Паэт

Руск. Вереницын Константин Васильевич

Удзельнік літаратурнага жыцця ў Беларусі сярэдзіны ХІХ ст., адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры. Найбойльш верагодны аўтар сатырычна-гумарыстычнай паэмы «Тарас на Парнасе».

Біяграфія

Паходзіў з прыгонных сялян памешчыкаў Бондыравых, прозвішча яго было Васільеў (або Васілёў), атрымаўшы вольную ў 1851 годзе ён прыпісаўся да гарадоцкіх мяшчан і ўзяў прозвішча Вераніцын.

Вучыўся ў Гарадоцкім прыходскім вучылішчы, Віцебскай гімназіі (1845—1852), Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі (1852—1854). З акадэміі ў 1854 быў выключаны, але гэта Вераніцына не спыніла. У 1857 як пансіянер Вольнага эканамічнага таварыства паступіў у Горы-Горацкі земляробчы інстытут адразу на трэці курс. У 1859 выдатна (у пераліку выпускнікоў быў першым) скончыў інстытут са званнем агранома, абараніў дысертацыю «О белорусском хозяйстве». Некаторы час працаваў кіраўніком прыватнага маёнтка. У 1863—1874 жыў і працаваў у Пецярбургу ў губернскай па сялянскіх справах установе і Галоўным таварыстве расійскіх чыгунак.

У 1874—1879 працаваў выкладчыкам прыродазнаўства, геаграфіі і гісторыі ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі. З 1880 служыў у Пецярбургу ў апараце Міністэрства шляхоў зносін. Жыў у доме па адрасу Поварскі завулак, 12, у якім у розныя часы жылі вядомыя рускія літаратары А. Някрасаў, М. Чарнышэўскі, І. Тургенеў. У 1900 выйшаў у адстаўку ў чыне стацкага саветніка.

Памёр 13 (26) жніўня 1903 у Лясным участку (цяпер Выбаргскі раён Санкт-Пецярбурга) ад наступстваў кровазліцця ў мозг і быў пахаваны на Мітрафаніеўскіх могілках.

Творы

У рукапісных сшытках фальклорных і літаратурных твораў А. Рыпінскага яму прыпісваюцца паэмы «Тарас на Парнасе» (тэкст з паметай: 1855, 15 красавіка, Гарадок) і «Два д'яўлы» (з паметай: 7.4.1860, Масква). Моўныя асаблівасці і рэаліі несумненна сведчаць пра сувязь апошняга твора з Віцебскам, а таксама пра тое, што аўтарства абедзвюх паэм належыць адной асобе. На карысць аўтарства К. Вераніцына сведчыць таксама яго біяграфія.

Ушанаванне памяці

У 2001 годзе на радзіме К. Вераніцына ў Астраўлянах і Гарадку пастаўлены мемарыяльныя знакі ў гонар паэмы «Тарас на Парнасе» і яе верагоднага аўтара.

Бібліяграфія

  • Вераніцын К. Тарас на Парнасе. Паэмы / Уклад. з тэкст. падрыхт. і камент. Ю. Пацюпы, прадм. Я. Янушкевіча. — Мн.: Маст. літаратура, 2009. — 79 с.
Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter
© «Нашы людзі», 2021-2024
Паведаміць пра памылку
Паведамленне адпраўлена!
Адбылася памылка :(