RU BE

Логінаў Уладзімір Фёдаравіч

Логінаў Уладзімір Фёдаравіч - беларускі географ, геафізік, кліматолаг

8 сакавіка 1940г

Віцебская вобласць, Гарадоцкі раён, Зялёнаўка

Географ, Геафізік, Кліматолаг

Руск. Логинов Владимир Фёдорович

Беларускі вучоны ў галіне геаграфіі і геафізікі, доктар геаграфічных навук (1982), прафесар (1989); член-карэспандэнт (1994), акадэмік (2000) Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, замежны член Расійскай акадэміі навук (2022, кліматалогія).

Біяграфія

Нарадзіўся 8 сакавіка 1940 года ў вёсцы Зялёнаўка Гарадоцкага раёна Віцебскай вобласці ў сям’і работніка лясной гаспадаркі. Скончыў пачатковую школу ў в. Зялёнаўка, пазней сям’я пераехала ў г. Гарадок, дзе В. Ф. Логінаў скончыў сямігадовую школу. Сярэднюю адукацыю атрымаў ў 1958 годзе ў г. Стары Аскол. У гэтым жа годзе паступіў на арктычны факультэт Ленінградскага вышэйшага інжынернага марскога вучылішча ім. адмірала С. О. Макарава, дзе атрымаў спецыяльнасць «акіяналогія (гідралогія мора)».

У 1965 годзе паступіў у аспірантуру Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта на кафедру метэаралогіі і кліматалогіі. Усяго за 2,5 года падрыхтаваў кандыдацкую дысертацыю і ў 1967 годзе паспяхова яе абараніў, датэрмінова скончыўшы аспірантуру. Пры падтрымцы рэктара ЛДУ акадэміка К. Я. Кандрацьева атрымаў працу ў ЛДУ і прапіску на вучэбнай базе ўніверсітэта ў пасёлку Саблін Ленінградскай вобласці.

У 1969 годзе В. Ф. Логінаў, прыняўшы прапанову працаваць у Інстытуце зямнога магнетызму, іанасферы і распаўсюджвання радыёхваль Сібірскага аддзялення АН СССР, пераязджае з сям’ёй у Іркуцк. Працуючы з 1969 па 1973 год у Іркуцку, Уладзімір Фёдаравіч падтрымліваў цесныя сувязі з ГГА ў Ленінградзе, Інстытутам геаграфіі АН СССР, Гідраметэацэнтрам. У гэтыя ж гады быў запрошаны на працу ў Стэнфардскі універсітэт ЗША, дзе працаваў у Інстытуце даследавання плазмы, у лабараторыі сонечна-зямных сувязяў.

У 1973 годзе пераязджае ў Обнінск, дзе да 1977 года працуе на пасадзе загадчыка лабараторыі сонечна-зямных сувязяў і сверхдоўгатэрміновых прагнозаў ва Усесаюзным навукова-даследчым інстытуце гідраметэаралагічнай інфармацыі — Сусветным цэнтры дадзеных Дзяржаўнага камітэта СССР па гідраметэаралогіі.

На працягу 1977—1983 гг. Уладзімір Фёдаравіч сумяшчаў пасады загадчыка лабараторыі і намесніка дырэктара па навуковай рабоце ў Галоўнай геафізічнай абсерваторыі ім. А. І. Воейкова. Праца ў ГГА — найстарэйшай навуковай арганізацыі Расіі, сусветны ўзровень даследаванняў, а таксама зносіны з найбуйнейшымі навукоўцамі ў галіне кліматалогіі аказалі вельмі дабратворны ўплыў на ўсё яго далейшае жыццё.

У 1980 годзе на аснове сваіх даследаванняў падрыхтаваў доктарскую дысертацыю «Зменлівасць метэаралагічных характарыстык у розных раёнах Паўночнага паўшар’я ў сувязі з уздзеяннем знешніх климатаўтваральных фактараў», якую абараніў у 1982 годзе ў Маскоўскім дзяржаўным універсітэце ім. М. В. Ламаносава.

З 1985 па 1987 год працаваў навуковым супрацоўнікам Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі ААН у Жэневе ў аддзеле кліматычных дадзеных.

У 1990 годзе пераехаў у Мінск, дзе з 1990 па 1997 год працаваў на пасадзе намесніка дырэктара па навуковай рабоце новага Інстытута праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі НАН Беларусі, а з 1997 па 2008 год — дырэктара.

Прызнаннем навуковых дасягненняў В. Ф. Логінава ў галіне климаталагічнай навукі ў Рэспубліцы з’явілася абранне яго ў 1994 годзе членам-карэспандэнтам, а ў 2000 годзе — акадэмікам НАН Беларусі.

На працягу 1993—1996 гг. ён быў намеснікам старшыні Міжнароднага арганізацыйнага камітэта і кіруючай групы Савета Еўропы па правядзенні Еўрапейскага года аховы прыроды. На працягу многіх гадоў з’яўляўся экспертам па праектах ІНТАС (INTAS).

З 1995 па 2002 гг. загадваў кафедрай агульнага землязнаўства у БДУ, з 2006 па 2008 гг. — у Міжнародным экалагічным універсітэце ім. А. Д. Сахарава.

У 2007 годзе Уладзімір Фёдаравіч перадаў кіраўніцтва лабараторыяй кліматалогіі маладому і перспектыўнаму доктару навук С. В. Какарэка. У 2008 годзе выступіў ініцыятарам перадачы кіраўніцтва Інстытутам прыродакарыстання ў маладыя рукі. 18 чэрвеня 2008 года ўступіў на пасаду галоўнага навуковага супрацоўніка лабараторыі кліматалогіі і трансгранічнага забруджвання.

Навуковая дзейнасць

Вывучэнне пытанняў змены клімату. Публікацыя работ не толькі ў метэаралагічных і геаграфічных выданнях, але і ў «Астранамічным часопісе», бюлетэні «Сонечныя дадзеныя», часопісе «Геамагнетызм і аэраномія» сведчыць аб рознастароннасці інтарэсаў маладога навукоўца.

Даследаванне прычын і следстваў вагання клімату. В. Ф. Логінаў пайшоў па шляху вывучэння агульных фізіка-хімічных механізмаў фарміравання кліматычных з’яў у розных прасторава-часавых інтэрвалах.

Паглыбленае вывучэнне климатаўтваральных фактараў дазволіла абгрунтаваць гіпотэзу аб зменлівасці адной з вядомых у астрафізіцы канстант — Сонечнай пастаяннай — і нестабільнасці сонечна-атмасферных сувязяў, выканаць шэраг цікавых даследаванняў у галіне геліагеафізікі і кліматалогіі. Атрыманыя ў гэтым напрамку вынікі дазволілі выявіць прасторава-часавыя заканамернасці ўплыву сонечнага выпраменьвання на тэрмадынамічны рэжым ніжняй атмасферы, раскрыць механізмы гэтага ўплыву. Асноўная ўвага надавалася даследаванню прычын няўстойлівасці сонечна-атмасферных сувязяў. Далейшая праца была накіравана на паглыбленае вывучэнне фактараў зменлівасці прытоку сонечнай радыяцыі, найважнейшым з якіх з’яўляецца атмасферны аэразоль вулканічнага і антрапагеннага паходжання.

Шырокія даследаванні дазволілі выявіць асноўныя заканамернасці фарміравання экстрэмальных кліматычных з’яў: засух, суровых і цёплых зім, паводак. На аснове гэтых даследаванняў былі сфармуляваны метадычныя перадумовы прагназавання пералічаных кліматычных з’яў.

Уладзімір Фёдаравіч актыўна займаўся арганізатарскай працай па станаўленню і развіццю новага прыродазнаўчага напрамку навуковых даследаванняў. Былі створаны новыя лабараторыі, у тым ліку лабараторыя кліматалогіі. Менавіта Уладзімір Фёдаравіч стаў ініцыятарам і арганізатарам фундаментальных і прыкладных кліматычных даследаванняў, накіраваных на атрыманне адзнак ўплыву змяненняў клімату на гаспадарчую дзейнасць і гаспадарчай дзейнасці на клімат. У 1992 г. выйшла яго манаграфія «Прычыны і следства кліматычных зменаў».

У канцы 1990-х гг. пад кіраўніцтвам В. Ф. Логінава пачаў развівацца новы напрамак — кліматалогія сутачных метэаралагічных назіранняў, які быў цесна звязана з даследаваннямі клімату гарадоў. Пад яго кіраўніцтвам выканана буйнамаштабнае тэарэтычнае і прыкладное даследаванне клімату Беларусі, устаноўлены прасторава-часавыя заканамернасці яго змяненняў, распрацавана Нацыянальная кліматычная праграма. У 2010 годзе Уладзімір Логінаў распрацаваў Канцэпцыю экалагічнай бяспекі ў складзе Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь.

Узнагароды і прэміі

  • Медаль Францыска Скарыны (2009).
  • Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі (2002, у аўтарскім калектыве) — за цыкл прац «Дыягностыка стану прыроднага асяроддзя на аснове аэракасмічных, лідарных, наземных і хіміка-аналітычных метадаў і сродкаў: даследаванні, распрацоўкі, укараненне».
  • Прэміі НАН Беларусі (1997, 2007).
  • Памятны медаль Парламенцкага Савета Саюза Беларусі і Расіі.
  • Ганаровы дыплом Міждзяржаўнага Савета СНД па метэаралогіі (1999).

Бібліяграфія

  • Климат Беларуси. Мн.: Институт геологических наук АН Беларуси, 1996 (в соавт.).
  • Природная среда Беларуси. Мн.: НОООО «БИП-С», 2002 (в соавт.).
  • Изменения климата Беларуси и их последствия. Мн.: Тонпик, 2003 (в соавт.).
  • Прогнозирование изменения окружающей природной среды Беларуси // Природные ресурсы. 2005. № 2.
  • Водный баланс речных водосборов в Беларуси. Мн.: Тонпик, 2006 (в соавт.).
  • Глобальные и региональные изменения климата: причины и следствия. Мн.: Тетрасистемс, 2008.
Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter
© «Нашы людзі», 2021-2024
Паведаміць пра памылку
Паведамленне адпраўлена!
Адбылася памылка :(