RU BE

Данцыг Май Вольфавіч

Данцыг Май Вольфавіч - беларускі жывапісец, мастак

27 красавіка 1930г - 26 сакавіка 2017г

Мінская вобласць, Мінскі раён, Мінск

Жывапісец, Мастак

Руск. Данциг Май Вольфович

Беларускі жывапісец. Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1968). Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1973). Народны мастак Беларусі (1995). Кавалер ордэна Францыска Скарыны (2005).

Біяграфія

Скончыў у 1952 годзе Мінскае мастацкае вучылішча, у 1958 годзе — Маскоўскі мастацкі інстытут імя Сурыкава. З 1958 года выкладаў у Беларускай акадэміі мастацтваў, з 1980 года — прафесар. З 1962 года ўваходзіў у праўленне Саюза мастакоў БССР.

З восені 1988 да лета 2001 г. старшыня Мінскага аб’яднання яўрэйскай культуры імя Ізі Харыка. У першай палове 1990-х гг. займаўся праблемамі ўвекавечання памяці вязняў Мінскага гета як старшыня грамадскай камісіі па стварэнні мемарыяльнага комплексу. У 1995 г. уваходзіў у рэдкалегію газеты «Авив хадаш» (Мінск). Быў віцэ-прэзідэнтам Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын.

Творчасць

Працаваў у розных жанрах станковага жывапісу. Сярод работ: тэматычныя карціны «Раніца новага Мінска» (1959), «Партызанскае вяселле» (1968), «Купалаўскія радкі» (1972), «Легенда Беларусі» (1975), «І памятае свет уратаваны…» (1985—1995); лірычныя пейзажы «Стары і новы Мінск» (1963), «Мой горад старажытны, малады» (1972), «Цішыня» (1976), «Бацькаўшчына мая» (1982), «Мая Лагойшчына» (1985), серыя «Віцебск — радзіма Шагала» (1994); нацюрморты «Бэз» (1962), «Аб Вялікай Айчыннай…» (1968), «Ялінка» (1971), «Палітра новабудоўляў» (1979); партрэты «Сталявар» (1956), «Кінарэжысёр Э. Клімаў» (1985), пісьменнікаў А. Адамовіча, Васіля Быкава (абодва 1986), А. Анікейчыка і інш. З твораў манументальнага жывапісу: мазаічнае пано «Партызанскі паход» у кінатэатры «Партызан» (1966), мазаіка ў гасцініцы «Юбілейная» (1969, з Б. Няпомняшчым) — абодва ў Мінску. Творам Данцыга былі ўласцівы арыгінальныя кампазіцыйныя рашэнні, драматургічнасць зместу. Канструктыўна-пластычнае валоданне колерам, спалучэнне прыёмаў манументальнага і станковага мастацтваў, метафарычнасці і канкрэтыкі дазвалялі яму ствараць яркія мастацкія вобразы, поўна раскрыць сваю творчую індывідуальнасць.

Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter
© «Нашы людзі», 2021-2024
Паведаміць пра памылку
Паведамленне адпраўлена!
Адбылася памылка :(