RU BE

Міхась Чарот

Міхась Чарот - беларускі драматург, пісьменнік, паэт, празаік

7 лістапада 1896г - 29 кастрычніка 1937г

Мінская вобласць, Пухавіцкі раён, Рудзенск

Драматург, Пісьменнік, Паэт, Празаік

Руск. Михась Чарот

Беларускі паэт, драматург, празаік, рэдактар, грамадскі дзеяч. Псеўданімы: Максім Бяднейшы; Юрка Куртаты; В.Чарот; Крыптанімы: М. К.; М.К-ка; Ч. М.; М. Ч.; М.Ч-т; Ч-т.

Біяграфія

Сям’я

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Дзед Міхася Чарота быў майстрам па ткацтве і атрымаў адпаведнае яго заняткам прозвішча ад пана, бабуля паэта працавала карміцелькай у панскім палацы.

Меў двух братоў і сясцёр: Паўла (інжынер і хатні педагог), Аляксандра (аграном), Марыю (кухарка) і Насту (актрыса).

Стрыечны брат Міхася Чарота, Іосіф Кудзелька, быў начальнікам упраўлення па ахове аўтарскіх правоў пры СП БССР, іншы, Іван Кудзелька, займаў пасаду народнага камісара фінансаў БССР.

Адукацыя і прафесійная дзейнасць

Першую адукацыю атрымаў у наёмнага настаўніка і ў Цітвянскім двухгадовым вучылішчы. У 1913—1917 гадах вучыўся ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі. У гады Першай сусветнай вайны семінарыя эвакуіравалася ў Смаленск, дзе прайшлі два апошнія гады навучання Міхася Чарота. Пасля сканчэння вучобы быў мабілізаваны ў армію.

Служыў афіцэрам запаснога палка ў Кузнецку, там разам з іншымі афіцэрамі-беларусамі намагаўся стварыць беларускі гурток. Падчас Грамадзянскай вайны і інтэрвенцыі ўсталяваў сувязь з падпольнымі рэвалюцыйнымі арганізацыямі на Беларусі, працаваў у паўстанчым камітэце і займаўся арганізацыяй паўстанцкіх атрадаў.

Вясной 1918 года вярнуўся ў Менск, дзе пачаў настаўнічаць у беларускай школе; паступіў у МВПІ. Спяваў у хоры У. Тэраўскага пры «Беларускай хатцы» (меў прыгожы барытон), быў старшынёй тэатральнай суполкі «Маладзік», потым — Таварыства працаўнікоў беларускага мастацтва, выконваў ролі ў трупе Уладзіслава Галубка.

У 1919 годзе стаў членам Белнацкама і створанай пры ім Ваеннай Рады. Быў адным з арганізатараў Беларускай камуністычнай арганізацыі, якая ў студзені 1920 года ўтварылася з членаў «Маладой Беларусі». У 1920 г. уступіў у УКП(б). З 1920 года — супрацоўнік, у 1925—1929 гадах — рэдактар газеты «Савецкая Беларусь». У 1930—32 гг. рэдактар двухтыднёвіка «Чырвоная Беларусь».

У 1923 годзе ўдзельнічаў у стварэнні літаратурнага аб’яднання «Маладняк» (уладальнік яго пасведчання № 1), з якога выйшаў у канцы 1927 г. Некаторы час быў членам аб’яднання «Полымя», затым уступіў у Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў.

У 1922—1924 гадах — кандыдат у члены, у 1924—1931 г. — член ЦВК БССР. У 1924 годзе вучыўся ў Маскве ў Дзяржаўным інстытуце журналістыкі.

У 1927 годзе падчас камандзіроўкі ад Наркамасветы разам з Ц. Гартным і М. Зарэцкім пабываў у Латвіі, Германія, Францыі і Чэхаславакіі. У 1927 годзе быў у праўленні Беларускага таварыства па культурных сувязях з замежжам. У 1930-я гады працаваў загадчыкам літаратурнага сектара Дзяржаўнага выдавецтва БССР, кансультантам у кабінеце маладога аўтара Саюза пісьменнікаў БССР. Прысвяціў фігурантам справы «Саюза вызвалення Беларусі» верш «Суровы прыгавор падпісваю першым…», у якім асуджаў іх за нацдэмаўшчыну. Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1934).

Арышт

Арыштаваны 24 студзеня 1937 года ў Менску па адрасе: вул. Ленінская, д. 35, кв. 1, адначасова выключаны з УКП(б). Сядзеў у адной камеры з паэтам Юркам Лявонным. Асуджаны пазасудовым органам НКУС 28 кастрычніка 1937 г. як удзельнік «контрарэвалюцыйнай нацдэмаўскай арганізацыі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Прыгавораны да расстрэлу 28 кастрычніка 1937 года. Апошні верш «Прысяга» (пра асабістую невінаватасць) запісаў на сцяне менскай унутранай турмы НКУС, дзе яго ўбачыў і захаваў у памяці Мікола Хведаровіч: «у 1939 годзе я быў пераве­дзены ў адзіночную камеру. Уважліва аглядзеў сцены, шукаючы надпісаў, і вось у кутку прачытаў тэкст верша, выкалупаны нечым вострым на сцяне. Гэта была апошняя сустрэча з маім любімым паэтам і другам Міхасём Чаротам. Гадамі я захоўваў гэтыя яго словы ў сэрцы». Празаік і паэт Масей Сяднёў у сваім рамане «Раман Корзюк» згадаў, як скатаванага М. Чарота свядома спойвалі, каб у непрытомнасці выпытваць новыя імёны «здраднікаў». Пасля допытаў і катаванняў прызнаў сябе вінаватым. Расстраляны ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года. Савецкія крыніцы пазначаюць дату смерці 14 снежня 1938 г., не згадваючы факта расстрэлу.

Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 8 снежня 1956 года. Асабовая справа М. Чарота № 8153-с з фотаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Творчасць

Пісаць пачаў у трынаццацігадовым узросце. Першыя паэтычныя спробы М. Чарота адносіліся да часоў вучобы ў семінарыі і не захаваліся. Друкаваўся з 1918 (паводле іншых звестак — з 1919), яго вершы «Пад крыжам», «Звон», «Песня беларуса» з'явіліся ў газетах «Беларусь», «Звон», пазней гэтыя і іншыя вершы ўвайшлі ў кніжку паэзіі «Завіруха» (1922 — першы зборнік М. Чарота).

Пачатковы этап творчасці адметны нацыянальна-патрыятычным гучаннем. У вершы «Ахвярую беларускаму хору Тэраўскага» паэт заклікаў да абуджэння краю, духоўнае і гістарычнае адраджэнне народа бачыў у апоры на нацыянальную самасвядомасць. У вершы «На шляху адраджэння» спрабаваў зазірнуць у будучыню і нібы прадчуваў цяжкі шлях і вялікія ахвяры.

Пасля 1921 нацыянальна-патрыятычныя матывы саступаюць месца рэвалюцыйна-пралетарскім, у творчасці дамінуе матыў супрацьпастаўлення мінулага гаротнага жыцця пад прыгнётам новаму радаснаму. якое настала з перамогай рэвалюцыі. У вершы «Скокі на могілках» мінулае малюе ў вобразе суцэльных могілак, на якіх адбываецца пралетарская оргія, праз акт вандалізму вяршыцца гвалт над гісторыяй Беларусі. Паэтычную версію рэвалюцыі на Беларусі М. Чарот даў у паэме «Босыя на вогнішчы» (1922), дзе паказаў, што Беларусь была толькі адбіткам расійскіх рэвалюцыйных падзей. У паэме-фантазіі «Чырванакрылы вяшчун» (1923) стварыў мастацкую ідэалізацыю вобраза «ўсясветнай камуны» і апісаў палёт на аэраплане над рознымі краінамі як місію распаўсюджвання вызваленага агню рэвалюцыі. У паэме «Ленін» (1924) у апалагетычным стылі ўслаўляў правадыра пралетарскай рэвалюцыі. У паэме «Беларусь лапцюжная» (1924) паказаў паслярэвалюцыйнае абнаўленне жыцця, збліжэнне горада і вёскі. У паэме «Марына» (1925) адлюстравана героіка-рэвалюцыйнае змаганне часоў грамадзянскай вайны на фоне рамантычнага, фальклорна-ідэалізаванага кахання. У паэме «Карчма» (1925), прысвечанай Я. Купалу, тэма мінулага і сучаснага Беларусі набывае нечаканыя абрысы: лірычны герой, нягледзячы на сацыяльнае перараджэнне, смуткуе ад развітання з мінулым. У кнізе вершаў «Сонечны паход» (1929) з'явіліся новыя тэмы змрочнага Захаду, дзе ў цяжкім палоне гібеюць працоўныя, і шчаслівай пралетарскай краіны.

У зборніку навел «Веснаход» (1924) М. Чарот сцвердзіў сябе як майстра прозы, стварыў псіхалагічна глыбокія характары герояў, беларуская рэчаіснасць 1920-х гадоў паказана з гумарам, часам досыць апалагетычна. Прыгодніцкая аповёсць «Свінапас» (1923—24) пра падзеі грамадзянскай вайны — рамантычна гераізаваны твор (паводле аповесці стварыў з Ю. Тарычам сцэнарый першага беларускага мастацкага фільма «Лясная быль» — пастаўлены ў 1926).

Музычная драма «На Купалле» (нап. 1921, не збераглася, паст. БДТ-1; 1921, адноўлены тэкст апублікаваны ў 1982), вадэвіль «Мікітаў лапаць» (апубл. 1923, паст. Першым таварыствам беларускай драмы і камедыі; ролю Мікіты выконваў аўтар), іншыя пастаноўкі, дзіцячыя п'есы «Данілка і Алеська» (1920), «Пастушкі» (1921) прынеслі М. Чароту прызнанне як драматургу. Апублікаваў п'есу «Дажынкі» і аднаактоўку «Сон на балоце» (1924).

У 1930-я г. М. Чарот практычна адышоў ад літаратурнай дзейнасці. Вершам «Суровы прыгавор падпісваю першым» далучыўся да публічнага асуджэння рэпрэсіраваных беларускіх пісьменнікаў. Нешматлікія вершы страчваюць мастацкую навізну, ператвараюцца ў апалагетычныя агіткі. 3 іх выбіваўся верш «Лірычны эскіз», які гучаў як палемічнае самаапраўданне. Апошні верш «Прысяга» аб асабістай невінаватасці, напісаны на сцяне менскай турмы, быў захаваны ў памяці М. Хведаровічам.

Кампазітар У. Тэраўскі, пазней кампазітар А. Туранкоў стварылі на тэкст п'есы «На Купалле» оперу «Кветка шчасця».

Творы

Паэзія

  • 1922 — «Завіруха» (зборнік).
  • 1922 — «Босыя на вогнішчы» (паэма).
  • 1925 — «Выбраныя вершы».
  • 1926 — «Карчма», «Ленін», «Марына» (паэмы).
  • 1927 — «Беларусь лапцюжная» (паэма).
  • 1927 — «Чырванакрылы вяшчун» (паэма-фантазія).
  • 1928 — «Паэмы».
  • 1929 — «Сонечны паход».
  • 1935 — «Выбраныя вершы і паэмы».
  • 1933—1936 — Збор твораў у 3 тамах.
  • 1958 — Збор твораў у 2 тамах.
  • 1967 — «Выбраныя вершы і паэма».
  • 1982 — «Выбранае».
  • 1986 — «У сонечным паходзе» (вершы і паэмы).

Проза

  • 1924 — «Веснаход» (зборнік апавяданняў).
  • 1926 — «Выбраныя апавяданні».

П’есы

  • «Мікітаў лапаць» — выдадзена і пастаўлена ў 1923.
  • «Дажынкі» — у 1924.
  • аднаактоўка «Сон на балоце» — у 1924.
  • дзіцячая п’еса «Пастушкі. Данілка і Алеська» — у 1925.
  • музычная драма «На Купалле» (адноўлены тэкст выдадзены ў 1982, пастаўлена ў 1921, кампазітар А. Туранкоў стварыў на тэкст п’есы оперу «Кветка шчасця»).

Ацэнкі

Даследчыкі называюць Міхася Чарота адным з лідараў беларускай савецкай літаратуры 20-х гадоў. Яго творчасць адбіла ў сабе рамантычныя парыванні, супярэчнасці і вялікія ілюзіі свайго часу. Зрэшты, ацэнка творчасці Міхася Чарота сярод сучаснікаў ніколі не была адназначнаю. Язэп Пушча, рэцэнзуючы выданне паэмы «Ленін» (1926), крытыкаваў твор за «алавяна-лёгкія і гранітна-васковыя» стылістычныя прыёмы, якія «мядзведжым спрытам варочаюцца ў гушчэчы шматкроп'яў, засланяючы сабою сэнс тых з'яў, якія яны падручыліся перадаць». Таксама паэт ушчуваў М. Чарота за адсутнасць зместу.

Іншую пазіцыю датычна паэтычнай чыннасці Міхася Чарота заняў Максім Гарэцкі, для якога творчасць паэта была кангламератам дасягненняў і недахопаў паслякастрычнікай літаратуры ў цэлым, а сам Чарот быў для яго паэтам таленавітым, аднак супярэчлівым. М. Гарэцкі адзначаў, што Міхась Чарот мае моцны прыродны талент і пры ўсіх недахопах з'яўляецца «найлепшым у беларускай літаратуры песняром Кастрычнікавай рэвалюцыі». Згадваючы «шэсць паэм» Міхася Чарота, М. Гарэцкі адзначае, што гэта «найлепшае ў беларускай пралетарскай паэзіі».

Адам Бабарэка ў артыкуле «Лірыка Міхася Чарота» (Маладняк, 1925, № 9) адзначыў гіпербалічнасць як адзін з улюбёных прыёмаў паэта. Галоўнай высновай артыкула было тое, што «Чарот першы на беларускіх загонах ажыццявіў на практыцы марксісцкі погляд на літаратуру, як на зброю класавага змагання». Крытык з ковенскага часопіса «Крывіч (1923)» прызнаючы за Чаротам вялікі талент, рабіў сур'ёзныя закіды паэту адносна мовы яго твораў, засмечанай русізмамі і «барбарызмамі»; выказваў меркаванне, што ў творах паэта «больш пераважае мляўкая перафразоўка камуністычных лістовак», чым глыбіннае пранікненне ў сутнасць глабальных гістарычных падзей.

Паводле М. Мішчанчука, усё напісанае пра Міхася Чарота пасля 1928 з'яўляецца аднабаковай, ідэалагізаванай ацэнкай, дадзенай прыхільнікамі сацыялістычнага рэалізму ў яго сталінскай трактоўцы, паводле якой Чарот — «грамадзянскі паэт ярка выражанай адычнай арыентацыі». Гэта выразна выявілася ў неўключэнні твораў «Карчма», «На шляху адраджэння», «Буралом», «Пад крыжам», «З сучасных настрояў», «Вечная бура» ў выданні 1930—1980 гг. праз несупадзенне трагедыйных, філасофска-медытацыйных і роздумна-элегічных вершаў з разрэкламаванай крытыкай паэтавым аптымізмам.

У чэрвені 1924 вядомы маскоўскі паэт, празаік і кінасцэнарыст Мацвей Ройзман (1896—1973) у артыкуле «Белорусский имажинизм» (часопіс «Гостиница для путешествующих в прекрасном», № 4) аднёс М. Чарота да пачынальнікаў беларускага імажынізму: «М. Чарот (может быть бессознательно) положил начало белорусскому имажинизму». Паводле В. Жыбуля, рысы паэтыкі імажынізму, спалучаныя з традыцыямі беларускай народнай творчасці, прысутнічаюць у шэрагу вершаў М. Чарота 1922—1924 гг. («Вясну пяю», «Я зноў — дзе поле каласамі…», «Чырвоныя вяснянкі», «Вясенні балаган», «Зарунела, зарунела…», «Камсамолія», «Ленінамайскае»).

Памяць

Іменем Міхася Чарота названы вуліцы ў Мінску, Гродне, Маладзечне і Рудзенску. У апошнім, на будынку Дома культуры прымацавана мемарыяльная дошка.

Да 100–гадовага юбілею пісьменніка РУП «Белпошта» выпусціла канверт (мастак Віктар Сташчанюк). У 2021 годзе быў выпушчаны маркіраваны канверт, прысвечаны да 125-годдзя з дня нараджэння пісьменніка (дызайн канверта Святлана Цырулік).

Спампаваць кнігі

Босыя на вогнішчы
Спампаваць: fb2, txt
Вершы
Спампаваць: fb2, txt
Краснокрылый пророк
Спампаваць: pdf
Сон Габруся
Спампаваць: fb2, txt
Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter
© «Нашы людзі», 2021-2024
Паведаміць пра памылку
Паведамленне адпраўлена!
Адбылася памылка :(