21 верасня 1923г - 25 кастрычніка 2015г
Мінская вобласць, Бярэзінскі раён, Лучны Мост
Руск. Борисевич Николай Александрович
Беларускі фізік, акадэмік Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі (1969, чл.- кар. з 1966), Акадэміі навук СССР (1981), РАН (1991), шэрагу замежных акадэмій. Заслужаны дзеяч навукі Беларусі (1994).
Перад пачаткам Другой сусветнай вайны скончыў Сялібскую сярэднюю школу. У вайну займаўся падпольнай працай, а затым пайшоў у партызанскі атрад. Пасля злучэння атрада з Чырвонай Арміяй быў салдатам-артылерыстам. Дайшоў да Берліна.
У 1950 годзе скончыў фізічна-матэматычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Леніна. Затым скончыў аспірантуру Дзяржаўнага аптычнага інстытута імя С. І. Вавілава (Ленінград). Пасля абароны дысертацыі вярнуўся ў Мінск і прыняў удзел у стварэнні Інстытута фізікі Акадэміі навук БССР.
У 1954—1963 — дацэнт БДУ.
У 1955—1969 гг. намеснік дырэктара, з 1957 г. загадчык лабараторыі Інстытута фізікі, з 1992 г. Інстытута малекулярнай і атамнай фізікі. З 2007 г. — загадчык лабараторыі Інстытута фізікі імя Б. І. Сцяпанава НАН Беларусі, з 2012 — галоўны навуковы супрацоўнік гэтага інстытута.
З 22 студзеня 1969 г. віцэ-прэзідэнт, з 14 мая таго ж года прэзідэнт Акадэміі навук БССР (да 1987).
У 1969—1987 гг. галоўны рэдактар часопіса «Доклады Академии наук БССР».
У 1971—1987 гг. старшыня камітэта па Дзяржаўных прэміях БССР у галіне навукі і тэхнікі.
З сакавіка 1987 г. загадчык лабараторыі Фізічнага інстытута імя П. М. Лебедзева Расійскай акадэміі навук.
З 1992 г. ганаровы прэзідэнт НАН Беларусі.
З 1994 г. па 2012 галоўны рэдактар «Журнала прикладной спектроскопии».
У 1969—1989 гг. дэпутат Вярхоўнага Савета СССР.
Памёр 25 кастрычніка 2015 года.
Займаўся даследаваннямі па люмінесцэнцыі і спектраскапіі складаных малекул, квантавай электроніцы, інфрачырвонай тэхніцы.
Распрацаваў статыстычную тэорыю фотафізічных працэсаў у складаных малекулах, увёў новыя спектраскапічныя характарыстыкі малекул і распрацаваў метады іх вызначэння.
Адкрыў з’яву стабілізацыі-лабілізацыі электронна-узбуджаных шмататамных малекул, зарэгістраваную як навуковае адкрыццё.
Выявіў тэрмічна актываваную і ініцыяваную лазерным выпраменьваннем запаволеную флюарасцэнцыю, люмінесцэнцыю пры электрычным узбуджэнні, палярызацыю люмінесцэнцыі і вымушанага выпраменьвання, а таксама генерацыю выпраменьвання складана-малекулярных пароў.
Былі прапанаваны квантавыя генератары з селектыўнымі стратамі, лазеры на складаных малекулах у газавай фазе — лазер на парах арганічных злучэнняў.
З дапамогаю піка- і фемтасекундавых лазерных імпульсаў даследаваў звышхуткія рэлаксацыйныя працэсы і структурныя перабудовы ў арганічных малекулах; пры ахаладжэнні малекул у звышгукавых струменях атрымаў тонкаструктурныя спектры вольных малекул і комплексаў.
Аўтар больш 270 навуковых прац, у тым ліку 3 манаграфій.
Доктар фізіка-матэматычных навук (1965), прафесар (1967).
Герой Сацыялістычнай працы (1978), заслужаны дзеяч навукі Беларусі (1994).
Дзяржаўная прэмія СССР 1973 года за даследаванні рассеянне выпраменьвання дысперснымі сістэмамі і стварэнне новае класы аптычных фільтраў для шырокай вобласці інфрачырвонага спектру. Ленінская прэмія 1980 года за стварэнне новага навуковага напрамку — спектраскапія вольных складаных малекул. Дзяржаўная прэмія Беларусі 1998 года (у сааўтарстве) за цыкл прац «Дынаміка аварачальнага руху электронна-узбуджаных шмататамных малекул у газавым асяроддзі».
Замежны член Чэхаславацкай акадэміі навук (1977), Славенскай акадэміі навук і мастацтваў (1981), член Расійскай акадэміі навук (1991), сапраўдны член Еўрапейскай акадэміі навук, мастацтваў і славеснасці (1991), ганаровы доктар прыродазнаўчых навук Енскага ўніверсітэта імя Ф. Шылера (1983).
Узнагароджаны ордэнамі Леніна (1971, 1975, 1978, 1983), Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1973), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1967), Айчыннай вайны I (1945) і II (1985) ступеняў, Чырвонай Зоркі (1944, 1945), Дружбы (2001), Францыска Скарыны (2003), медалямі.
Навуковыя ўзнагароды: Медаль Мікалая Каперніка Польскай АН (1973), залаты медаль «За заслугі перад навукай і чалавецтвам» Чэхаславацкай АН (1983), залаты медаль Славацкай АН «За выключныя заслугі перад навукай» (1983), эалаты медаль НАН Беларусі «За вялікі ўклад у развіццё навукі».
Прэмія НАН Беларусі і Сібірскага аддзялення Расійскай АН імя акадэміка В. А. Капцюга (2001).
Ганаровы грамадзянін Мінска.