RU BE

Падлужны Аляксандр Іосіфавіч

Падлужны Аляксандр Іосіфавіч - беларускі мовазнавец

16 жніўня 1935г - 21 лістапада 2005г

Магілёўская вобласць, Мсціслаўскі раён, Залессе

Мовазнавец

Руск. Подлужный Александр Иосифович

Беларускі мовазнавец, доктар філалагічных навук (1982), прафесар (1989), акадэмік НАН Беларусі (1994), сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі (1997—2002), дырэктар Інстытута мовазнаўства (1989—2003), заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь (1999).

Біяграфічныя звесткі

Скончыў Аддзяленне беларускай мовы і літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1959), аспірантуру пры Інстытуце мовазнаўства (1964). Кандыдацкая дысертацыя на тэму «Фаналагічная сістэма беларускай літаратурнай мовы».

3 1962 года ў Інстытуце мовазнаўства (з 1969 загадчык аддзела, з 1983 намеснік дырэктара, з 1989 дырэктар), адначасова з 1997 акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай АН Беларусі.

У навуцы

Займаўся праблемамі сучаснай беларускай мовы і сацыялінгвістыкі, у раздзелах беларускай фанетыкі і фаналогіі, сучаснай беларускай лексікалогіі, граматыкі, правапісу і культуры мовы, моўнай палітыкі. Аўтар больш за 150 навуковых прац, у т.л. 16 манаграфій.

У 1990-я гады быў намеснікам старшыні Дзяржаўнай камісіі па ўдасканаленні беларускага правапісу і кіраўніком рабочай групы па падрыхтоўцы праекту новай рэдакцыі «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі». Пад яго кіраўніцтвам былі складзеныя «Высновы» камісіі з апісаннем асноўных падыходаў да змянення існуючых правапісных норм, і праект новай рэдакцыі «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (праект асвятляўся ў друку каля 2000—2002, але не ажыццяўляўся).

Быў старшынём Навуковай рады «Беларуская мова і шляхі яе развіцця», членам рабочай групы і кіраўніком беларускай нацыянальнай групы Міжнароднай камісіі па «Агульнаславянскім мовазнаўчым атласе», членам Камісіі па фанетыцы і фаналогіі пры Міжнародным камітэце славістаў, членам рэдакцыі бюлетэню «Беларуская лінгвістыка», старшынём Рэспубліканскай тэрміналагічнай камісіі пры НАН Беларусі.

Падрыхтаваў 12 кандыдатаў навук, і сярод яго вучняў — некалькі дактароў навук. З 1989 года галоўны рэдактар часопіса «Беларуская лінгвістыка».

Ацэнкі

Лічыцца заснавальнікам беларускай фанетычнай школы.

На пасадах намесніка дырэктара па навуковай рабоце і дырэктара Інстытуту мовазнаўства на працягу 20 гадоў фактычна ажыццяўляў каардынацыю ўсёй лінгвістычнай навукі ў Беларусі, а на пасадзе сакратара Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі вызначаў напрамкі даследаванняў у галіне ўсёй гуманітарнай навукі ў краіне.

Сваім удзелам у фундаментальных працах па нармалізацыі беларускага літаратурнага маўлення «Слоўнік беларускай мовы: Арфаэпія, арфаграфія, акцэнтуацыя, словазмяненне» і «Беларуская граматыка», дапамог «стрымаць дэструктыўныя тэндэнцыі ў сістэме беларускай літаратурнай мовы ў канцы XX ст. і захаваць адносную стабільнасць норм беларускай літаратурнай мовы і яе функцыянаванне ў грамадстве».

Працы

  • «Фаналагічная сістэма беларускай літаратурнай мовы» (1969), манаграфія, у якой упершыню даследаваны фанемны склад беларускай мовы і разгледжаны механізм функцыянавання гукаў, які не паддаецца непасрэднаму назіранню. Гэта даследаванне з’явілася тэарэтычнай асновай для эксперыментальнага вывучэння гукаў беларускай мовы.
  • «Гукі беларускай мовы» (1973; супольна з В. М. Чэкманам), праца, у якой разгледжаны асаблівасці ўтварэння галосных і зычных гукаў беларускай мовы, і такое апісанне ўпершыню ў беларускім мовазнаўстве ажыццёўлена на эксперыментальным матэрыяле. Праца дала пачатак стварэнню навуковай апісальнай фанетыкі сучаснай беларускай літаратурнай мовы, і да нашага часу з’яўляецца базай усёй навучальнай літаратуры па фанетыцы і фаналогіі беларускай мовы.
  • «Нарыс акустычнай фанетыкі беларускай мовы» (1977), манаграфія.
  • «Фанетычная сістэма беларускай мовы» (1981), доктарская дысертацыя, у якой упершыню ў беларускім мовазнаўстве прыведзены атрыманыя эксперыментальным шляхам звесткі пра акустычную будову маўлення і асаблівасці яго ўспрымання, і прапанавана акустычная класіфікацыя гукаў на аснове гэтай структуры.
  • «Фанетыка слова ў беларускай мове» (1983), манаграфія.
  • «Фанетыка беларускай літаратурнай мовы» (1989), манаграфія.
  • «Пытанні тэорыі і практыкі беларускай навуковай тэрміналогіі» (1999), манаграфія.
Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter
© «Нашы людзі», 2021-2024
Паведаміць пра памылку
Паведамленне адпраўлена!
Адбылася памылка :(