15 жніўня 1903г - 21 кастрычніка 1977г
Гомельская вобласць, Мазырскі раён, Кустоўніца
Руск. Рокицкий Пётр Фомич
Беларускі генетык. Акадэмік Акадэміі навук БССР (1967), доктар біялагічных навук (1940), прафесар (1940). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1973).
Скончыў Маскоўскі універсітэт (1927). З 1930 года старшы навуковы супрацоўнік Усесаюзнага інстытута жывёлагадоўлі, адначасова з 1932 года дацэнт кафедры генетыкі Маскоўскага дзяржаўнага універсітэта. У 1938—1948 гг. загадчык кафедры, дэкан факультэта, намеснік дырэктара Маскоўскага пушна-футравага інстытута. З 1949 года старшы навуковы супрацоўнік, загадчык аддзела заалогіі жывёлагадоўлі Комі філіяла АН СССР, у 1957—1960 гадах загадчык сектара біялогіі Усесаюзнага інстытута навуковай інфармацыі. У 1960—1969 гадах загадчык кафедры заалогіі пазваночных жывёл Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, адначасова з 1965 года загадчык лабараторыі тэарэтычнай генетыкі Інстытута генетыкі і цыталогіі Акадэміі навук БССР. У 1966—1977 гадах прэзідэнт Беларускага таварыства генетыкаў і селекцыянераў.
Навуковыя даследаванні ў галіне генетыкі і матэматычнай біялогіі. Сфармуляваў і эксперыментальна абгрунтаваў паняцце аб поле дзеяння гена. Праводзіў даследаванні па радыяцыйнай генетыцы. Даследаваў уплыў тэмпературнага фактару і рэнтгенаўскіх прамянёў на спадчынныя ўласцівасці жывых арганізмаў. Вывучаў узаемадзеянне паміж спадчыннасцю і адборам. Распрацаваў шэраг пытанняў па колькасных прыкметах і генетычным асновам селекцыі жывёл. Работы прысвечаны таксама пытаннях гісторыі і філасофіі біялогіі.
Дзяржаўная прэмія БССР 1974 за цыкл работ «Распрацоўка пытанняў статыстычнай генетыкі і ўкараненне матэматыка-статыстычных метадаў у біялогію», апублікаваных у 1964—1974 гг.