14 лістапада 1903г - 22 жніўня 1978г
Брэсцкая вобласць, Івацэвіцкі раён, Сакоўцы
Руск. Пестрак Филипп Семёнович
Беларускі паэт, празаік.
Падчас Першай сусветнай вайны сям’я П. Пестрака знаходзілася ў бежанстве ў Самарскай губерні, дзе будучы пісьменнік атрымаў сярэднюю адукацыю. У 1920 годзе паступіў на сацыяльна-гістарычны факультэт Самарскага ўніверсітэта. У 1921 годзе разам з бацькамі вярнуўся ў Заходнюю Беларусь.
У 1921—1924 гадах працаваў лесніком Косаўскага лясніцтва; у 1924—1926 гадах служыў у Войску Польскім. У 1926 годзе ўступіў у БСРГ; з 1927 года сакратар Косаўскага падпольнага райкама КПЗБ. Арыштаваны польскімі ўладамі ў 1929 годзе; зняволены ў Гродзенскай турме (да 1933). Пасля вызвалення быў інструктарам ЦК КПЗБ па Пінскай акрузе, але ў 1934 годзе зноў арыштаваны. Сядзеў у турмах Пінска, Вільні, Гродна. Вызвалены савецкімі ўладамі пасля паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь у верасні 1939 года.
Член СП Беларусі з 1940 года. У 1940—1941 гадах старшыня Беластоцкага аддзялення СП Беларусі. У 1942—1943 гадах удзельнік партызанскага руху. Працаваў начальнікам Упраўлення па справах мастацтва пры СНК БССР (1943—1945), у Інстытуце мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР (1946—1948), літкансультантам СП БССР (1948—1951). З 1951 года на творчай працы.
Пахаваны на Усходніх могілках у Мінску.
Дэбютаваў у друку ў 1926 (часопіс «Родныя гоні»). Падчас зняволення (1929—1939), змяшчаў вершы ў нелегальным рукапісным часопісе «Краты», які выдаваўся палітвязнямі. У 1940 апублікаваў першы зборнік вершаў «На варце». Тэме барацьбы ў Заходняй Беларусі прысвяціў раман «Сустрэнемся на барыкадах». Раман «Серадзібор» прысвечаны жыццю вёскі.
Перакладаў на беларускую мову творы польскіх (Э. Ажэшка, У. Бранеўскі, С. Дабравольскі, Е. Путрамант), украінскіх (І. Франко, Л. Украінка, М. Рыльскі, П. Тычына), латышскіх, літоўскіх пісьменнікаў.
П'еса «Пад зоркамі» (сааўтар А. Струнін) ставілася ў Гродзенскім абласным драматычным тэатры. На вершы П. Пестрака напісаны песні.
Імем П. Пестрака названы вуліцы ў Мінску і Гродне.