1869г - 1943г
Віцебская вобласць, Ушацкі раён, Чарсцвяды
Пісьменнік, Празаік, Публіцыст, Этнограф
Руск. Пщёлко Александр Романович
Беларускі празаік, публіцыст, этнограф. Псеўданімы і крыптанімы: Белорусс, А. Крицкий, А. П – ко, А. Р. П – ко.
Нарадзіўся ў сям'і дзяка. Скончыў Віцебскую праваслаўную духоўную семінарыю (1890). Служыў у Віцебскім Маркавым манастыры (1890—1891), потым тры гады быў псаломшчыкам. З 1894 выкладаў агародніцтва і садоўніцтва ў сельскагаспадарчай школе, працаваў народным настаўнікам у школе в. Арэхаўна. У 1900—1907 гг. вучыўся на юрыдычным факультэце Юр'еўскага універсітэта.
З 1907 жыў у Вільні, працаваў у акруговым судзе. Напярэданні Першай сусветнай вайны — ён міравы суддзя ў Себежы, у час вайны перабраўся ў Гарадок, дзе выкладаў гісторыю ў народнай школе.
З 1918 працаваў адвакатам пры Полацкім губернскім судзе, выкладаў геаграфію ў лясным тэхнікуме. З 1927 жыў у Старой Таропе(руск.) бел. Калінінскай вобласці, займаў пасаду адваката ў мясцовым судзе. У 1937 выйшаў на пенсію.
Друкаваўся з 1898 года ў «Витебских губернских ведомостях», пазней у газетах «Сельский вестник», «Минское слово», «Белорусская жизнь» і інш. Пісаў на беларускай і рускай мовах.
Выдаў больш за 10 кніг апавяданняў і нарысаў, дзе паказаў неўладкаванасць і бюракратызм мясцовых чыноўнікаў. У этнаграфічных нарысах апісваў народныя звычаі і абрады Лепельшчыны («Дзяды», «Мікітавы хаўтуры», «Зажынкі і абжынкі», «Беларускія святы»).
Пад яго рэдакцыяй выдадзена паэма «Тарас на Парнасе».