7 кастрычніка 1932г - 28 ліпеня 2016г
Мінская вобласць, Лагойскі раён, Задроздзе
Руск. Пташников Иван Николаевич
Беларускі пісьменнік. Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1983). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа (1978) за аповесць «Найдорф».
Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Да вайны скончыў 3-ы класы Задроздзенскай пачатковай школы. Пасля вайны — Крайскую сямігодку (1948), Плешчаніцкую беларускую сярэднюю школу (1951). Працаваў у рэдакцыі плешчаніцкай раённай газеты «Ленінец», настаўнікам Лонваўскай пачатковай школы. Скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ (1957). Рэдактар мастацкай літаратуры ў Дзяржаўным выдавецтве БССР (1957—1958), рэдактар аддзела прозы часопіса «Маладосць» (1958—1962), з 1962 — рэдактар аддзела прозы часопіса «Полымя». Член СП БССР (з 1959).
У 2005 годзе І. Пташнікаў перажыў інсульт, пасля гэтага не мог сам хадзіць і з дому яго выводзілі толькі ў шпіталь. Меў творчыя задумы, даваў інтэрв'ю, але, з уласных словаў, не меў сіл пісаць. Памёр 28 ліпеня 2016 года ў сваёй кватэры ў Мінску. Пахаваны на Паўночных могілках Мінска.
Дэбютаваў у 1952 годзе вершам «На родным полі». Першая кніга «Зерне падае не на камень» (1959). Аўтар раманаў «Чакай у далёкіх Грынях» (1962), «Мсціжы» (1970), «Алімпіяда» (1984), аповесцей «Лонва» (1965), «Тартак» (1968), «Найдорф» (1975), шматлікіх апавяданняў.
Творчая прыхільнасць І. Пташнікава — вясковая тэматыка, веданне паўсядзённага побыту, звычаяў, псіхалогіі вяскоўцаў, здольнасць аўтара грунтоўна і ўсебакова паказаць дыялектыку характараў, праўду рэальных абставін. У яго апавяданнях («Алёшка», «Алені», «Бежанка») і ў аповесці «Лонва» упершыню пачала праяўляцца асаблівая ўвага да ўнутранага стану чалавека, загучаў матыў вайны ў чалавечых лёсах. Тэма вайны займае ў творчасці пісьменніка значнае месца. Трагедыі спаленых разам з людзьмі вёсак, такіх, як Дальва («Тартак»), барацьба партызанаў і беларусаў супраць акупантаў («Найдорф»), антываенны пафас многіх апавяданняў сведчаць пра тое, што вайна ў І. Пташнікава свая, перажытая ў дзяцінстве.
Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» і медалём. Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1983). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1978) за аповесць «Найдорф».