28 студзеня 1943г - 26 красавіка 2002г
Брэсцкая вобласць, Ляхавіцкі раён, Федзюкі
Руск. Пташук Михаил Николаевич
Беларускі кінарэжысёр, акцёр, прадзюсар.
Скончыў рэжысёрскі факультэт Тэатральнага вучылішча імя Б. Шчукіна (1967), Вышэйшыя рэжысёрскія курсы Дзяржкіно СССР (1972; майстэрня Г. Данеліі). Працаваў рэжысёрам у тэатрах Масквы і Казані. З 1974 на кінастудыі «Беларусьфільм». Член КПСС (з 1978). Загінуў у аўтакатастрофе 26 красавіка 2002 года, у Маскве, па шляху на прысуджэнне прэміі «Ніка».
Атрымалі шырокую вядомасць яго экранізацыі вядомых літаратурных твораў беларускіх пісьменнікаў — «Вазьму твой боль» (паводле І. Шамякіна, 1982), «Чорны замак Альшанскі» (2 серыі, паводле У. Караткевіча, 1983), «Знак бяды» (паводле В. Быкава, 1986). Сярод фільмаў канца 1980-1990-х — гісторыка-палітычныя стужкі «Наш браняпоезд» (1988), "Кааператыў «Палітбюро» (1992), «У жніўні 44-га…» (2000). Паставіў тэлевізійны фільм «Нас выбраў час» (1978), фільм-спектакль Мінскага тэатра «Вольная сцэна» «Макбет» (1997).
Работы М. Пташука неаднаразова атрымлівалі высокія ўзнагароды на прэстыжных кінафестывалях. Для яго творчай манеры ўласцівы абвостраная ўвага да складаных гісторыка-філасофскіх праблем, псіхалагічная заглыбленасць, упэўненасць рэжысёрскага почырку і пад.
Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1982). Народны артыст БССР (1990). Дзяржаўная прэмія БССР (1982) за экранізацыю рамана І. Шамякіна «Вазьму твой боль»; прэмія Ленінскага камсамола (1980) за кінафільм паводле твора У. Халіпа і А. Петрашкевіча «Время выбрало нас».