RU BE

Пятровіч Дзмітрый Леанідавіч

Пятровіч Дзмітрый Леанідавіч - беларускі кампазітар, пісьменнік, паэт, празаік, публіцыст

29 красавіка 1971г - 24 лістапада 2020г

Мінская вобласць, Мінскі раён, Заслаўе

Кампазітар, Пісьменнік, Паэт, Празаік, Публіцыст

Руск. Петрович Дмитрий Леонидович

Беларускі паэт, празаік, публіцыст, перакладчык, кампазітар.

Член Саюза пісьменнікаў Беларусі (2010). Магістр філалагічных навук (2011).

Біяграфія

Адукацыя

Пасля 9 класа (СШ № 73 г. Мінска) паступіў у Мінскае педагагічнае вучылішча № 2, якое скончыў у 1991 годзе. Пад канец 4 курса ўдзельнічаў у Рэспубліканскай алімпіядзе па музыцы (у рамках Рэспубліканскага конкурсу педагагічнага майстэрства), дзе заняў 1 месца, дзякуючы чаму стаў студэнтам музычна-педагагічнага факультэта Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя М. Горкага аўтаматычна, без экзаменаў. У 1996 г. паспяхова скончыў музычна-педагагічны факультэт, а ў 2009-м (паступіў адразу на 2 курс у 2005 г.) — факультэт беларускай філалогіі і культуры Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. У 2009—2011 гг. вучыўся ў магістратуры, пасля заканчэння якой абараніў магістарскую дысертацыю па тэме «Аказіянальныя словы ў беларускай паэзіі канца ХХ — пачатку ХХІ стст.» і атрымаў ступень магістра філалагічных навук.

Працоўная дзейнасць

Пасля заканчэння ў 1996 годзе БДПУ імя М.Танка шмат гадоў настаўнічаў. У 2010—2015 гг. — вядучы стылістычны рэдактар газеты «Звязда». З 2015 г. працаваў вядучым рэдактарам у выдавецтве «Мастацкая літаратура».

Член Саюза пісьменнікаў Беларусі (з 2010 г.) і Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы (з 2018 г.). Член Беларускага саюза музычных дзеячаў (з 2019 г.).

Памёр 24 лістапада 2020 года ад каранавіруснай інфекцыі.

Творчасць

Пачаў пісаць вершы і прозу з 1985 г., а музыку (першая песня — «Вишня», на верш М. Ісакоўскага) — на год раней. Нотную грамату вывучыў самастойна. Публікавацца пачаў значна пазней. У 2005 г. газеце «Настаўнік» апублікаваў верш «Гукаў начных слізгаценне…» і эсэ «Горад майго сэрца» ў «Краязнаўчай газеце». Мастацкія творы Д. Пятровіча (вершы, апавяданні, аповесці, эсэ), а таксама публіцыстычныя артыкулы друкаваліся ў штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», часопісах «Полымя», «Маладосць», «Белая Вежа», «Роднае слова», «Бярозка», газетах «Звязда», «Мінская праўда», «Краязнаўчай газеце», калектыўных зборніках, іншых выданнях. Яго вершы перакладаліся на рускую мову.

Апошнім часам актыўна выступае як перакладчык з рускай і нямецкай моў вершаў рускіх і нямецкіх класікаў (Г. Гейнэ, І. Гётэ, М. Лермантаў, І. Бунін, М. Някрасаў, Ф. Цютчаў, С. Ясенін, А. Блок, Г. Ахматава, М. Цвятаева, В. Мандэльштам, У. Высоцкі і інш.), а таксама беларускіх паэтаў (В. Паліканіна, А. Чорная, Т. Лейка, Л. Палеес, А. Левіна, Ю. Сапажкоў і інш.). Пераклады Д. Пятровіча публікаваліся ў часопісе «Белая Вежа», газетах «Звязда» і «Рэспубліка», кнізе В. Паліканінай «Под небом нераздельным».

Дзмітрый Пятровіч — аўтар больш за 100 песень на словы такіх паэтаў, як Я. Купала, М. Багдановіч, А. Блок, У. Караткевіч, Р. Барадулін, Я. Янішчыц, А. Пісьмянкоў, Р. Баравікова, А. Аўруцін, М. Башлакоў, М. Шабовіч, Н. Гальпяровіч, А. Бадак, В. Шніп, А. Зэкаў, Т. Трафімава, З. Прыгодзіч, С. Валодзька і іншыя (у тым ліку на ўласныя вершы). Яго песні выконвае Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Г. І. Цітовіча, А. Сямёнаў, А. Міхальчэнкаў і інш. Песні Д. Пятровіча часта гучаць на творчых вечарах сучасных паэтаў, на свяце паэзіі ў Вязынцы, на розных фестывалях.

Узнагароды і прэміі

  • 2013 — Рэспубліканская літаратурная прэмія «Залаты Купідон» (2-е месца на конкурсе «Лепшы твор 2012 года») за кнігу прозы «Белая Жанчына» (выд. «Чатыры чвэрці»).
  • 2017 г. — Ганаровая грамата Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь «за значны асабісты ўклад у развіццё нацыянальнага кнігавыдання».
  • 2019 г. — пераможца Нацыянальнай літаратурнай прэміі за паэтычны зборнік «Святло адвечнай песні».

Бібліяграфія

Кнігі

  • «Белая квецень кахання» (выд. «Логвінаў», 2010 г.) — кніга паэзіі.
  • «Белая жанчына» (выд. «Чатыры чвэрці», 2012 г.) — аповесці, апавяданні, эсэ(1-е выданне);
  • «Белая жанчына» (выд. «Чатыры чвэрці», 2013 г.) — аповесці, апавяданні, эсэ (2-е, дапоўненае выданне);
  • «Адзіноты пажоўклыя дні» (РВУ «Выдавецкі дом «Звязда»», 2014 г.) — кніга паэзіі.
  • «Анёлы» (выд. «Мастацкая літаратура», 2015 г.) — аповесці, апавяданні, эсэ. У 2016 года кніга была вылучана на прэмію Гедройца
  • «Святло адвечнай песні» (выд. «Колорград», 2018 г.) — кніга паэзіі. У 2019 г. кніга была вылучана на Нацыянальную літаратурную прэмію.
  • «Дзіцячы атлас Беларусі. Легенды і паданні» (выд. «Мастацкая літаратура», 2018 г.) — навукова-папулярнае выданне для школьнікаў малодшых класаў.

Артыкулы

  • Пятровіч, Д. Л. «Аказіянальныя прыметнікі ў паэзіі Міколы Шабовіча» // Сёмыя Танкаўскія чытанні. Да 95-годдзя БДПУ імя М.Танка. — Мінск : БДПУ, 2010. — С. 217—218.
Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter
© «Нашы людзі», 2021-2024
Паведаміць пра памылку
Паведамленне адпраўлена!
Адбылася памылка :(