12 чэрвеня 1905г - 24 сакавіка 1980г
Віцебская вобласць, Ушацкі раён, Пуцілкавічы
Драматург, Пісьменнік, Паэт, Публіцыст
Руск. Бровка Пётр Устинович
Беларускі грамадскі дзеяч, празаік, паэт і перакладчык. Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1934. Акадэмік АН БССР (1966, член-карэспандэнт з 1953).
Нарадзіўся ў беднай сялянскай сям’і (9 дзяцей і 2,5 дзесяціны зямлі). Бацька, Усцін Адамавіч, рабіў куфры, шафы і толькі гэтым прырабляў на пражытак сям’і. Маці, Алена Сцяпанаўна, была занята хатняй працай, клопатамі пра дзяцей (у час нямецкай акупацыі вывезена ў Асвенцім, дзе і загінула, ёй прысвечана паэма «Голас сэрца» (1960)). Пятрусь пасвіў гусей, потым авечак і пазней кароў, вадзіў коней на начлег. У 9-гадовым узросце, літаральна па складах, па просьбе сялянак, пісаў лiсты іх мужам на франты Першай сусветнай вайны. Вучыўся П. Броўка спачатку ў школе па хатах. У Лепелі скончыў царкоўна-прыходскую школу і вучыўся ў Лепельскім вышэйшым пачатковым вучылішчы, але на поўнае навучанне ў сям’і не хапіла сродкаў.
Яшчэ ў дарэвалюцыйны час пазнаёміўся з вершамі Я. Купалы, апавяданнямі Я. Коласа, упадабаў паэзію М. Някрасава. З 1918 у 13-гадовым узросце пачаў працаваць перапісчыкам у Вяліка-Долецкім валасным камісарыяце (савецкай грамадскай установе), потым справаводам валвыканкома, рахункаводам у саўгасе. Пачаў дасылаць допісы ў газеты. Пісаў у барысаўскую павятовую газету «Бядняк», у газеты «Беларуская вёска», «Савецкая Беларусь», «Звязда». Ахвотна ўдзельнічаў у мастацкай самадзейнасці вясковай моладзі, стаў селькорам.
У 1919 перажыў польскую акупацыю. У 1923 быў выкліканы на 1-ы з’езд селькораў Беларусі, але не паехаў, бо не было сродкаў на дарогу. У 1923 быў выбраны сакратаром камсамольскай арганізацыі ў роднай вёсцы, у 1924 — старшынёй Маладолецкага сельсавета.
У 1925 быў накіраваны на працу ў Полацкі акруговы камітэт ЛКСМБ. У 1927—1928 працаваў адказным сакратаром акруговай газеты «Чырвоная Полаччына» (Полацк), адначасова з 1927 кіраўнік мясцовага філіялу «Маладняка». У Полацку наведваў вячэрнюю школу для дарослых. У 1928 паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ, якое скончыў у 1931. Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1934). Удзел у «Маладняку» шмат даў П. Броўку, ён захапляўся творамі А. Пушкіна, М. Някрасава, М. Лермантава, Т. Шаўчэнкі, сваёй надзённасцю прыцягвала яго паэзія Дз. Беднага. Папераменна захапляўся то С. Ясеніным, то У. Маякоўскім, пасля, нягледзячы на іх рознасць, палюбіў абодвух, знаходзіў у кожнага геніяльнае.
У 1934 П. Броўка ажаніўся з Аленай Міхайлаўнай Рыдзеўскай, у 1936 у іх нарадзіўся сын Юрка. У 1940 прызначаны галоўным рэдактарам часопіса «Полымя». Член ВКП(б) з 1940.
У пачатку Вялікай Айчыннай вайны добраахвотна пайшоў у Чырвоную Армію. У 1941—1942 быў інструктарам-літаратарам франтавой газеты «За Савецкую Беларусь» на Бранскім і Заходнім франтах, супрацоўнічаў з партызанскім друкам. З 1943 — адказны сакратар праўлення СП БССР, а з 1945 у другі раз прызначаны галоўным рэдактарам часопіса «Полымя». У 1948 абраны старшынёй праўлення СП БССР (да 1967). Член ЦК КПБ (1952—80). У 1959 дэлегатам ад БССР удзельнічаў у рабоце XIV сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. У маі 1966 г. падчас з’езду СП БССР рэзка нападаў на пісьменнікаў А. Сіняўскага і Ю. Даніэля, асуджаных у лютым 1966 г. на працяглыя тэрміны зняволення. У 1967—1980 — галоўны рэдактар БелСЭ (цяпер яе пераемніца «Беларуская Энцыклапедыя» носіць імя П. Броўкі). Выбіраўся дэпутатам ВС СССР (1956—1980) і БССР (1947—1955), сакратаром праўлення СП СССР.
Дэбютаваў вершамі ў 1926 у газеце «Чырвоная Полаччына» і ў альманаху «Наддзвінне» ў 1926 («Ой, не шапчы мая бярозка!» і інш.). Паэтычны талент П. Броўкі дасягнуў вяршыні ў 1960—1970-я. Аўтар кніг паэзіі «Гады як шторм» (1930), «Прамова фактамі» (1930), «Цэхавыя будні» (1931), «Паэзія» (1932), «Так пачыналася маладосць» (1934), «Прыход героя» (1935), «Вясна радзімы» (1937), «Кацярына» (1938, паэма), «Вершы і паэмы» (1940), «Шляхамі баравымі» (1940), «Насустрач сонцу» (1943, Масква), «У роднай хаце» (1946), «Вершы і паэмы» (1946), «Сонечнымі днямі» (1950), «Цвёрдымі крокамі» (1954), «Пахне чабор» (1959), «Далёка ад дому» (1960), «Па сакрэту» (1961, сатыра і гумар), «А дні ідуць…» (1961), «Маладым сябрам» (1961, для дзяцей), «Высокія хвалі» (1962), «Наш музей» (1962, паэма для дзяцей), «Вершы і паэмы» (1966), «Заўсёды з Леніным» (1967, паэма), «Між чырвоных рабін» (1969), «Калі ласка» (1972), «Ты — мая пчолка» (1972), «Лясы наддзвінскія» (1973, паэма), «І ўдзень і ўночы» (1974), «Што сэрца праспявала» (1979), «Маладосць і сталасць» (1980), «Савецкі чалавек» (1982), «Мая Радзіма» (1985).
Аўтар аповесцей «Каландры» (1931, экранізавана ў 1934), «Донька-Даніэль» (1982, для дзяцей), нарысаў «Ураджай» (з П. Глебкам, 1933), «Месяц у Чэхаславакіі» (1952), рамана «Калі зліваюцца рэкі» (1957), зборніка апавяданняў «Разам з камісарам» (1974).
Выступаў і як перакладчык на беларускую мову твораў Т. Шаўчэнкі, У. Маякоўскага, П. Тычыны, М. Бажана, А. Твардоўскага, М. Ісакоўскага, А. Пракоф'ева, У. Бранеўскага, Дж. Байрана, А. Кутатэлі, Ю. Яноўскага і іншых аўтараў.
Напісаў лібрэта опер «Міхась Падгорны» (1940, пастаўлена ў 1939), «Алеся» («Дзяўчына з Палесся», з Я. Рамановічам, пастаўлена ў 1944, урыўкі апублікаваны ў 1947).
Творы П. Броўкі перакладзены на многія мовы народаў СССР і іншыя, у т.л. на азербайджанскую, англійскую, армянскую, балгарскую, башкірскую, венгерскую, грузінскую, іспанскую, казахскую, калмыцкую, каракалпакскую, кітайскую, кіргізскую, латышскую, літоўскую, малдаўскую, мангольскую, нямецкую, рускую, серба-харвацкую, таджыкскую, туркменскую, украінскую, чэшскую, чувашскую, французскую і эстонскую.