3 сакавіка 1850г - 1893г
Віцебская вобласць, Браслаўскі раён, Панчаны
Пісьменнік, Паэт, Празаік, Публіцыст
Руск. Савич-Заблоцкий Войнислав Казимир Константинович
Беларускі і польскі пісьменнік, паэт, публіцыст. Адзін з пачынальнікаў рэвалюцыйнага дэмакратызму на Беларусі.
Бацька — Канстанцін Станіслаў Вікенцьевіч, маці — Станіслава Іванаўна з роду Святаполк-Мірскіх (у архіўных дакументах завецца Мірскай). З маленства выхоўваўся ў дзеда Вікенція Заблоцкага ў маёнтку Мікалаева Гарадоцкага павета Віцебскай губерні (цяпер Шумілінскі раён). Вучыўся ў Віленскай гімназіі, універсітэтах Прагі, Лейпцыга і Страсбурга.
Далучыўся да руху беларускага нацыянальнага адраджэння. У 1868—1870 гадах кіраваў «Крывіцкім вязком» у Санкт-Пецярбургу. Суполку забаранілі, а Войслаў аказаўся пад наглядам паліцыі ў Варшаве.
З 1875 года за мяжой у Аўстра-Венгрыі, Германіі, Егіпце, Францыі, Бельгіі, падтрымліваў сувязі з рускімі і польскімі дэмакратамі, выдаваў газеты на польскай і французскай мовах. У 1886—1887 гадах ліставаўся па-беларуску з украінскім вучоным Міхаілам Драгманавым.
У 1887 годзе вярнуўся на радзіму. У 1888—1889 гадах — супрацоўнік газеты «Виленский вестник». У 1889—1891 гадах жыў у маёнтку Губіна Лепельскага павета. З 1891 года ў Мінску, пасля жыў у Санкт-Пецярбургу па адрасе Неўскі праспект, д. 51, кв. 503. Перапісваўся з Янам Карловічам, Марыяй Канапніцкай, Аляксандрам Ельскім, Міхаілам Драгаманавым, Пятром Лаўровым і іншымі.
Аўтар сатырычнай паэмы «Праўдападобная гісторыя», аповесці «Каракозаў», драмы «Капернік» і інш. (1870—1873). У 1873 прыслаў у часопіс «Вестник Европы» беларускія вершы — «З чужбіны», «У роднай зямлі» і «Да перапёлкі». У паэме пра Беларусь пярэдадня 1863 «Аповесць пра мае часы» (1876), аповесці «Полацкая шляхта» (1885) і нарысе «Шчаслівейшая Марыся» (1892) шмат беларускамоўных і этнаграфічна-фальклорных матэрыялаў. Выдаваў газеты на польскай і французскай мовах. Супрацоўнічаў у многіх французскіх, нямецкіх і польскіх газетах і часопісах.
Рукапісная спадчына захоўваецца ў бібліятэцы Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве, Нацыянальнай бібліятэцы Польшчы, Цэнтральнай бібліятэкі Акадэміі навук Літвы ў Вільні, Дзяржаўным гістарычным архіве Літвы, Інстытуце рускай літаратуры (Пушкінскі Дом) Расійскай акадэміі навук у Санкт-Пецярбургу.