RU BE

Сцяцко Павел Уладзіміравіч

Сцяцко Павел Уладзіміравіч - беларускі лінгвіст, мовазнавец

5 сакавіка 1930г - 23 сакавіка 2020г

Гродзенская вобласць, Зэльвенскі раён, Грабава

Лінгвіст, Мовазнавец

Руск. Стецко Павел Владимирович

Беларускі мовазнавец і педагог. Доктар філалагічных навук (1980), прафесар, выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь. Аўтар шматлікіх артыкулаў і кніг па дыялекталогіі і граматыцы на беларускай, рускай і польскай мовах.

Біяграфія

Скончыў літаратурны факультэт (аддзяленне беларускай мовы і літаратуры) Гродзенскага педагагічнага інстытута. Пазней выкладчык, старэйшы выкладчык кафедры беларускай мовы і літаратуры.

21 снежня 1962 года абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму лексікі гаворак Зэльвенскага раёна. Выкладаў у Мінскім педагагічным інстытуце на кафедры беларускай мовы. З 10 ліпеня 1980 загадчык кафедры рускага, агульнага і славянскага мовазнаўства Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Пазней зноў у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце, на кафедры польскай філалогіі, з ліпеня 1990 узначаліў кафедру беларускай культуры. Удзельнічаў у стварэнні першага ў Беларусі факультэта беларускай філалогіі і культуры, пазней узначаліў кафедру беларускага і тэарэтычнага мовазнаўства. Удасканальваў веды чэшскай і польскай мовы ў Карлавым універсітэце ў Празе (1983) і Варшаўскім універсітэце (1988).

З 2016 года на пенсіі.

Навуковая дзейнасць

Рэдактар навуковага альманаха «Гродзенскія запісы. Старонкі гісторыі і культуры», член рэдакцыйных калегіяў выданняў «Веснік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта», часопіса Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь «Роднае слова», «Веснік Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта", «Białostocki Przegląd Kresowy», «Русский язык».

Уваходзіць у склад Камісіі па словаўтварэнні Міжнароднага камітэта славістаў, у склад Міжнароднага Камітэта беларусістаў. Узначальвае Гродзенскую філію Рэспубліканскай тэрміналагічнай камісіі пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Удзельнічаў у працы ІХ Міжнароднага з’езду славістаў, І Міжнароднага Кангрэса беларусістаў, у многіх міжнародных сымпозіюмах і канферэнцыях. Падрыхтаваў 15 кандыдатаў навук, з якіх А. Рогалеў абараніў доктарскую дысертацыю.

Мае больш за 600 апублікаваных прац, у тым ліку больш за 30 кніг і 6 брашураў (з іх 5 манаграфіяў, 5 слоўнікаў, 18 навучальных дапаможнікаў і падручнікаў для ВНУ і сярэдніх спецыяльных вучылішчаў).

Сваёй навуковай дзейнасцю зрабіў унесак у барацьбу з русіфікацыяй беларускай мовы.

Асноўныя працы

  • Сінтаксіс сучаснай беларускай мовы. — Мінск, 1969. (разам з М. С. Яўневічам)
  • Беларуская мова. — Мінск, 1970. (разам з М. Ц. Кавалёвай)
  • Народная лексіка. — Мінск, 1970.
  • Дыялектны слоўнік: З гаворак Зэльвеншчыны. — Мінск, 1970.
  • Народная лексіка і словаўтварэнне. — Мінск, 1972.
  • Беларускае народнае словаўтварэнне. — Мінск, 1977.
  • Беларуская граматыка. Ч. 1. 1985. (раздзел «Словаўтварэнне» і частка «Марфалогіі»)
  • Праблемы лексічнага нармавання беларускай мовы. — Гродна, 1990.
  • Праблемы нормы, культуры мовы. — Гродна, 1998.
  • Руска-беларускі фізічны слоўнік. Гродна, 1999. (разам з А. М. Каладзінскім і Д. М. Карацінскай)
  • Слоўнік рэгіянальнай лексікі Гродзеншчыны. — Гродна, 1999.
  • Культура мовы. — Мінск, 2002.
Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter
© «Нашы людзі», 2021-2024
Паведаміць пра памылку
Паведамленне адпраўлена!
Адбылася памылка :(