RU BE

Шматаў Віктар Фёдаравіч

Шматаў Віктар Фёдаравіч - беларускі жывапісец, карыкатурыст, навуковец, мастак

9 мая 1936г - 21 верасня 2006г

Гомельская вобласць, Брагінскі раён, Камарын

Жывапісец, Карыкатурыст, Навуковец, Мастак

Руск. Шматов Виктор Федорович

Беларускі вучоны, доктар мастацтвазнаўства, мастак-жывапісец.

Біяграфія

1951—1956 гг. — Мінскае мастацкае вучылішча імя А. К. Глебава

1956—1962 гг. — Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (пачынаў вучыцца на кафедры жывапісу, але скончыў аддзяленне станковай графікі, дыпломная праца: серыя літаграфій «Аэрапорт»)

1963—1966 — аспіратура Інстытута мастацтвазнауства, этнаграфіі і фальклора АН БССР, кандыдацкая дысертацыя «Беларуская сатырычная графіка 1945—65»

1991 год — доктарская дысертацыя «Искусство белорусской Старопечатной книги XVI—XVIII вв» (Масква)

1993 год — узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.

1994 год — лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (у аўтарскім калектыве) за цыкл прац «Скарына і беларуская культура».

2002 год — карціна «Маці» перадана мастаком у дар Еўрапарламенту, дзе знаходзіцца ў пастаяннай экспазіцыі.

Публікацыі

Аўтар больш за 400 публікацый, у тым ліку манаграфій: «Беларуская сатырычная графіка 1945—65» (кандыдацкая дысертацыя, 1969), «Міхась Філіповіч» (1971), «Алеся Паслядовіч» (1975), «Беларускі кніжны знак» (1975, у сааўтарстве з А. Тычынам), «Людвіг Асецкі» (1975), «Беларусская станковая графіка» (руск., 1978), «Сучасная беларуская графіка» (1979), «Міхась Канстанцінавіч Сеўрук» (1980), «Francisk SKORINA» (1980, англ., Unesco, France, Paris — Shmatov V., Golenchenko G., Cemerickii V.),/ «Мастацтва кнігі Францыска Скарыны», «Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стагоддзяў» (1984, руск.), «Искусство белорусской Старопечатной книги XVI—XVIII вв.» (1990, Масква; доктарская дысертацыя, абаронена ў 1991 годдзе), «Палітра Чарнобыля»(1996, аўтаманаграфія), «Мастацтва беларускіх старадрукаў XVI—XVIII стагоддзяў»(2000). Паслядоўна вывучаў беларускую сатырычную графіку (у 60-х), сучасную беларускую графіку (у 70-х). Пазней і да канца жыцця — мастацкае аздабленне кніг беларускага першадрукара і асветніка Францыска Скарыны, іншых беларускіх старадрукаў, а таксама — беларускі іканапіс.

Жывапіс

Віктар Фёдаравіч Шматаў у якасці мастака каля дзесяцігоддзя займаўся карыкатурай, супрацоўнічаў з сатырычным часопісам «Вожык». Захапляўся экслібрысам. Прыкладна ў той жа перыяд займаўся плакатам. Але яго сэрца належала жывапісу. Ён быў прыхільнікам нацыянальнай ідэі ў творцасці. Лічыў, што мастак можа стаць асобай толькі, калі прысвячае сваё мастацтва Радзіме. Пэўны час ён мэтанакіравана шукаў форму, у якой «нацыянальная ідэя» можа быць адлюстравана ў жывапісу. Палотны: «Ткачыха», «Беларуская кераміка», «Кастусь Каліноўскі і студзеньскае паўстанне 1863 года на Беларусі», «Максім Багдановіч», «Беларускія старадрукі», «Дуб», «Стагі» і іншыя.

Пасля Чарнобыльскай трагедыі цалкам прысвяціў свае творы яе наступствам. Лічыў, што тэму Чарнобыля трэба раскрываць выключна ў рамках рэалізму. Гэтая тэма не толькі закранала мастака, як грамадзяніна, але мела і асабісты сэнс — «малая Радзіма» В. Шматава — г. п. Камарын, куды мастак з юнацтва наведвазся штогод, практычна прымыкае да Чарнобыльскай зоны. Асноўныя палотны: «Пахаванне ў Чарнобыльскай зоне», «У ваколіцах Чарнобыля», «Развітанне», «Маці», «Горкія яблыкі», «Дарога», «Лёс», «Бусел прыляцеў» і іншыя.

Акадэмія навук

З 1991 года В. Шматаў узначальваў аддзел старабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклора Акадэміі Навук Беларусі. Стварыў з аднадумцамі — супрацоўнікамі новы аддзел «Помнікі культуры і народнага мастацтва Чарнобыльскай зоны» у Музеі старабеларускай культуры пры ІМЭФ АНБ, якім ён кіраваў. В. Шматаў арганізаваў рэгулярныя экспедыцыі ў адселеныя вёскі Чарнобыльскай зоны з мэтай выратаваць унікальныя помнікі народнай культуры. У выніку грандыёзнай працы энтузіястаў быў захаваны цэлы пласт помнікаў «з-пад Чарнобыльскага попелу». Усе яны сталі экспанатамі Музея.

Віктар Шматаў «Спадчына, якую трэба ратаваць», «Гіcтарычны часопіс», № 4, 1997

З Чарнобыльскага дзённіка:

"…5 чэрвеня 1991 г. Брагін: «Ужо два дні як мы (М. Мельнікаў, Ю. Піскун, А. Хадыка) у зоне. …Даследавалі вёскі Ясень, Пучын, Жэрднае, Вазок i інш. Амаль кожная хата — сапраўдны музей. Ткацтва i вырабы з дрэва тут проста цудоўныя.… Працавань нялёгка: спёка, пыл, бур'ян, крапіва ды калючкі ля кінутых хат — вышэй галавы. Радыяцыя ў асобных вёсках перавышае нармальны фон у тысячы разоуў. Мы збіраем толькі найбольш мастацкія, арыгінальныя … Паступова выпрацавалася методыка працы… У Брагінскую гасцініцу вяртаемся позна ўвечары…. Так пачыналася наша Чарнобыльская Пампея. Пазней мы зрабілі яшчэ тры экспедыцыі ў Брагінскі i Хойніцкі раёны: у чэрвені 1992, у лістападзе 1996 i ў сакавіку 1997...»

У выніку згаданных вышэй экспедыцый у творчасці мастака таксама нарадзілася серыя рэалістычных жывапісных палотнаў «Чарнобыльская трагедыя». Віктар Фёдаравіч падараваў дзесяткі сваіх карцін на сваю «малую Радзіму» — у Брагінскую карцінную галерэю.

Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter
© «Нашы людзі», 2021-2024
Паведаміць пра памылку
Паведамленне адпраўлена!
Адбылася памылка :(