31 кастрычніка 1823г - 17 кастрычніка 1861г
Мінская вобласць, Любанскі раён, Шыпілавічы
Публіцыст, Фалькларыст, Этнограф
Руск. Шпилевский Павел Михайлович
Беларускі этнограф, фалькларыст, тэатральны крытык, публіцыст, пісьменнік і перакладчык. Кандыдат багаслоўя (1847).
Нарадзіўся ў сям’і праваслаўнага святара. Бацька — Міхаіл Шпілеўскі — служыў у Шыпілавіцкай царкве ад 1819 года, куды быў накіраваны з Рэчыцы. У шлюбе з Еўдакіяй Васілеўнай ён меў сямёра дзяцей, Павел быў трэцім. У «Падарожжах па Палессі і Беларускім краі» этнограф згадвае мясцовую сялянку Агату Касьмінаву, ад якой у дзяцінстве пачуў шмат казак, песень і аповядаў.
У 1837—1843 гадах вучыўся ў Мінскай духоўнай семінарыі, потым з 1843 па 1847 гады — у Пецярбургскай духоўнай акадэміі. Па сканчэнні акадэміі атрымаў ступень кандыдата багаслоўя і быў прызначаны святаром царквы ў мястэчку Лошніцы. Неўзабаве Шпілеўскага перавялі ў Варшаўскае павятовае духоўнае вучылішча на пасаду выкладчыка славеснасці. Праз пяць гадоў пераехаў у Санкт-Пецярбург. Са снежня 1853 года працаваў пакаёвым наглядчыкам у Галоўным педагагічным інстытуце, а з красавіка 1855 года — настаўнікам у школе пры экспедыцыі падрыхтоўкі дзяржаўных папер.
Адпрацаваўшы каля года ў школе, звольніўся і прысвяціў сябе літаратуры і этнаграфіі. Смерць П. М. Шпілеўскага прайшла амаль незаўважанай. Толькі праз пэўны час у пецярбургскім «Месяцаслове на 1863 год» з’явіўся кароткі некралог без подпісу, дзе паведамлялася, што ён памёр у Санкт-Пецярбургу 29 кастрычніка 1861 года. Вядома, што ў 1862 годзе бацька Шпілеўскага, які быў на той час святаром у Дукоры, распачынаў справу ў Пецярбургскім цывільным надворным судзе аб адшуканні маёмасці, што засталася пасля смерці сына. Аднак, маёмасць не была знойдзена, як і багаты архіў, дзе знаходзілася шмат матэрыялаў.
Літаратурную дзейнасць пачаў у 1846 годзе. Супрацоўнічаў з пецярбургскімі перыядычнымі выданнямі «Музыкальный и театральный вестник», «Иллюстрация», «Русский мир», «Сын отечества», «Искусство». Вывучаў гісторыю, побыт, вусную народную творчасць і мову беларусаў. Апублікаваў артыкулы «Беларускія народныя паданні» (1846—1852), «Апісанне пасольства Льва Сапегі ў Маскве ў 1600 г.» (1850), «Народныя прыказкі з тлумачэннем паходжання і значэння іх» (1852), «Даследаванне пра ваўкалакаў: На падставе беларускіх павер’яў» (1853), «Вясельныя абрады ў засцянкоўцаў (акалічан) Віцебскай губерні» (1854), «Мазыршчына: (З падарожжа па заходнярускім краі)» (1859), «Паездка ў заходнія губерні» (1860).
Цыклы белетрызаваных нарысаў «Падарожжа па Палессі і беларускім краі» («Современник», 1853—1855) і «Беларусь у характарыстычных апісаннях і фантастычных яе казках» (1853—1856) прынеслі Паўлу Шпілеўскаму вядомасць як аднаму з першых даследчыкаў і папулярызатараў беларускай гісторыі, этнаграфіі і фальклору. У нарысах спалучаліся аўтарскія навуковыя разважанні і лірычныя адступленні, гістарычныя даведкі і апісанні беларускіх мясцінаў, фальклорныя запісы і этнаграфічныя замалёўкі. Так, у аснову драмы «Дажынкі» (1857), якая ўяўляе з сабе варыяцыю «Сялянкі» Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, пакладзены беларускі этнаграфічны абрад. Некаторыя творы мелі аўтабіяграфічны характар.
Аўтар зборніка «Беларускія прыказкі» (1853), апавяданняў «Нарысы польскіх звычаяў» (1854), дзіцячай аповесці «Цыганё» (1855), серыі апавяданняў пад агульнай назвай «Заходнярускія нарысы» (1858—1859). Захаваўся рукапіс П. М. Шпілеўскага 1843 года са спробай стварэння слоўніка і граматыкі беларускай мовы. Даследаваў таксама гісторыю, мову і фальклор літоўцаў («Нарысы Жмудзі», 1855).
Творы Шпілеўскага, прысвечаныя Беларусі, сцвярджалі нацыянальную самабытнасць беларусаў, садзейнічалі фарміраванню нацыянальнай культуры і літаратуры.
А. Тапаркоў, Т. Іванова, Л. Лапцеў і Е. Леўкіеўская ў сваёй сумеснай кнізе «Рукописи, которых не было: Подделки в области славянского фольклора» сумняюцца ў дакладнасці звестак П. Шпілеўскага па беларускім фальклоры. Яны прыходзяць да высновы, што значная, калі не пераважная частка названых там 52-х духаў і багоў — па сутнасці выдуманыя аўтарам. Шпілеўскі знаходзіў боствы ў памылкова вытлумачаных прымаўках, песнях, формулах праклёну, атаясняў персанажаў беларускай дэманалогіі са славянскімі ці антычнымі багамі. Пачаўшы працу фалькларыста ў вельмі маладым узросце, ставіўся да фальклору хутчэй як аматар, а не навуковец, карыстаўся матэрыялам вольна, рабіў галаслоўныя сцвярджэнні.
Расійскія навукоўцы размеркавалі персанажаў П. Шпілеўскага на 3 групы: рэальныя, часткова рэальныя і цалкам выдуманыя. Атрымалася, што назвы калектыўнай працы ці каляндарных паняццяў (каляда, талака, шчадрэц, купала) ці назвы прыродных з’яў (жыж, зюзя, знічка) у Шпілеўскага ператвораны багоў. Штосьці было пазычана ад папярэднікаў у галіне міфатворчасці (Лада, Ляля, Чур-Бог), штосьці выдумана (Кумяльган, Бордзя, Любмел і, магчыма, Цёця і Жыцень).
Пры гэтым працы П. Шпілеўскага па беларускай міфалогіі дасюль выкарыстоўваюць пры складанні энцыклапедый, школьных падручнікаў, напісанні навуковых прац, беларускую міфалогію яго версіі выкладаюць школьнікам.