20 верасня 1959г
Гродзенская вобласць, Гродзенскі раён, Гродна
Руск. Куль-Сельверстова Светлана Евгеньевна
Беларускі гісторык і літаратар. Доктар гістарычных навук (2000), дацэнт (1994), прафесар гісторыі ГрДУ (з 1999).
Скончыла гісторыка–педагагічны факультэт ГрДУ (1981), там жа навучалася ў аспірантуры (1984—1988).
У 1981—1983 годзе працавала школьным настаўнікам. З 1983 года ў ГрДУ: выкладчык (1989), дацэнт кафедры гісторыі БССР (1992—1996). Дактарант БДУ (1996—1999).
З 1999 года прафесар кафедры гісторыі Беларусі, з 2013 года прафесар кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін ГрДУ.
З 1999 года загадвала навукова-даследчай лабараторыяй праблем рэгіянальнай культуры (у складзе лабараторыі — С. Токць, А. Смалянчук, Э. Мазько, С. Словік, С. Чувак), кіравала навуковымі праектамі і праграмамі вывучэння памежжа, гісторыі мяжы, вуснай гісторыі; была арганізатарам і кіраўніком навуковых экспедыцый і міжнародных летніх школ.
У 2014 годзе звольнена з ГрДУ і цяпер працуе ў Беластоцкім політэхнічным універсітэце «Politechnika Białostocka».
Правадзейны член Акадэміі ваенных навук Расійскай Федэрацыі (2005), член Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, каардынацыйнага савету па турызме Гродзенскага аблвыканкама.
Сфера навуковых інтарэсаў — культура Беларусі, ліцвінская культурная традыцыя ў Новы час, гісторыя Гродзенскага рэгіёна, ваенная гісторыя, гісторыя дзяржаўнай граніцы, праблемы гістарычнай храналогіі, палеаграфія, краязнаўства.
На фарміраванне гістарычнага светапогляду значна ўплывалі Б. Клейн, Я. Куль, А. Мальдзіс, Я. Мараш.
У 1989 годзе абараніла кандыдацкую дысертацыю «Развитие культуры Белоруссии в первой половине XIX века (театральное и изобразительное исскуство)» (навуковы кіраўнік: д.г.н, праф. Я. Н. Мараш).
У 2000 годзе абараніла доктарскую дысертацыю «Культура Новага часу на беларускiх землях у другой палове XVIII — першай чвэрцi XIX ст.ст» (навуковы кансультант: д.г.н, праф. П. І. Брыгадзін).
Аўтар навучальных дапаможнікаў «Беларуская палеаграфія» (1996), «Уводзіны ў беларускую палеаграфію» (2009).
Аўтар паэтычнага зборніка «Вершы. Байкі. Паэмы» (2012).