RU BE

Абушэнка Уладзімір Леанідавіч

Абушэнка Уладзімір Леанідавіч - беларускі сацыёлаг, філосаф

22 красавіка 1957г - 26 верасня 2015г

Брэсцкая вобласць, Пінскі раён, Пінск

Сацыёлаг, Філосаф

Руск. Абушенко Владимир Леонидович

Беларускі сацыёлаг і сацыяльны філосаф. Кандыдат філасофскіх навук (1985), дацэнт (1991).

Біяграфія

У 1974—1979 гадах вучыўся на аддзяленні філасофіі гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта (БДУ). Са жніўня 1979 года па лістапад 1981 года працаваў выкладчыкам кафедры філасофіі Беларускага політэхнічнага інстытута.

З лістапада 1981 года па снежань 1984 года з'яўляўся аспірантам Інстытута сацыялагічных даследаванняў АН СССР (цяпер — Інстытут сацыялогіі РАН) (навуковы кіраўнік — доктар філасофскіх навук, прафесар І. Т. Лявыкін). У 1985 годзе паспяхова абараніў дысертацыю на суісканне вучонай ступені кандыдата філасофскіх навук на тэму «Проблемы построения системы показателей духовной деятельности личности в концепции социалистического образа жизни. (Теоретико-методологический аспект)» (дыплом ФС № 006650, выдадзены ВАК пры СМ СССР на аснове рашэння Савета ІСД АН СССР ад 26.06.1985).

Са студзеня 1985 года па люты 1990 года працаваў спачатку малодшым навуковым супрацоўнікам, а затым навуковым супрацоўнікам у Інстытуце філасофіі і права АН БССР у аддзеле тэорыі сацыялогіі пад кіраўніцтвам доктара філасофскіх навук, прафесара Я. М. Бабосава.

У лютым—сакавіку 1990 года працаваў старшым навуковым супрацоўнікам у новаствораным Інстытуце сацыялогіі АН БССР (цяпер — НАН Беларусі) у аддзеле сацыялогіі культуры, які ўзначальваў доктар філасофскіх навук, прафесар Э. К. Дарашкевіч.

З красавіка 1990 года па красавік 2002 года быў дацэнтам кафедры сацыялогіі БДУ. У 1991 годзе атрымаў вучонае званне дацэнта (атэстат ДЦ № 038743, выдадзены на падставе рашэння Дзяржаўнага камітэта СССР па народнай адукацыі ад 04.07.1991). З красавіка 2002 года працаваў дацэнтам па сумяшчальніцтве на гэтай жа кафедры.

З красавіка 2002 года і да апошніх дзён жыцця займаў пасаду намесніка дырэктара Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі па навуковай працы (у красавіку—снежні 2008 года выконваў абавязкі дырэктара Інстытута).

Быў членам рэдкалегіі (аддзел сацыялогіі) Міжнароднага часопіса сацыяльных і гуманітарных навук «Личность. Культура. Общество» (Масква, ISSN 1606-951X), членам навуковага савета часопіса «Палітычная сфера» (Мінск, ISSN 1819-3625). З'яўляўся ўдзельнікам міжнароднага праекта «Гуманітарная энцыклапедыя» (галоўны рэдактар праекта — А. А. Грыцанаў) Мінскай філасофскай школы.

Уваходзіў у склад Экспертнай рады намінацыі «Сацыяльна-палітычныя навукі» Прэміі Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі.

Навуковыя інтарэсы

Культурсацыялогія, тэарэтычная сацыялогія, сацыялогія веды, сацыялогія і сацыяльная думка Лацінскай Амерыкі, гісторыя грамадска-палітычнай думкі ў Беларусі.

Выкладчыцкая дзейнасць

У межах выкладчыцкай дзейнасці чытаў курсы: «Тэарэтычная сацыялогія», «Сацыялогія культуры». У розныя часы таксама чытаў курсы: «Метадалогія і методыка сацыялагічных даследаванняў», «Гісторыя сацыялогіі», «Сацыялогія адукацыі», «Сацыялогія веды».

Пад навуковым кіраўніцтвам У. Л. Абушэнкі паспяхова абараніліся аспіранты: І. М. Красаўцава (тэма дысертацыі: «Методологические проблемы социологии чтения», 1998), С. А. Радзівонава (тэма дысертацыі: «Повседневность как поле презентации и репрезентации социальной реальности», 2002), А. А. Шэлест (тэма дысертацыі: «Становление новых типов религиозности в условиях социокультурных трансформаций», 2006) і А. У. Камароўскі (тэма дысертацыі: «Методология немецкого неовеберианства в социологическом изучении культуры», 2015).

Памяць

3 кастрычніка 2015 года ў Каўнасе (Літва) падчас адкрыцця цырымоніі надання Прэміі Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі памяць вучонага ўдзельнікі Кангрэса ўшанавалі хвілінай маўчання. Прамову ў памяць пра У. Л. Абушэнку прамовіў філосаф і метадолаг У. У. Мацкевіч.

У сакавіку 2016 года ў выдавецтве НАН Беларусі «Беларуская навука» пабачыў свет зборнік работ У. Л. Абушэнкі, падрыхтаваны вучнем вучонага А. У. Камароўскім: «Основания культурсоциологии: избранные труды» (Мінск, 2016. — ISBN 978-985-08-1981-9). У зборнік былі ўключаны выбраныя працы У. Л. Абушэнкі па гісторыі і тэорыі сацыялогіі, культурсацыялогіі і сацыяльнай тэорыі, даследаванні сацыяльнай і нацыянальнай ідэнтычнасці. Прэзентацыя кнігі адбылася 29 красавіка 2016 года ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя. Я. Коласа НАН Беларусі.

У канцы жніўня 2016 года вучнямі У. Л. Абушэнкі была абвешчана краўдсорсінгавая ініцыятыва па падрыхтоўцы да выдання аўтарскага курса лекцый, прачытанага вучоным у рамках магістратуры Інстытута падрыхтоўкі навуковых кадраў НАН Беларусі ў 2009/2010 навучальным годзе. Збор сродкаў на выданне кнігі праводзіўся з дапамогай краўдфандынга. Прэзентацыя кнігі, якая была выдадзена пад назвай «Современная социология: проблемы, рамки, основания» (ISBN 978-985-7051-22-9), адбылася 30 лістапада 2016 года ў Мінску.

24 верасня 2016 года ў рамках «Тыдня беларускага мыслення» (цыкла мерапрыемстваў, падчас якіх былі прадстаўлены вынікі развіцця філасофскай і інтэлектуальнай думкі Беларусі за апошнія 30 гадоў) у Мінску адбыліся:

  • публічная лекцыя беларускага філосафа і літаратара І. М. Бабкова «Абушэнка: рэканструкцыя ідэі»;
  • панельная дыскусія «Сучаснасць і сацыялогія Уладзіміра Абушэнкі: ідэі, кантэксты, перспектывы», у якой прынялі ўдзел вучні вучонага: А. А. Шэлест, А. У. Камароўскі і М. Л. Кацук.

Бібліяграфія

Аўтар больш за 400 навуковых публікацый. Найважнейшыя з іх:

Кнігі

  • Современная социология: проблемы, рамки, основания / В. Л. Абушенко; автор-сост. А. В. Комаровский. — Мн., 2016. — ISBN 978-985-7051-22-9.
  • Основания культурсоциологии: избранные труды / В. Л. Абушенко; сост. А. В. Комаровский. — Мн., 2016. — ISBN 978-985-08-1981-9.
  • Карлос Кастанеда. — Мн., 2009. — ISBN 978-985-489-911-4 (у суаўт. з А. А. Грыцанавым і А. А. Грыцанавым).
  • Мишель Фуко. — Мн., 2008. — ISBN 978-985-489-775-2 (у суаўт. з А. А. Грыцанавым).

Калектыўныя манаграфіі

  • Абушенко В. Л. Культурные инновации // Научные основы идентификации и использования общественно-функциональных инноваций. — Мн., 2004. — ISBN 985-442-135-X/985442135.
  • Абушэнка Уладзімер. Крэольства й праблема нацыянальна-культурнай самаідэнтыфікацыі // Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня. — СПб., 2003.
  • Методологические проблемы социологического познания. — Мн., 1995 (чл. аўт. кал.).
  • Молодежь и научно-технический прогресс. — Мн., 1989 (чл. аўт. кал.).
  • Выпускник перед выбором пути. — Мн., 1988 (чл. аўт. кал.).

Артыкулы ў зборніках

  • Социологические методы изучения образа жизни. — М., 1985 (чл. аўт. кал.).
  • Социальная ситуация как инструмент анализа образа жизни городского населения. — М., 1984 (чл. аўт. кал.).
Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter
© «Нашы людзі», 2021-2024
Паведаміць пра памылку
Паведамленне адпраўлена!
Адбылася памылка :(