27 верасня 1928г - 16 чэрвеня 1998г
Віцебская вобласць, Аршанскі раён, Орша
Руск. Вакар Сергей Михайлович
Беларускі скульптар. Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1978).
Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Працаваў у галіне станковай і манументальнай скульптуры.
Вялікай Айчыннай вайне прысвечаны кампазіцыі: «Рэйкавая вайна» (1957), «Юныя Мсціўцы» (1958), «Подзвіг Пятра Купрыянава», «Стаяць насмерць» (1961). Стварыў шэраг скульптурных партрэтаў дзяржаўных дзеячаў (Леніна, Дзяржынскага), герояў грамадзянскай — Г. Д. Гая (1969) і Айчыннай войнаў — Героеў Савецкага Саюза М. А. Кедышкі М. П. Шмырова (Бацькі Міная) (1970), К. П. Арлоўскага (1972), К. С. Заслонава (1973), Я. Налепкі (1974), дзеячаў беларускай культуры (Ф. Скарыны, М. Багдановіча, М. Гусоўскага і інш.). Скульптурная кампазіцыя «Францыск Скарына» (1964; таніраваны гіпс, вышыня 46 см) паказвае асветніка і першадрукара седзячы, паглыбленым у роздум, у руках гравіравальная дошка — сімвал працы і майстэрства.
У 1960-70-я стварыў партрэты сваіх сучаснікаў: праходчыка Салігорскага калійнага камбіната І. Акалелава (1961), пісьменнікаў У. Караткевіча (1968), П. Панчанкі (1969), Я. Брыля (1976), графіка А. Кашкурэвіча (1975), касманаўта П. Клімука.
Скульптар часам адмаўляўся ад дакладнасці ў перадачы гістарычнага аблічча гістарычнай асобы на карысць абагульненага вобраза.
Прастата і строгасць кампазіцыйнай пабудовы, яснасць і выразнасць пластычнага рашэння характарызуюць і манументальныя работы Вакара: помнікі віцэ-адміралу В. П. Дразду ў Буда-Кашалёве (1964, арх. В. Занковіч, Л. Левін), Ф. Э. Дзяржынскаму ў Дзяржынаве Стаўбцоўскага раёна (1977, арх. Ю. Казакоў), герою Грамадзянскай вайны У. М. Азіну ў Полацку (1979, арх. Ю. Казакоў), а таксама шэраг помнікаў-бюстаў і мемарыяльных дошак.
Аўтар помніка Тарасу Шаўчэнку на бульвары Шаўчэнкі (1976) ў Мінску.