17 жніўня 1907г - 29 кастрычніка 1937г
Магілёўская вобласць, Горацкі раён, Сава
Руск. Коваль Василий Петрович
Беларускі пісьменнік, сябра Саюза пісьменнікаў СССР (1934). Сапраўднае імя Васіль Пятровіч Кавалёў.
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Родная сястра пісьменніка, Марыя Пятроўна (1913 г. н.) успамінала: «Наша маці — Ульяна Піменаўна — родам з вёскі Халмы Горацкага раёна. Нарадзіла яна траіх дзяцей. Брат Фадзей (1911 г. н.) працаваў настаўнікам у вёсцы Шарыпы i Масалыкі Горацкага раёна. У час Вялікай Айчыннай вайны пайшоў у партызаны. Затым быў прызваны ў Чырвоную Армію. Служыў у 171 гвардзейскім палку 31 Віцебскай гвардзейскай стралковай дывізіі. 25 красавіка 1945 года памёр ад ран i пахаваны недалёка ад горада Пілаў». Бацька — Пётр Кліменцьевіч родам з вёскі Сава. У 1931 годзе быў арыштаваны першы раз i асуджаны на 5 гадоў зняволення за «шкодніцтва», «развал калгаснага ладу», а ў лістападзе 1937 года быў расстраляны ў Оршы і рэабілітаваны ў 1989 годзе.
Васіль вучыўся ў вясковай школе, а пасля — у Шышаўскай II ступені i ў Горацкай, дзе скончыў у 1924 годзе 8 груп. У 1925 годзе быў залічаны студэнтам 1-га курса Магілёўскага педтэхнікума. Але вучыцца давялося нядоўга. «Цяжка захварэла маці, — успамінае яго сястра Марыя Пятроўна, — i як толькі аб гэтым даведаўся Васіль, ён пешшу прыйшоў з Магілёва». «Вырашыў пакінуць вучобу, — паведаміў ён родным. — Пабуду дома, пакуль маці хварэе. А вучыцца яшчэ паспею». З вясны да восені 1925 года, калі ён вучыўся на агульнаадукацыйных курсах пры Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках. У Горках у 1926 годзе Каваль пазнаёміўся з Максімам Гарэцкім, які ў кнізе «„Маладняк“ за пяць гадоў» прысвяціў яго творчасці некалькі старонак. М.Гарэцкі сведчыць, што «…хадзіў Васіль Каваль, яшчэ ў сялянскай світцы, на зборкі беларускага літаратурнага гуртка ў акадэміі i на зборкі тутэйшых маладнякоўцаў». Жывучы са снежня 1925 года ў роднай вёсцы, В. Каваль займаўся сельскагаспадарчай працай, працаваў у сельскім выканкаме. У гэты час ён уступіў у камсамол i Саўская ячэйка ЛКСМБ абрала яго сакратаром.
У ліпені 1926 года Васіль вырашае прадоўжыць адукацыю на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педфака БДУ. У першы перыяд навучання ў БДУ В.Каваль актыўна займаўся літаратурнай працай. У 1927 годзе яго творы можна было сустрэць у часопісах «Полымя», «Маладняк», газетах «Звязда», «Савецкая Беларусь», «Чырвоная змена», «Чырвоны сейбіт» i іншых. Выйшла i першая кніга пісьменніка «Як вясну гукалі». Вядома, што вучыўся В.Каваль у БДУ нядоўга. Аб гэтым засталося дакументальнае пасведчанне: заява В. Каваля аб аднаўленні яго ў ліку студэнтаў у 1928 годзе. Вясной i летам 1927 года ён працуе сакратаром рэдакцыі «Маладняка». Восенню 1928 года В. Каваль зноў пачаў займацца ва ўніверсітэце, але пакінуў яго ў 1929 годзе «па ўласнаму жаданню». У 1928 годзе абраны членам Цэнтральнага Бюро аб’яднання «Маладняк» і ўведзены ў рэдакцыйную групу часопіса «Маладняк», дзе застаўся пасля ўтварэння БелАПП.
У 1931 годзе В. Каваля прызываюць на службу ў Чырвоную Армію. Спачатку ён служыў камандзірам узвода 4-га стралковага палка ў г. Полацку. Актыўна супрацоўнічаў з газетай «Красноармейская правда». Рэдактар газеты А. Г. Самахвалаў дабіўся перавода В.Каваля на сталую працу ў рэдакцыю газеты, якая знаходзілася ў Смаленску. У гэты час выязджаў у Крандштат і Севастопаль, дзе служылі воіны-беларусы. Аднак служба ў арміі скончылася не вельмі ўдала. Пісьменнік "…быў выключаны з радоў камсамола i дэмабілізаваны як класава-чужы за сувязь з бацькам, які ў гэты час быў выключаны з калгаса «за ўдзел у развале калгаса». У пачатку вясны 1933 года В. Каваль зноў жыве ў Мінску і займаецца літаратурнай працай.
Творчы працэс пісьменніка быў прыпынены ў ноч на 2 лістапада 1936 года. У кватэру па адрасе Мінск, вул. Маякоўскага, д. 32, кв. 4 пастукалі i В.Каваль быў арыштаваны. З пастановы на арышт відаць, што Васіль Каваль «…з’яўляецца актыўным удзельнікам контррэвалюцыйнай арганізацыі, якая ставіла сваёй мэтай адарванне Беларусі ад Савецкага Саюза i ўтварэнне буржуазна-дэмакратычнай рэспублікі i таму пастанавіў: Каваля Васіля Пятровіча, 1907 г. нараджэння, беларуса, беспартыйнага, з сям’i былога ўрадніка, асуджанага за шкодніцтва, пісьменніка, які жыве ў Мінску — падвергнуць вобыску i арышту для прыцягнення да судовай адказнасці…». Леанід Маракоў у Архіве прэзідэнта Расійскай Федэрацыі (АПРФ, вопіс № 24, справа № 411) знайшоў «Список лиц, подлежащих суду военной коллегии Верховного суда Союза ССР». У спіс уключаны «ворагі народа» з усяго Савецкага Саюза. Спіс па Беларускай ССР датаваны 15 верасня 1937 і падпісаны І. Сталіным, В. Молатавым і начальнікам 8-га аддзела Галоўнага ўпраўлення дзяржаўнай бяспекі СССР старшым маёрам дзяржаўнай бяспекі У. Цэсарскім. У спіс уключаны партыйныя, савецкія, гаспадарчыя кіраўнікі, выкладчыкі вышэйшых i сярэдніх навучальных установ, пісьменнікі i журналісты. Сярод 103 имён есць i імя: Каваль (Кавалёў) Васіль Пятровіч.
28 кастрычніка 1937 года бязвіннага чалавека прыгаварылі да расстрэлу. Расстралялі Васіля Каваля 29 кастрычніка 1937 года. Як вядома, у той жа дзень расстралялі яшчэ 9 пісьменнікаў: Анатоля Вольнага, Алеся Дудара, Міхася Зарэцкага, Валерыя Маракова, Васіля Сташэўскага, Ізі Харыка, Міхася Чарота, Зяму Піваварава i Платона Галавача.
Калі ў хрушчоўскую адлігу пачалі пераглядаць справы рэпрэсаваных, 19 снежня 1956 г. Саюз пісьменнікаў Беларусі звярнуўся ў Вярхоўны Суд БССР з лістом аб пераглядзе прыгавору адносна В.Каваля. 24 верасня 1957 года Ваенная калегія Вярхоўнага Суда СССР пастанавіла: «Прыгавор скасаваць i спыніць справу за адсутнасцю складу злачынства».
У 1936 годзе ў Мінску Васіль Каваль пабраўся шлюбам з Палінай Басінкевіч, артысткай Беларускага тэтра юнага гледача. Пасля смерці В.Каваля, яна ажанілася з Сапетко Анатолем, які ўдачарыў дачку Аліну. У перыяд нямецкай акупацыі яўрэйка Паліна, у гета не перасялілася. Калі па даносе суседзяў паліцаі і немцы прыйшлі за Палінай, яна схавала дачка пад стол, накрыты доўгім абрусам. Дзяўчынку знайсці не змаглі і Аліну праз вакно вынес Анатоль Сапетко. Ён забраў дзяўчынку да сваіх бацькоў. Неўзабаве Сапетко арыштавалі за сувязь з партызанамі. Тады знаёмая сям’і Алена Смольская прапанавала бацьку Сапетко прывезці дзяўчынку ў Слонім да яе родных. Сюды ж яна прывезла свайго сына, прадставіўшы дзяўчынку і хлопчыка блізнятамі. Пасля вайны Алена Смольская выйшла замуж за Сапетко, і яны працягвалі выхоўваць Аліну разам. Только ў 1957 годзе, калі В.Каваля рэабілітавалі, новыя бацькі расказалі ёй аб тым, хто яе родныя бацька і маці. У 1998 годзе музей Яд ва — Шэм у Ізраілі прысвоіў Алене Сапетко званне Праведнік міру.
Васіль Каваль пачаў пісаць вершы ў час вучобы ў тэхнікуме і падаў там заяву для ўступлення ў філію Магілёўскага «Маладняка» быў прыняты 18 кастрычніка 1925 года кандыдатам філіі. А неўзабаве ён стаў членам «Маладняка». Калі вярнуўся з Магілёва і жыў у в. Сава, браў удзел у працы Горацкай філіі Аршанскага «Маладняка», які адыграў вялікую ролю ў станаўленні В.Каваля як пісьменніка. Успамінаючы пра гэтыя пасяджэнні, В. Каваль, як сведчыў М. Гарэцкі, сказаў: «Быццам свет мне адчыніўся». У нумарах «Аршанскага маладняка», што ў 1926 годзе выходзіў у Горках, друкаваліся творы пачынаючага пісьменніка. У гэтым годзе яго творы друкаваліся таксама ў газетах «Савецкая Беларусь», «Беларуская вёска», часопісе «Маладняк» i іншых выданнях. У гэты час, не адыходзячы ад паэзіі, В.Каваль пачынае пісаць празаічныя творы. Яго творы «Жніўнае свята», «Маёвым вечарам», «Сярод збожжа», «Як вясну гукалі…», "Iвашка Буй-Вецер"i іншыя, надрукаваныя ў 1926 годзе, былі кароткія або разгорнутыя абразкі, лірычныя замалёўкі, стылізаваныя пад фальклорныя творы.
Асабліва ўдалым было яго апавяданне «Як вясну гукалі», надрукаванае ў чэрвені 1926 года ў газеце " «Савецкая Беларусь». Многія літаратуразнаўцы лічаць гэта апавяданне пачаткам сталай літаратурнай працы Васіля Каваля. Яно дала назву першаму зборніку празаіка i затым перадрукоўвалася ў іншых яго кнігах. Пераводзілася яно i на іншыя мовы.
У 1928 годзе выйшла яго другая кніга «На загонах. Апавяданні», якую таксама прыхільна сустрэла крытыка. Пісаў ён у сваіх творах аб вёсцы, аб жыцці селяніна i яго вечных клопатах, аб тых сацыяльных зменах, што адбыліся пасля лютаўскай i кастрычніцкай рэвалюцый 1917 года. З цягам часу, пазбаўляючыся ад метафарычнасці, фальклорна-паэтычнай стылізацыі, В.Каваль ішоў да паглыбленага псіхалагізму, рэалістычнага адлюстравання рэчаіснасці, канкрэтна-рэалістычнай лепкі характараў (апавяданні «Шчасце Сілівея Зязюлі», «Ноч на моры» і інш.
У 1929 годзе выйшла чарговая кніга пісьменіка — «Крыніца», у якую ўвайшло некалькі апавяданняў В. Каваля, у тым ліку — «Iлька», дзе ён апавядае аб жыцці цыган, аб іх імкненні пакінуць жыццё на калёсах i пачаць працаваць на зямлі.
Па матэрыялах армейскага жыцця пісьменнік стварыў аповесць «Дзень палымнее» i аповесць для дзяцей «Санька-сігналіст» (выйшла асобнай кнігай у 1936 годзе). Для дзяцей напісаў аповесці «Санька-сігналіст» (1934), «Следапыты» (1936).
У час службы ў арміі ў дзяржаўным выдавецтве Беларусі выйшлі «Выбраныя творы» пісьменніка. Яны былі надрукаваны ў серыі «Беларускія пісьменнікі ў школе», бо яго творы вывучалі ў школе. У гэты час яго асобныя творы былі перакладзены на рускую, украінскую i яўрэйскую мовы.
Займаўся перакладамі, асобнымі творамі ў 1930—1936 гг. у часопісах i кнігамі выйшлі пераклады на беларускую мову паасобныя творы А. Чэхава, М. Горкага, Б. Лаўранёва, К. Станюковіча, І. Мікітэнкі, І. Лэ, М. Канапніцкай і іншых пісьменнікаў. У 1933—1936 гадах ён друкуецца ў газетах i часопісах.
Пасля яго рэабілітацыі, у 1959 годзе была выдадзена кніга «Выбранае: Аповесці i апавяданні», у 1961 годзе надрукавaны асабнай кнігай аповесці «Следапыт», «Санька-сігналіст», а ў 1966 годзе ўрывак з апoвесці «Следапыт» увайшоў у хрэстаматыю па беларускай савецкай літаратуры. У 1967 годзе выйшла «Анталогія беларускага апавядання» (том 1), дзе было змещана апавяданне «Iлька». Гэта апавяданне ўключана ў зборнікі, што выйшлі ў Балгарыі i ў Германіі (ГДР). У 1975 годзе з яго творчасцю азнаёміўся рускамоўны чытач. Тыражом больш як 200 тыс. экзeмпляраў выйшлі выбраныя творы на рускай мове.
М. Гарэцкі ў кнізе «„Маладняк“ за пяць гадоў 1923—1928» пісаў, што «Літаратурная крытыка вельмі прыхільна сустрэла з’яўленне твораў Васіля Каваля. Усе аўтары рэцензій на зборнік „ Як вясну гукалі“ аднагалосна адзначалі Васіля Каваля за новую выдатную сілу ў беларускай літаратуры паслякастрычнічкага перыяду. Яго галоўную асаблівасць бачылі ў моцнай сувязі з зямлёй, з вёскаю, з сялянствам, а таксама ў асаблівай паэтычнасці стылуі блізкасці да да стылістычных прыёмаў народнай творчасці».
У 1957 годзе пісьменнікі Пятрусь Броўка i Міхась Калачынскі звярнуліся ў Вярхоўны Суд БССР з лістом, у якім гаварылася, што В. Каваль быў «…адным з таленавітых беларускіх празаікаў».
Доктар філалагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт НАН Беларусі Міхась Мушынскі адказваючы на пытанні, што ўдалося зрабіць В.Кавалю ў галіне мастацкай прозы і ў чым адметнасць і каштоўнасць яго твораў адзначаў, што «Перш за ўсё — у пранікнённым і тонкім лірызме, з якім малады пісьменнік распавядаў пра сучаснае яму жыццё, ў глубокім даверы да сваіх герояў, ва ўменні шчыра спачуваць челавечаму гору і даверу да сваіх герояў, разумець пакуты чалавека. …па-мастацку пераканаўча перанесці на старонкі твора багатыя жыццёвыя назіранні, стварыць адпаведны эмацыянальны настрой, цікава расказаць пра пэўнага чалавека, раскрыць яго ўнутрані свет, думкі і перажыванні».
На беларускай мове
На рускай мове
На ўкраінскай мове