23 красавіка 1940г
Гомельская вобласць, Калінкавіцкі раён, Калінкавічы
Руск. Казько Виктор Афанасьевич
Беларускі празаік, журналіст.
3 сям’і рабочага. У гады Другой сусветнай вайны ад выбуху бомбы загінула маці, замерзла маленькая сястрычка. Пасля вайны Віктар не прыжыўся ў новай сям'і бацькі, падлеткам сышоў з дому. Выхоўваўся ў Вільчанскім і Хойніцкім дзіцячых дамах на Усходнім Палессі. Пасля сканчэння ў 1956 годзе васьмі класаў, вучобу працягваў у Кемераўскім горным індустрыяльным тэхнікуме. Потым працаваў у шахце, у геолагаразведцы. Яго ўражанні пра гэты час рэалізаваліся ў аповесцях «Цёмны лес — тайга густая» (1973), «Дзень добры і бывай» (1974), напісаных на рускай мове.
3 1962 года ў журналістыцы, быў загадчыкам аддзела прамысловасці таштагольскай гарадской газеты «Красная Шория», літаратурным супрацоўнікам абласной газеты «Комсомолец Кузбасса», карэспандэнтам абласнога радыё. У 1970 годзе скончыў завочнае аддзяленне Літаратурнага інстытута імя А. М. Горкага. Праз год пераехаў у Мінск. 3 1971 года літаратурны супрацоўнік газет «Чырвоная змена», «Советская Белоруссия», у 1973—1976 гадах — часопіса «Неман». 3 1976 года на творчай рабоце. У 1985—1988 гадах сакратар Саюза пісьменнікаў БССР. 3 1988 года зноў на творчай рабоце. Жыве ў Мінску.
Друкавацца пачаў у газеце «Красная Шория» (апавяданне «Халімон», нарысы, карэспандэнцыі не выяўлены). У беларускім друку выступае з 1971 года. Творчасць мае ярка выражаную аўтабіяграфічную аснову. Ён адзін з першых у беларускай і савецкай прозе паказаў вайну праз прызму ўспрыняцця дзіцяці («Суд у Слабадзе»). Трагічныя падзеі вайны, якія захаваліся ў дзіцячай свядомасці, сталі сюжэтна-кампазіцыйным, сэнсавым, этычным цэнтрам аповесцяў пісьменніка. Яны абумовілі розныя планы апавядання — ваеннае мінулае, жорсткія траўмы, якія былі нанесены дзіцячай душы, цяжкае станаўленне юнака, імкненне пераадолець. невыносны цяжар страшэнных успамінаў. Значную ўвагу Віктар Казько аддае экалагічным праблемам: выступае не толькі за чысціню прыроды, але і за чысціню чалавечых адносін, мар, ідэалаў. Гібель прыроды, варварскія адносіны да яе знішчаюць нешта чалавечае ў самім чалавеку («Цвіце на Палессі груша», «Неруш»). Своеасаблівым падагульненнем творчых пошукаў Віктара Казько 1970—1980-х стаў раман «Хроніка дзетдомаўскага саду» (1987), у якім спалучаны найбольш значныя дасягненні пісьменніка ў распрацоўцы тэмы вайны і ўзаемадзеяння з прыродай. Напісаў аповесці «Но пасаран» («Полымя». 1990. № 4), «Выратуй і памілуй нас, чорны бусел» («Полымя». 1991. № 9). Творам Віктара Казько ўласцівы драматызм, пераканаўчасць, псіхалагічнае заглыбленне. Вобразы, створаныя мастаком, набываюць сімвалічна-алегарычны сэнс, адкрытую публіцыстычнасць, філасафічнасць. Яго творы былі экранізаваны на кінастудыі «Беларусьфільм» («Паводка», «Сад», «Судны дзень»), перакладаліся на іншыя мовы.