4 лютага 1808г - 21 снежня 1884г
Магілёўская вобласць, Бабруйскі раён, Панюшкавічы
Руск. Винцент Дунин-Марцинкевич
Беларускі празаік, паэт, драматург, тэатральны крытык. Заснавальнік нацыянальнай драматургіі, тэатра, першы класік новай беларускай літаратуры.
Належаў да каталіцкага шляхецкага (дваранскага) роду Дунін-Марцінкевічаў гербу «Лебедзь». Далёкія продкі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, калі верыць друкаваным гербоўнікам, паходзілі з Даніі. Прыдомак шляхецкага прозвішча не пярэчыць такой выснове (польск.: duńczyk — датчанін). Пазней, у паэме «3-над Іслачы, або Лекі на сон», згадваючы сваю асобу ў шэрагу іншых персанажаў твора, ён напіша: «Мой герб такога роду, які налічвае дванаццаць ваяводаў». Аднак паступова род драбнеў, і перад нараджэннем Вінцэнта яго бацькі самі арандавалі ў Бабруйскім павеце маёнтак свайго далёкага, але ўплывовага сваяка — магілёўскага біскупа Станіслава Богуш-Сестранцэвіча (1731—1826).
Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч нарадзіўся ў 1808 годзе ў фальварку Панюшкавічы Бабруйскага павета (цяпер в. Панюшкавічы, Бабруйскі р-н) ў сям'і шляхціца-арандатара (дакладная дата нараджэння высветлена параўнаўча нядаўна). Скончыў Бабруйскае павятовае вучылішча (1824). С. Богуш-Сестранцэвіч, знаходзячыся на пасадзе мітрапаліта ўсіх рымска-каталіцкіх касцёлаў Расійскай імперыі, узяў пляменніка ў Пецярбург, дзе падлетак Вінцэнт жыў у сярэдзіне 1820-х гадоў.
Вучыўся ў Пецярбургскім універсітэце (па іншых звестках — у Віленскім універсітэце) на медыцынскім факультэце, але не мог прызвычаіцца да анатаміравання і пакінуў вучобу.
З 1827 года юнак распачынае чыноўніцкую кар'еру. Ён працаваў памочнікам каморніка пры Мінскім межавым судзе, служыў перакладчыкам у Мінскай епархіяльнай кансісторыі, быў служачым у Мінскай крымінальнай палаце.
У 1840 сумесна з жонкай Юзэфай Бараноўскай, з якой ажаніўся ў вельмі маладым веку, набыў невялікі маёнтак Люцінка (Люцынка) у Пяршайскай воласці (каля мястэчка Івянец) Мінскага павета і кінуў дзяржаўную службу. Люцынка стала калыскай яго творчых задум. Тут разгарнулася яго культурна-асветная, літаратурная і тэатральная дзейнасць і прайшлі ўсе наступныя гады жыцця.
Падчас паўстання 1863—64 гадоў абвінавачваўся ў распаўсюджванні «шкодных для ўрада» ідэй. Паліцыя прыпісвала яму аўтарства антыўрадавых выданняў (напр., «Гутаркі старога дзеда»). Хоць прамы ўдзел В. Дуніна-Марцінкевіча ў паўстанні не быў даказаны, яго арыштавалі. 3 кастрычнік 1864 да снежня 1865 зняволены ў мінскую турму, потым быў пад наглядам паліцыі (зняты ў 1872—74, зноў устаноўлены ў 1876). Да самай смерці ён заставаўся пад наглядам паліцыі. Дачка Каміла за сувязь з паўстанцамі была выслана ў Сібір і з 1863 адбывала ссылку ў Салікамску.
Спрабаваў (1876) адкрыць нелегальную школку для навакольных дзяцей.
За сваё жыццё В. Дунін-Марцінкевіч ажыццявіў шматлікія падарожжы па Беларусі, а таксама ў Пецярбург, Маскву, Варшаву, Кіеў, Коўна. Ён сустракаўся і падтрымліваў сяброўскія адносіны з С. Манюшкам. Валодаў некалькімі мовамі, выдатна ведаў беларускую вусна-паэтычную творчасць, пісьмовыя літаратуры (польскую, рускую, украінскую, французскую).
Памёр у Люцынцы.
Пісаў па-беларуску і па-польску. Творчую дзейнасць пачаў з оперных лібрэта. Як драматург і акцёр дэбютаваў у Мінску, паставіўшы аперэту «Рэкруцкі яўрэйскі набор» (1841) і выканаўшы ў ёй адну з галоўных роляў.
Прысылаў свае творы ў газету «Kurier Wilenski» («Виленский вестник»), якую рэдагаваў Адам Ганоры Кіркор. У 1846 годзе ў Вільні надрукаваны яго драматычны твор «Сялянка» («Ідылія»), у якім сяляне гавораць па-беларуску. Опера была пастаўлена ў 1852 на мінскай сцэне створаным ім тэатральным калектывам (паўторна пастаўлена ў Мінску ў 1994). Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч выконваў ролю Навума Прыгаворкі (адсюль яго псеўданім).
Першыя вядомыя паэтычныя творы В. Дуніна-Марцінкевіча на польскай мове («Малітва на памінальны дзень», «Дзіця і маці», «Вясна») прасякнуты сентыменталізмам і рэлігійнымі матывамі.
У 1850-я г. распрацоўваў новыя жанравыя формы — вершаванае апавяданне і аповесць, баладу, вытрыманыя ў павучальна-дыдактычным духу («Вечарніцы», «Гапон», 1855, «Купала», 1856, «Шчароўскія дажынкі», 1857, «Травіца брат-сястрыца» і «Быліцы, расказы Навума», нап. 1857). У гэтых творах сплавіліся рамантычная цікавасць да народных звычаяў, традыцый і рэалістычнае імкненне перанесці на грунт рэальнага жыцця матывы, вобразы народных легенд, казак, паданняў. У творчасці В. Дуніна-Марцінкевіча сфарміраваўся своеасаблівы метад рамантычнага этнаграфізму, які адпавядаў пачатковаму этапу развіцця беларускай літаратуры XIX ст.
Адыход ад сентыментальна-ідылічных форм і жанраў выявіўся ў структуры вершаваных твораў, іх вострай канфліктнасці, імкненні вылучыць на першы план маральна-бытавую праблематыку, у спробах асэнсаваць некаторыя надзённыя з'явы сацыяльна-гістарычнай рэчаіснасці. У «Стаўроўскіх дзядах» (2-я частка «Вечарніц») побач са звычаёвымі рэаліямі выразна гучаць агульнагуманістычныя і сацыяльныя матывы. Ідэя маральнай чысціні народа выяўлена ў вершаванай аповесці «Купала». 3 пазіцый народнай этыкі зыходзіў аўтар і ў паэме «Гапон», паказаўшы барацьбу героя за асабістае шчасце, шырыню яго натуры, моцнае пачуццё чалавечай годнасці. У творы адлюстраваны і характэрныя сацыяльна-псіхалагічныя з'явы часу — нарастанне стыхійнага бунту сялян, трагедыя рэкрутчыны, маральны заняпад феадальнага грамадства. Этнаграфічна-бытавая праблематыка вызначальная і для вершаванай аповесці «Шчароўскія дажынкі», вершаванага апавядання «Быліцы, расказы Навума», балады «Травіца брат-сястрыца» і інш. У іх асноўнай матывіроўкай паводзін і ўчынкаў сталі народныя крытэрыі працавітасці і сумленнасці чалавека. Паэтызацыя земляробчай працы, узвышэнне чалавека з народа — сведчанне сувязі творчасці пачынальніка беларускай літаратуры з перадавымі традыцыямі славянскіх літаратур, глыбокага дэмакратызму яго эстэтыкі. У «Быліцах, расказах Навума» п'янства, маральная разбэшчанасць матывуюцца адмоўным уплывам феадальнай культуры.
Ідэя абнаўлення жыцця на больш гуманных, дэмакратычных прынцыпах выразна выяўлена ў «Халімоне на каранацыі» (нап. 1857, апубл. 1946). Твор праўдзіва адлюстраваў супярэчнасці ў свядомасці сялянскай масы напярэдадні рэформы 1861 года: нягледзячы на расчараванне спадарожнікаў Халімона пасля каранацыі, у іх усё ж застаецца вера ў «добрага» цара.
У распрацоўцы жанру балады паэт апіраўся на багатыя традыцыі рамантызму славянскіх літаратур, яе вытокі бачыў у народнай творчасці. Пра шырыню і плённасць творчых інтарэсаў В. Дуніна-Марцінкевіча сведчаць яго вершаваныя апавяданні на польскай мове, прысвечаныя актуальным з'явам грамадскага жыцця («Благаславёная сям'я», 1856), гістарычным падзеям («Славяне ў XIX стагоддзі», 1856, «Люцынка, або Шведы на Літве», нап. 1857). Пра арыентацыю на здабыткі Адама Міцкевіча і яго рамантычнай школы сведчаць і творы на польскай мове, і пераклад на беларускую мову «Пана Тадэвуша» (1859), забароненыя царскай цэнзурай (выйшлі толькі 2 «быліцы»).
У 1860-я — 1870-я гады напісаў камедыі «Пінская шляхта» і «Залёты». У камедыі «Пінская шляхта» (аўтарскае вызначэнне: фарс-вадэвіль, нап. 1866, апубл. 1918) аўтар выкрывае паразітычную сутнасць царскага чыноўніцтва. Тут многа камедыйна-бытавых сцэн, дзеянне часта суправаджаецца песнямі і танцамі, але вядучыя прынцыпы — сатырычнае выкрыццё «чыноўных п'явак». Высмейваецца каставая абмежаванасць пінскай шляхты. Сатырычная камедыя «Залёты» (нап. 1870, апубл. 1918) напісана ў традыцыях двухмоўя і прысвечана праблеме расслаення парэформеннай вёскі. У цэнтры п'есы вобраз вясковага гандляра Антона Сабковіча, асноўныя прынцыпы якога індывідуалізм, цынічны разлік, эгаізм.
Пачаўшы пісаць, ён сутыкнуўся з тымі самымі цяжкасцямі, што і ўсе літаратары гэтага перыяду — адсутнасцю ўнармаванай беларускай мовы (не было слоўнікаў і граматык). Нягледзячы на гэта, ён здолеў выйсці за вузкія дыялектныя межы і зарыентаваўся на агульнанародныя моўныя сродкі (пачаў ужываць формы словаў, якія былі вядомыя ва ўсёй Беларусі).
Творчае станаўленне В. Дуніна-Марцінкевіча складанае. Ён паэтызаваў жыццё і побыт селяніна як носьбіта высокіх маральных і эстэтычных каштоўнасцей, што садзейнічала нараджэнню новых дэмакратычных ідэй у беларускай літаратуры. Вялікая заслуга В. Дуніна-Марцінкевіча ў развіцці беларускай літаратурнай мовы, сілабічнага вершаскладання, у выпрацоўцы новых жанрава-стылістычных форм (ідылія, вершаванае апавяданне і аповесць, балада, камедыя). Значная частка яго твораў, у тым ліку камедыі, не ўбачылі свету пры жыцці аўтара.
Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч арганізаваў тэатральную трупу — першы беларускі тэатр, які ладзіў спектаклі ў 1840—50-я гады. Тэатр наследаваў народныя традыцыі мастацтва, вызначаўся дэмакратызмам, абуджаў нацыянальную самасвядомасць у гледачоў, пакінуў прыкметны след у гісторыі беларускага сцэнічнага мастацтва, садзейнічаў яго станаўленню і развіццю. Выступаў пераважна ў фальварку Люцынка, а таксама ў Мінску, Бабруйску, Глуску і інш. У 1852 дзейнасць калектыву была забаронена ўладамі, і ён паказваў спектаклі фактычна нелегальна да 1856.
Выступленні прымяркоўваліся да свят і ўрачыстасцей. Для гэтага пісьменнік спецыяльна пісаў новую п'есу (большасць не збераглася). У спектаклях ужываліся руская, беларуская і польская мовы. У Мінску паказаны «Рэкруцкі яўрэйскі набор» (1841) і «Сялянка» («Ідылія», 9.2.1852; у ролях Іагана Бенатана і Навума Прыгаворкі раскрыўся яркі камедыйны талент В. Дуніна-Марцінкевіча).
У трупу (больш за 20 чалавек) уваходзілі Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, яго дочкі Каміла і Мальвіна, сын Міраслаў, К. Кжыжаноўскі, Ляўданскі, Лопат, Ю. Кабылінскі, Прушынскі і інш. У пастаноўках удзельнічаў хор сялян з Люцынкі, быў аркестр.
Польскі пецярбургскі часопіс «Kraj» («Край») у некралогу В. Дуніна-Марцінкевіча напісаў: «Удзячна і сардэчна ўспомняць яго некалі — калі пасталеюць — наступныя беларускія пакаленні».
На пачатку ХХ стагоддзя невялікая кагорта беларусаў-адраджэнцаў адзначыла 25-ю гадавіну смерці пісьменніка. Газета «Наша ніва» прысвяціла яму асобны нумар. Побач з артыкуламі Рамуальда Зямкевіча «Вінцук Дунін-Марцінкевіч, яго жыццё і літаратурнае значэнне», Альгерда Бульбы «Грамадзянскае становішча В. Дуніна-Марцінкевіча», Ядвігіна Ш. «В. Дунін-Марцінкевіч у практычным жыцці», вершам Янкі Купалы «Памяці Вінцука Марцінкевіча» быў змешчаны рэдакцыйны матэрыял, у якім адзначалася:
Усе культурныя нацыі вельмі шануюць памяць найбольш заслужаных сыноў сваіх і ў гадаўшчыну іх ураджэння, смерці і т.п. успамінаюць іх заслугі. Такія нацыянальныя памінкі маюць вялікую вагу: асвячаюць перад народам жыццё і працу лепшых грамадзян, яны паказваюць моц і сілу ўсяе нацыі, каторая такіх сыноў узгадавала, развіваюць у народзе паважанне да сябе самога, будзяць нацыянальную свядомасць, а разам з гэтым заахвочваюць кожнага да працы для грамадзянства, даводзячы жывым прыкладам, што раней ці пазней родны край ацэніць тую працу павэдлуг справядлівасці.
Беларуская грамада ў Празе 30.12.1924 правяла юбілейную вечарыну, прысвечаную 40-м угодкам з дня смерці В. Дуніна-Марцінкевіча. На магіле пісьменніка ва ўрочышчы Тупальшчына, недалёка ад Люцінкі пастаўлены помнік, а ў самой Люцінцы месца, дзе стаяла хата Беларускага Дудара, адзначана мемарыяльным знакам. Мемарыяльная дошка ўстаноўлена і на радзіме пісьменніка, у вёсцы Сычкава Бабруйскага раёна.
Імя Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча носіць вуліца ў Мінску. Таксама імя В. Дуніна-Марцінкевіча носіць Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі ў Бабруйску. Міністэрства культуры Беларусі і Беларускі саюз тэатральных дзеячаў (БСТД) заснавалі тэатральную прэмію імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. У Беларусі існуе Міжнародны фестываль нацыянальнай драматургіі, які таксама носіць імя драматурга. 4 лютага 2008 года Нацыянальны банк Беларусі ўвёў у абарачэнне памятныя манеты «В. Дунін-Марцінкевіч. 200 год». Пошта Беларусі ў 2008 годзе выпусціла марку, прысвечаную пісьменніку. 3 верасня 2016 года ў цэнтры Мінска адкрыты помнік кампазітару Станіславу Манюшку і Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу.
Выдадзены самы поўны, у двух тамах, збор твораў В. Дуніна-Марцінкевіча (1984).