17 студзеня 1904г - 15 студзеня 1979г
Мінская вобласць, Уздзенскі раён, Чурылава
Руск. Якимович Александр Иванович
Беларускі дзіцячы празаік і паэт, перакладчык.
Нарадзіўся 17 студзеня 1904 года ў сялянскай сям’і. Скончыў Беларускі педагагічны тэхнікум (1926), літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1930). З 1924 года працаваў у рэдакцыях часопісаў «Беларускі піянер», «Іскры Ільіча». Быў сябрам літаратурнага аб’яднання «Маладняк». У пачатку Вялікай Айчыннай вайны выкладаў у сярэдняй школе г. Чыстапаля (Татарстан), затым працаваў адказным сакратаром раённай газеты ў Казахстане. З кастрычніка 1942 года — у Чырвонай Арміі, камандзір стралковага ўзвода, затым роты, пад Харкавам быў цяжка паранены (1943). Па раненні жыў у Маскве, займаўся рэдактарскай працай (1943—1944). Працаваў старшым рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР (1944—1945, 1948—1954), адказным рэдактарам часопіса «Бярозка» (1945—1948), літкансультантам СП БССР (1955—1960).
Дэбютаваў у друку ў 1923 г. (часопіс «Маладняк»). Першая кніжка «Вершы» (1925). Пісаў пераважна для дзяцей. Аўтар кніг апавяданняў, аповесцей «Гул бубна» (1925), «Перамога» (1932), «Незвычайны мядзведзь» (1934), «Выпадак на чыгунцы» (1938), «Помета» (1946), «Сябры» (1948), «Аповесці і апавяданні» (1949), «Гаворыць Масква» (1951), «Арляняты» (апавяданні, аповесці, казкі, 1952), «Я — юны піянёр» (1952), «Базылёў курган» (1954), «Новы год» (1958), «Смелыя людзі» (1960), «Адкуль ліха на свеце» (1963), «Прыгоды хлопчыка Іларыка» (1965), «Канец сервітуту» (1968), «Светлы дзень» (апавяданні і казкі, 1969), «Кастусь Каліноўскі» (1971), «Цяжкі год» (1976), нарысы «Коска» (1935), «У нашай сталіцы» (1954), літаратурныя казкі ў вершах і прозе «Каваль Вярнідуб» (1936), «Казка пра смелага вожыка» (1937), «Браты Лазоўскія» (1965), зборнік паэзіі «Улетку» (1947). У 1967 г. выйшлі Выбраныя творы ў 2-х, у 1978—1980 гг. — у 3 тамах.
У апрацоўцы А. Якімовіча выйшла шмат беларускіх казак як асобнымі выданнямі, так і зборнікамі «Каток — залаты лабок» (1955), «Бацькаў дар» (1957), «З рога ўсяго многа» (1959), «Андрэй за ўсіх мудрэй» (1983). Таксама А. Якімовіч сааўтар «Чытанкі» для 2-га класа (з Е. Тародкінай, 1933), аўтар падручніка для 2-га класа «Роднае слова» (1932), кніг для чытання «Слухай — запамінай: Азбука ў вершах і малюнках» (1948), «Звяры нашых лясоў» (1951).
Пераклаў на беларускую мову асобныя творы А. Пушкіна, М. Някрасава, П. Яршова, І. Крылова, І. Тургенева, Д. Маміна-Сібірака, Л. Талстога, А. Чэхава, У. Маякоўскага, М. Горкага, К. Чукоўскага, С. Маршака, С. Міхалкова, А. Гайдара, М. Носава, І. Франка, М. Рыльскага, П. Тычыны, Н. Забілы, Х. К. Андэрсена, Дж. Лондана, Г. Мапасана і інш.
Заслужаны дзеяч культуры Беларускай ССР (1968). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1974) за аповесці «Адкуль ліха на свеце», «Канец сервітуту» і «Кастусь Каліноўскі».
Імем Якімовіча названа Зенькавіцкая сярэдняя школа ва Уздзенскім раёне.