8 студзеня 1848г - 6 лютага 1905г
Мінская вобласць, Пухавіцкі раён, Турын
Біёлаг, Вынаходнік, Медык, Фізік
Руск. Наркевич-Иодко Яков Оттонович
Беларускі фізік, медык, біёлаг. Доктар медыцыны (1893), прафесар (1900), член-карэспандэнт Рускага геаграфічнага таварыства (1889).
Належаў да старажытнага шляхецкага роду Наркевічаў-Ёдкаў гербу «Ліс».
Скончыў Мінскую гімназію (1865), працягваў навучанне ў Парыжы, Фларэнцыі, Вене.
У 1872 г. у маёнтку Атонава (сёння вёска Сінячова ў Капыльскім раёне) пабудаваў метэаралагічную станцыю (у 1888 годзе перанес яе ў маёнтак Наднёман, цяпер вёска Уздзенскага раёна). У 1881 г. стаў членам Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі.
З 1890 года супрацоўнік Інстытута эксперыментальнай медыцыны ў Пецярбургу.
Вынайшаў спосаб бесправадной перадачы і прыёму злектрамагнітных хваляў на адлегласці (першы ў свеце правобраз радыёпрыёмніка, 1891), але не запатэнтаваў вынаходніцтва. Існуе дакумент, які пацвярджае прыярытет Я. Наркевіча-Ёдкі ў гэтым вынаходніцтве — пратакол паседжання Французскага фізічнага таварыства ў Парыжы (1898). У ім азначаецца, што О. Лоджу «належыць першая ідэя тэлеграфіі без правадоў, калі мы не пажадаем дайсці да Наркевіча-Ёдкі, …які двума-трыма гадамі раней выканаў у Вене вельмі цікавыя перадачы са шпуляй Румкарфа (праўда можа быць, без выразнага ўсведамлення ролі электрамагнітных хваляў у гэтых доследах)».
Апроч таго, зрабіў значныя адкрыцці ў галіне метэаралогіі (вымярэнне хуткасці руху аблокаў, вільготнасці глебы і інш.), за што ўзнагароджаны сярэбраным медалём Рускага геаграфічнага таварыства. Адкрыў у сваім маёнтку санаторый, распрацаваў метады лячэння нервовых захворванняў электрычным токам, метад электраграфіі для дыягностыкі захворванняў, выкарыстоўваў лячэнне кумысам, лячэнне святлом, гімнастыку, мясцовыя мінеральныя воды.