RU BE

Язэп Пушча

Язэп Пушча - беларускі паэт, публіцыст

7 мая 1902г - 14 верасня 1964г

Мінская вобласць, Мінскі раён, Каралішчавічы

Паэт, Публіцыст

Руск. Язэп Пуща

Беларускі паэт, крытык, перакладчык. Сапраўднае імя Іосіф Паўлавіч Плашчынскі.

Біяграфія

Старэйшы брат Ізідара Плашчынскага. У 1918 — жніўні 1921 вучыўся ў Мінскім рэальным вучылішчы. У 1921—1922 — слухач курсаў беларусазнаўства Наркамасветы БССР. У 1921-26 працаваў настаўнікам. У 1923 быў адным з заснавальнікаў літаратурнага аб’яднання «Маладняк», пазней — «Узвышша». У 1926 годзе працаваў у Інбелкульце. У 1925—1927 вучыўся на педагагічным факультэце БДУ. Увосень 1927 перавёўся ў Ленінградскі ўніверсітэт. На чацвёртым курсе пакінуў вучобу; вярнуўся ў Мінск, у 1929-30 працаваў стыльрэдактарам у Белдзяржвыдавецтве.

Арыштаваны ДПУ БССР 25.7.1930 па справе «Саюза вызвалення Беларусі» (Гл. таксама: рэпрэсіі ў БССР, 1929-1931). Быў жанаты, гадаваў дваіх дзяцей. Прыгавораны пазасудовым органам НКУС 10.4.1931 як «член контррэвалюцыйнай арганізацыі» і за «антысавецкую агітацыю» да 5 гадоў пазбаўлення волі. Тэрмін адбываў у Чэбаксарах, Шадрынску. Вызвалены 24.7.1935. Групавая справа Я. Пушчы і іншых № 20951-с захоў­ваецца ў архіве КДБ Беларусі.

У 1937—1941 жыў у Мурамскім раёне Уладзімірскай вобласці, настаўнічаў. У гады вайны на фронце. Пасля зноў у Мурамскім раёне. Рэабілітаваны судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР 30.1.1956. Вярнуўся з сям’ёй у Беларусь у 1958. Член Саюза пісьменнікаў БССР з 1958. Да апошніх дзён жыў у Мінску. Пахаваны ў Каралішчавічах.

Творчасць

Дэбютаваў апавяданнем у 1922 годзе пад псеўданімам Лясун. На працягу 1925—1930 выдаў некалькі паэтычных кніг. Вядомасць мелі яго «Лісты да сабакі». Паэзія Пушчы апявала новае савецкае жыццё, раскрывала радасны стан разняволенага працаўніка — часта праз ранішні, вясновы пейзаж. Ёй уласцівыя глыбокі лірызм, танальнасць светлай споведзі-разважання, выкарыстанне сродкаў народнай песні.

Да высылкі выйшлі зборнікі вершаў «Раніца рыкае» (1925), «Vita» (1926), «Дні вясны» (1927), «Песні на руінах» (1929), а таксама паэмы «Песня вайны» (1928) і «Цень Консула» (першапачатковая назва «Песня акупацыі»), прасякнутыя ўражаннямі аб Першай сусветнай вайне, а таксама паэма «Крывавы плакат» (1930). Была падрыхтавана да выдання кніга «Мой маніфест» (схаваная ў вуллі, а затым, пасля арышту брата, спаленая сястрой Лёдзяй). Быў падрыхтаваны да друку, але не выйшаў зборнік лірыкі «Грэшная кніга». У канцы 1920-х ускладніліся пошукі паэта, у некаторых яго творах прагучалі песімістычныя ноты.

Для твораў пасляваеннага часу характэрна ўзбагачэнне ўтрымання, пашырэнне паэтычнага далягляду.

Пасля прыезду ў Мінску ў друку з’яўляюцца вершаваная казка «На Бабрыцы» (1960), кніга «Вершы і паэмы» (1960) і зборнік «Пачатак легенды» (1963).

На беларускую мову пераклаў раман Фёдара Дастаеўскага «Бедныя людзі» (1930) і аповесць Аляксея Талстога «Дзяцінства Мікіты» (1960).

Асобныя творы Пушчы пакладзены на музыку.

Спампаваць кнігі

Бор шуміць
Спампаваць: epub
Вершы
Спампаваць: epub
Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter
© «Нашы людзі», 2021-2024
Паведаміць пра памылку
Паведамленне адпраўлена!
Адбылася памылка :(