RU BE

Стома Здзіслаў Францавіч

Стома Здзіслаў Францавіч - беларускі акцёр, дзіцячы пісьменнік

4 жніўня 1907г - 21 ліпеня 1992г

Мінская вобласць, Мінскі раён, Мінск

Акцёр, Дзіцячы пісьменнік

Руск. Стомма Здислав Францевич

Беларускі савецкі акцёр тэатра і кіно. Народны артыст СССР (1968).

Сям’я

Нарадзіўся ў сям’і Франца Стомы, сына Язэпа, і Юзафы з Круглікаў, дачкі Паўла. Бацькі Франца Стомы былі сялянамі на Віцебшчыне, дзед быў ляснічым у пана.

У Мінску Франц Стома ў дарэвалюцыйны час працаваў поварам у вядомым рэстаране «Акварыум» (цяпер на яго месцы Дом прафсаюзаў).

У сям’і Франца і Юзафы Стомаў, апрача Здзіслава, нарадзілася сямёра дзяцей, з іх двое (Чэслаў і Ганна) памерла ад шкарлятыны ў час Першай сусветнай вайны, калі бацька быў на фронце, іншыя — Віктар, Франц, Леанарда, Алена.

Прозвішча

Прозвішча «Стома» (Stoma), паводле думкі літоўскага даследчыка З. Зінкявічуса, выказанай у кнізе «Vilnijos lenkakalbių pavardės» (Прозвішчы польскамоўных жыхароў Віленскага краю, 2012), паходзіць ад літоўскага stuomuo «тулава чалавека; камель дрэва»). Блізу Нарачы ёсць вёска Стомы, паміж Шаркаўшчынай і Полацкам — вёска Стоміна, яшчэ адно Стоміна — каля Смаленска.

Біяграфія

Здзіслаў Стома навучаўся ў драматычнай студыі пры Дзяржаўным польскім тэатры Беларускай ССР у Мінску. З 1929 пачаў працаваць на сцэне таго ж тэатра. Пазней у Тэатры юнага гледача. Затым пераведзены ў Кіеўскі Польскі тэатр Украінскай ССР.

З 1940 года — у Першым Беларускім дзяржаўным тэатры (цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы). Падчас Другой сусветнай вайны быў у эвакуацыі.

У яго акцёрскім даробку — каля 500 роляў. Асаблівай вышыні дасягнуў у стварэнні нацыянальных беларускіх вобразаў, у раскрыцці шматстайных маляўнічых рыс беларускага нацыянальнага характару. Валодаў прыродным талентам.

З 1949 года здымаўся ў кіно.

Актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю. Абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 7-га склікання.

Памёр у Мінску, пахаваны на Усходніх могілках.

Асабістае жыццё

У 1945 годзе ажаніўся з Галінай, дачкой Вікенція, на момант шлюбу яна была на 19 гадоў маладзейшая за Здзіслава. Дзед беларускага музыканта і публіцыста Алеся Мікуса.

Выбраныя ролі ў тэатры

  • Быкоўскі («Паўлінка» Я. Купалы),
  • Лявон Чмых («Лявоніха на арбіце» А. Макаёнка),
  • Глушак Халімон («Людзі на балоце» І. Мележа),
  • Караўкін («Брама неўміручасці» К. Крапівы),
  • Белагубаў («Прыбытковае месца» А. Астроўскага),
  • Епіходаў («Вішнёвы сад» А. Чэхава),
  • Глап’е («Тысяча франкаў узнагароды» паводле В. Гюго).
Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter
© «Нашы людзі», 2021-2024
Паведаміць пра памылку
Паведамленне адпраўлена!
Адбылася памылка :(