RU BE

Жураўскі Аркадзь Іосіфавіч

Жураўскі Аркадзь Іосіфавіч - беларускі лінгвіст, славіст

5 жніўня 1924г - 9 студзеня 2009г

Віцебская вобласць, Талачынскі раён, Янава

Лінгвіст, Славіст

Руск. Журавский Аркадий Иосифович

Беларускі мовазнавец. Член-карэспандэнт АН БССР (1980). Доктар філалагічных навук (1968), прафесар (1970).

Біяграфія

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Скончыў Янаўскую пачатковую школу, у 1935—1938 г. вучыўся ў Няклюдаўскай няпоўнай сярэдняй школе, у 1938—1941 — у Талачынскай сярэдняй школе № 1. У час Вялікай Айчыннай вайны Аркадзь Жураўскі разам з чатырма братамі Іванам, Васілём, Мікалаем, Казімірам удзельнічаў у партызанскім руху ў атрадзе брыгады Мікалая Гудкова, прымаў удзел ва ўсіх важнейшых баявых аперацыях. Падзеі вайны А. I. Жураўскі апісаў у кнізе «За родныя хаты» (1974).

У верасні 1945 паступіў на філалагічны факультэт БДУ, які скончыў у 1950 г. і паводле рэкамендацыі вучонага савета быў залічаны ў аспірантуру Інстытута мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР. У 1953 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю, прысвечаную гісторыі форм загаднага ладу ў беларускай мове. Доктарская дысертацыя на тэму «Гісторыя беларускай літаратурнай мовы» абароненая ў 1968 г.

З 1953 г. працаваў у Інстытуце мовазнаўства ім. Я. Коласа АН БССР, займаў пасаду вучонага сакратара Інстытута мовазнаўства, загадчыка сектара тэрміналогіі, старшага навуковага супрацоўніка, а затым у 1960—1992 г. і загадчыка сектара (аддзела) гісторыі беларускай мовы, адначасова з 1974 г. — намеснік дырэктара, у 1983—1988 г. — дырэктар інстытута, у 1992—1996 г. — саветнік пры дырэкцыі інстытута, з 1997 г. — галоўны навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі беларускай мовы. У 1985—1990 г. — старшыня Беларускага камітэта славістаў.

Навуковая дзейнасць

Даследаваў гісторыю беларускай мовы і беларускага мовазнаўства. Першым у славянскім мовазнаўстве даказаў існаванне беларускага варыянту царкоўнаславянскай мовы ў старабеларускі перыяд, прааналізаваў мову дзеячаў беларускай культуры мінулага (Ф. Скарыны, С. Буднага, В. Цяпінскага і інш.). Вывучаў пытанні нармалізацыі сучаснай беларускай літаратурнай мовы.

Аўтар болей за 300 навуковых прац, у т.л. 15 манаграфій і слоўнікаў.

Узнагароды і прэміі

Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені (1985), медалём Францыска Скарыны, ганаровым званнем «Заслужаны дзеяч навукі БССР» (1978).

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (1994, у аўтарскім калектыве) — за цыкл прац «Скарына і беларуская культура».

Выбраная бібліяграфія

  • Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 1. — Мн., 1967.
  • Руска-беларускі слоўнік грамадска-палітычнай тэрміналогіі. — Мн., 1970 (у суаўт.).
  • Гістарычная лексікалогія беларускай мовы. Мн., 1970 (у суаўт.).
  • Гістарычная марфалогія беларускай мовы. Мн., 1979 (у суаўт.).
  • Мова выданняў Францыска Скарыны. Мн., 1990 (у суаўт.).
Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter
© «Нашы людзі», 2021-2024
Паведаміць пра памылку
Паведамленне адпраўлена!
Адбылася памылка :(