RU BE

Бабарэка Адам Антонавіч

Бабарэка Адам Антонавіч - беларускі драматург, літаратуразнавец, паэт, празаік

14 кастрычніка 1899г - 10 кастрычніка 1938г

Мінская вобласць, Капыльскі раён, Слабада-Кучынка

Драматург, Літаратуразнавец, Паэт, Празаік

Руск. Бабареко Адам Антонович

Беларускі літаратуразнавец, кpытык, празаік, паэт, філосаф.

Біяграфія

Вучыўся ў Слуцкай школе, скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1918), настаўнічаў на Случчыне. Падчас польскай ваеннай інтэрвенцыі ўдзельнічаў у камуністычным падполлі і партызанскім руху на Случчыне, быў арыштаваны польскімі ўладамі (1920). Пасля вызвалення зноў працаваў настаўнікам, быў членам рэўкома Пукаўскай воласці Ігуменскага павета і загадваў валасным аддзелам народнай асветы. Служыў у Чырвонай Арміі (1921—1922). У 1922—1927 вучыўся на этнолага-лінгвістычным аддзяленні БДУ і працаваў у рэдакцыі газеты «Савецкая Беларусь».

А. Бабарэка стаў адным з арганізатараў і кіраўнікоў літаратурных аб'яднанняў «Маладняк» (1923), і пазней «Узвышша» (1926). У 1926—1929 працаваў у Камуністычным універсітэце Беларусі выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры, а з 1928 — асістэнтам кафедры гісторыі беларускай літаратуры БДУ.

Супрацоўнік Інстытута беларускай культуры.

Быў жанаты, гадаваў дваіх дзяцей.

Арыштаваны ДПУ БССР 25 ліпеня 1930 у Мінску па справе «Саюза вызвалення Беларусі» (Гл. таксама: Рэпрэсіі ў БССР, 1929-1931). 10 кастрычніка 1931 прыгавораны калегіяй АДПУ як «член контррэвалюцыйнай арганізацыі» і за «антысавецкую агітацыю» да 5 гадоў ссылкі. Год прабыў у мінскай турме, ссылку адбываў у г. п. Слабадское Кіраўскай вобласці, з канца 1934 у Кіраве (Вятка), працаваў бухгалтарам. Тэрмін ссылкі быў падоўжаны на 2 гады ў адміністрацыйным парадку. Паўторна арыштаваны 24 ліпеня 1937 у рамках сфабрыкаванай маштабнай акцыі па рэпрэсаванні беларусаў, сасланых АДПУ у пачатку 1930-х. 15 лютага 1938 прыгавораны тройкай НКУС па Кіраўскай вобласці да 10 гадоў зняволення ў працоўна-папраўчых лагерах. Пакаранне адбываў у пасёлку Княж-Пагост Комі АССР у Паўночным чыгуначным лагеры НКУС, дзе памёр у лагернай бальніцы. Па першай справе рэабілітаваны судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўна­га суда БССР 15.11.1957, па другой — 4.7.1959 Кіраўскім абласным судом. Групавая справа А. Бабарэкі і іншых № 20951-с з фотаздымкам захоўваецца ў ар­хіве КДБ Беларусі.

Творчасць

Дэбютаваў у 1920 вершамі і апавяданнямі ў газеце «Савецкая Беларусь». У 1925 выдаў кнігу прозы «Апавяданні» (Мінск). Пасля яе выхаду пісаў пераважна літатурна-крытычныя артыкулы. Распрацоўваў метадалагічныя пытанні літаратуразнаўства і эстэтыкі, прынцыпы класавай, народнасці, сацыяльнай і эстэтычнай каштоўнасці літаратуры, даследаваў гісторыю беларускай літаратуры (артыкулы змяшчаліся ў часопісах «Маладняк», «Узвышша», «Чырвоны сейбіт», «Радавая рунь» і інш.). Шэраг прац прысвечаны творчасці Я. Коласа, М. Багдановіча, У. Дубоўкі, М. Чарота, З. Бядулі і іншых беларускіх пісьменнікаў.

Выбраная бібліяграфія

  • Збор твораў у двух тамах: Том 1. Літаратурна-крытычныя працы / Адам Бабарэка. — Вільня: Інстытут беларусістыкі; Беласток: Беларускае гістарычнае таварыства, 2011. — 939 с.
  • Збор твораў у двух тамах: Том 2. Проза, паэзія, філязофія, публіцыстыка, запісныя кніжкі, дзёньнікі, лісты / Адам Бабарэка. — Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2011. — 726 с.

Спампаваць кнігі

Як красназорцы зямлi сцуралiся
Спампаваць: fb2, txt
Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter
© «Нашы людзі», 2021-2024
Паведаміць пра памылку
Паведамленне адпраўлена!
Адбылася памылка :(