RU BE

Іпатава Вольга Міхайлаўна

Іпатава Вольга Міхайлаўна - беларускі пісьменнік, паэт

1 студзеня 1945г

Гродзенская вобласць, Карэліцкі раён, Мір

Пісьменнік, Паэт

Руск. Ипатова Ольга Михайловна

Беларуская пісьменніца, перакладчыца, грамадскі дзеяч.

Біяграфія

Нарадзілася ў гарадскім пасёлку Мір Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці ў сям’і служачых. Пасля смерці маці выхоўвалася ў дзіцячым доме (1956—1961). У 1961 годзе скончыла ў Гродне сярэднюю школу № 7 і паступіла на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1963 г. перавялася на завочнае аддзяленне (скончыла ў 1967).

Працавала настаўніцай у вёсцы Руба на Віцебшчыне, таваразнаўцам у Віцебскім абласным кнігагандлі (1964), інструктарам, загадчыкам сектара ў Гродзенскім гаркаме камсамола (1965—1968), рэдактарам на абласной студыі тэлебачання (1968—1970). У 1970—1973 гг. — літсупрацоўнік газеты «Літаратура і мастацтва», затым літкансультант газеты «Чырвоная змена». У 1975—1978 гг. — аспірантка Літаратурнага інстытута ў Маскве. У 1978—1979 зноў працавала літкансультантам у «Чырвонай змене». У 1985—1989 гг. — галоўны рэдактар літаратурна-драматычных перадач Беларускага тэлебачання. З 1989 года — загадчык аддзела, з 1990 года — намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Спадчына».

У 1991—1995 гг. Вольга Іпатава была галоўным рэдактарам газеты «Культура». З 1998 да 2001 года — намеснікам старшыні, а з 2001 да 2002 года — старшынёй Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Творчасць

Друкуецца з 1959 года. Аўтар зборнікаў вершаў «Раніца» (1969), «Ліпеньскія навальніцы» (1973), «Парасткі» (1976), «Крыло» (1976, на рускай мове), зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Вецер над стромай» (1977, расійскае выданне, Масква, 1980, адзначана на Усесаюзным конкурсе імя М.Горкага, 1981), «Дваццаць хвілін з Немезідай» (1981), «Перакат» (1984), «Агонь у жылах крэменю» (1989), «Чорная княгіня» (1989), «За морам Хвалынскім» (1989), кніжак для дзяцей «Снягурка» (1974), «Казка пра Паўліна» (1983). Напісала тэлеп’есу «Давыд Гарадзенскі» (пастаўлена ў 1988).

У 1996 годзе выдадзена кніга «Паміж Масквой і Варшавай», у 2002 годзе выйшла трылогія «Альгердава дзіда» («Залатая жрыца Ашвінаў», «Вяшчун Гедыміна», «Альгердава дзіда») і інш.

Творы Вольгі Іпатавай пераведзены на рускую, англійскую, нямецкую, узбекскую, балгарскую, польскую, славацкую, чэшскую мовы, а таксама на мову хіндзі.

Акрамя таго, Вольга Іпатава выступае ў друку з крытычнымі артыкуламі і публіцыстычнымі нататкамі, перакладае на беларускую мову творы рускіх, літоўскіх, украінскіх, узбекскіх, армянскіх пісьменнікаў, займаецца грамадскай дзейнасцю.

Узнагароды

Узнагароджана ордэнам «Знак Пашаны», медалямі Францыска Скарыны і 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, з’яўляецца лаурэатам прэміі імя Барыса Кіта (2003), «Залаты апостраф» (2006, за аповесць «Апошняя ахвяра свяшчэннага дуба»), прэміі імя Міколы Ганька (2009, за «вялікую асветніцкую працу і прапаганду духоўных дасягненняў беларускай эміграцыі ў Канадзе») і інш. З’яўляецца ганаровым акадэмікам Міжнароднай акадэміі навук «Еўразія».

Бібліяграфія

  • «Раніца». Зборнік вершаў. 1969 г.
  • «Ліпеньскія навальніцы». Зборнік вершаў. 1973 г.
  • «Снягурка». Кніга для дзяцей. 1974 г.
  • «Парасткі». Зборнік вершаў. 1976 г.
  • «Вецер над стромай». Зборнік аповесцей і апавяданняў. 1977 г.
  • «Дваццаць хвілін з Немезідай». Зборнік аповесцей і апавяданняў. 1981 г.
  • «Казка пра Паўліна». Кніга для дзяцей. 1983 г.
  • «Перакат». Зборнік аповесцей і апавяданняў. 1984 г.
  • «Давыд Гарадзенскі». Тэлеп'еса. Пастаўлена ў 1988 г.
  • «За морам Хвалынскім». Зборнік аповесцей і апавяданняў. 1989 г.

Спампаваць ці купіць кнігі

Выбраныя творы
За морем Хвалынским
Спампаваць: fb2
Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter
© «Нашы людзі», 2021-2024
Паведаміць пра памылку
Паведамленне адпраўлена!
Адбылася памылка :(